Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешнi цi вонкавы, знадворны, навакольны, замежны?


Юрась Бушлякоў, Менск

Сярод фактаў сучаснага беларускага маўленьня ёсьць словы зьнешнi, зьнешне й зьнешнасьць. Часам, аднак, акуратныя ў мове людзi зьвяртаюць увагу на нетрадыцыйнасьць гэтых словаў. У прыватнасьцi, Павел Сьцяцко ў кнiзе “Культура мовы” перасьцерагае ад ужываньня прыметнiка зьнешнi – на думку знанага мовазнаўца, гэта “штучнае слова”. Ёсьць падставы меркаваць, што прыметнiк зьнешнi – з словатворчае практыкi Вацлава Ластоўскага. Невядомае ў дыялектавай мове, слова зьнешнi зьяўляецца ў тэкстах 1920-ых гг., цi ня ў першую чаргу на бачынах рэдагаванага Ластоўскiм у Коўне месячнiка “Крывiч”. Першым беларускiм слоўнiкам, якi зафiксаваў прыметнiк зьнешнi, быў выдадзены ў Коўне ў 1924 годзе “Расiйска-крыўскi (беларускi) слоўнiк” Ластоўскага. Аўтар слова зьнешнi ў сваёй творчасьцi iшоў, вiдавочна, ад расiйскага прыметнiка внешний, можна сказаць, падпраўляў яго. Для нашае мовы прыслоўе зьне, зь якога магло б вынiкнуць слова зьнешнi, нехарактэрнае – адсюль i выснова пра штучнасьць лексычнае вынаходкi Ластоўскага (прафэсар Сьцяцко бачыць у форме зьнешнi зьмяшэньне беларускага слова знадворны й памянёнага расiйскага внешний). Да прыметнiка зьнешнi й вытворных ад яго словаў беларускiя лексыкографы доўгi час ставiлiся скептычна: не ўключалi ў нарматыўныя слоўнiкi. Цiкава, што слова зьнешнi няма нават у такiм перапоўненым выпадковымi, небеларускiмi моўнымi фактамi прадукце 1930-ых гг., як “Руска-беларускi слоўнiк” пад рэдакцыяй Андрэя Александровiча.

Цi можам абысьцiся сёньня без словаў зьнешнi, зьнешне й зьнешнасьць? Несумненна, можам. І ў вусным маўленьнi, i на пiсьме перавагу варта аддаваць традыцыйнай беларускай лексыцы – прыметнiкам вонкавы, знадворны, навакольны, замежны, прыслоўям вонкава, звонку, знадворку, а таксама назоўнiку выгляд. Усё, што месьцiцца, знаходзiцца звонку, знадворку, за межамi нечага, называем вонкавым або знадворным (напрыклад, вонкавая паверхня, знадворныя дзьверы). Выгляд некага або нечага таксама можа быць вонкавы або знадворны. У сваю чаргу прастора вакол нас – навакольная. Гаворым: навакольны сьвет, навакольнае асяродзьдзе. У значэньнi таго, што мае дачыненьне да стасункаў з замежжам, ужываем прыметнiк замежны: скажам, замежны гандаль, замежная палiтыка. Называючы нешта, зьвязанае з замежным гандлем, палiтыкаю, скарыстоўваем заканамерныя беларускiя формы – замежнагандлёвы й замежнапалiтычны (замест зьнешнегандлёвы й зьнешнепалiтычны): замежнагандлёвыя апэрацыi, замежнапалiтычны курс дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG