У нескладовае – такi назоў мае 22-ая лiтара беларускага альфабэту. Менавiта гэтай лiтары ў найблiжэйшую нядзелю ў Полацку будзе пастаўлены помнiк. Інiцыятары ўстанаўленьня помнiка гавораць пра ўнiкальнасьць лiтары. Але прагучэла днямi й абсалютна процiлеглае меркаваньне. Дырэктар Інстытуту мовазнаўства Акадэмii навук Аляксандар Падлужны ў iнтэрвiю агенцтву "Интерфакс" назваў ў (у нескладовае) лiшняй лiтараю ў беларускiм альфабэце. Такая ацэнка шмат каго шакавала. Цi ёсьць падставы сумнявацца ў мэтазгоднасьцi выкарыстаньня ў (у нескладовага)? Наколькi традыцыйная для беларускае мовы гэтая лiтара?
Несумненна, мы можам гаварыць пра традыцыю, прычым даволi працяглую. Больш як паўтара стагодзьдзя лiтара ў адэкватна перадае на пiсьме характэрны беларускi гук – цьвёрды шчылiнны губна-губны [ў], якi зьяўляецца пасьля галосных перад зычнымi, а таксама ў канцы слова. Правобраз лiтары, якая завецца ў нас у нескладовае, можна бачыць у элемэнце графiчнай сыстэмы лацiнскае мовы. У лацiнскiх словах графiчны знак ŭ скарыстоўвалi, каб паказаць, што галосны ў складзе кароткi – гэта дапамагала правiльна вызначыць месца нацiску ў слове. Як вядома, у ХІХ ст. у нас суiснавалi дзьве графiчныя сыстэмы – лацiнкавая й кiрылiчная: беларускiя тэксты запiсвалiся як лацiнiцаю, так i кiрылiцаю. Асобная лiтара з надрадковым значком на перадачу гуку [ў] зьявiлася найперш у тэкстах з лацiнскаю графiкаю. Шмат, аднак, залежала ад магчымасьцяў тагачасных друкарняў. У зборнiках Яна Чачота – гэта 40-ыя гады ХІХ ст. – у нескладовае выглядае або як u з нацiскам (ú), або як u зь дзвюма кропачкамi ўверсе (ü). Славуты верш Паўлюка Багрыма “Заграй, заграй, хлопча малы” ўпершыню быў апублiкаваны ў Лёндане ў 1854 годзе – лацiнкаю з u нескладовым (ŭ). Гук [ў] пераважна адлюстроўваўся й у творах Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча: цi пры дапамозе курсiўнага u, цi праз u з нацiскам (ú). Гiсторык лiтаратуры, фальклярыст Пётар Бяссонаў, запiсваючы кiрылiцаю ў 1860-ых беларускiя песьнi, скарыстоўваў на перадачу зычнага [ў] графiчны знак ў – тым самым фактычна працягваў на кiрылiчным грунце беларускую лацiнкавую традыцыю. Такiм чынам, пачынаючы зь першай паловы ХІХ ст. лiтара ў (у нескладовае) сыгналiзуе нам беларускую гукавую асаблiвасьць. Хiба ж можна традыцыйную лiтару бяз дай прычыны называць лiшняю?
І яшчэ адно ўдакладненьне. У сувязi з рыхтаваным у Полацку ўстанаўленьнем помнiка лiтары ў у друку зьяўлялася iнфармацыя пра тое, што беларускi альфабэт – адзiны ў сьвеце, у якiм ёсьць такi графiчны знак. Гэта ня так. Ёсьць шэраг моваў, альфабэты якiх маюць лiтару, абсалютна iдэнтычную той, што завецца ў нас у нескладовае. Трэба тут найперш назваць кiрылiцы трох цюрскiх моваў – узбэцкай, татарскай i каракалпацкай. Таксама гэтая лiтара ёсьць у азбуцы некалькiх фiна-вугорскiх моваў, напрыклад, марыйскай i хантыйскай. Яшчэ ў сярэдзiне ХІХ ст. у нескладовае было ўведзенае ў альфабэт адной з iранскiх моваў – асэтынскай – яна вядомая сваiмi старажытнымi кантактамi з славянскiмi й балцкiмi мовамi. Прыпомню тут i эспэранта – мiжнародную штучную мову, у абэцаду якой яе стваральнiк Людвiк Замэнгоф увёў лiтару ŭ – на абазначэньне адпаведнага паўгалоснага гуку.
Словам, лiтара ў i яе лацiнкавы адпаведнiк ŭ служылi й служаць ня толькi нам. Хацелася б, каб у нас пра гэта проста ведалi й, цэнячы адметны графiчны знак, усё ж ня думалi пра яго беларускую выключнасьць.