Часта задаюць пытаньне, як правiльна скланяць па-беларуску iмя Зьмiцер: Зьмiцера цi Зьмiтрá? Галосны [э] у беларускай форме Зьмiцер – устаўны: ён разьвiўся ў канцавой групе зычных. Такое самае паходжаньне маюць гукi [э], [о] у цэлым шэрагу нашых словаў: напрыклад, вузел, вецер, журавель, карабель, бабёр, вiхор. Калi спалучэньне зычных апынаецца перад галосным, устаўны зьнiкае: вецер, але пры ветру, карабель – на караблi, бабёр – з бабром, рубель – з рублём. Значыць, i ў выпадку iмя Зьмiцер заканамерным пры скланеньнi будзе выпаданьне ўстаўнога гуку (адбываецца тут i зьмена нацiску): Зьмiцер – але не было Зьмiтрá, сустрэлiся зь Зьмiтром, селi пры Зьмiтрý. У беларускiх назовах гарадоў Полацак, Клецак, Слуцак i аналягiчных iм гук [а] у канцавым спалучэньнi – таксама ўстаўны. Зьмяняючы форму назову, мы трацiм устаўны гук – ён ужо непатрэбны, бо пасьля двух зычных зьяўляецца ў нас галосны: Полацак – але бачылiся ў Полацку, успамiны, зьвязаныя з Полацкам, i г.д.
І яшчэ пра адно слова – назоўнiк лацiнскага паходжаньня воцат. Сёньня ў асноўным скланяюць яго, захоўваючы галосны [а]: воцату, воцатам i г.д. Але хацеў бы прыпомнiць рэмарку з выпадку такога скланеньня, зробленую знаўцам жывой аўтэнтычнай беларускай мовы Максiмам Лужанiнам. “Цяпер… робiцца несусьвецiца, – лiчыў Лужанiн, – пiшуць воцату… замест воцту”. Пiсьменьнiк апэляваў, натуральна, да фактаў дыялектнае мовы, дзе воцат, як правiла, зьмяняўся з выпаданьнем галоснага [а]: воцту, воцтам. Варта запомнiць: пры традыцыйным беларускiм скланеньнi галосны [а] у слове воцат беглы – зьнiкае пры зьмене слова.
Пры канцы яшчэ раз паўторым формы: Зьмiцер – да Зьмiтрá, Полацак – у Полацку, воцат – купiлi воцту.