Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумнеў, сумнеўны, сумнеўна


Юрась Бушлякоў, Менск

Якую з формаў выбраць: сумнiў цi сумнеў i, адпаведна, сумнiўны цi сумнеўны? Выбiраем сумнеў i сумнеўны. Назоўнiк сумнеў – ад дзеяслова сумнявацца. За пару апошнiх дзесяцiгодзьдзяў уласнабеларускi сумнеў прыкметна пашырыўся ў лiтаратурнай мове. Цяпер сумнеў i стараславянская з паходжаньня форма сумненьне суiснуюць у нас як абсалютныя сынонiмы. Як вядома, галосны гук [iэ], якi ў даўнiх помнiках перадаваўся лiтараю яць (ѣ), у беларускай мове пераважна зьмянiўся на [э] – таму маем сумнеў (з гукам [э] на месцы яця), а не сумнiў.

Варыянт сумнiў у беларускiм маўленьнi зьявiўся, бясспрэчна, пад уплывам украiнскае формы сумнiв. Сумнiў з гукам [i] у другiм складзе ў нас цi мала крытыкавалi – даволi прыпомнiць, як лiнгвiст Янка Станкевiч называў ужываньне ў беларускай мове сумнiву “чыстым скандалам”. Ад заканамернае формы сумнеў ёсьць у мове прыметнiк сумнеўны й прыслоўе сумнеўна. Гэтым словам трэба аддаваць перавагу перад такiмi газэтнымi асваеньнямi з расiйскае мовы, як сумнiцельны й сумнiцельна. Форма сумненны ў значэньнi ‘таго, што выклiкае сумненьне’, у сучаснай мове амаль не ўжываецца. А вось несумненны й несумненна, пагадзецеся, – даволi рэгулярныя сёньня формы. Праўда, i iм пэўную канкурэнцыю ўжо складаюць вытворныя ад сумневунесумнеўны й несумнеўна. У прозе Васiля Быкава, прыкладам, чытаем: “Гэта быў несумнеўны й вялiкi посьпех”.

Такiм чынам, поруч з традыцыйнымi словамi сумненьне, несумненны й несумненна маем цэлую групу сынонiмаў уласнабеларускага паходжаньня: сумнеў, сумнеўны й сумнеўна, несумнеўны й несумнеўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG