Нагодаю, каб прыпомнiць факты з гiсторыi мовы, а таксама закрануць праблемнае пытаньне пра мяккасьць гуку [л’] у пазычаньнях, стаў лiст нашага слухача зь Лiды Анатоля Куляша. Сп.Кулеш дае адказ на пытаньне пра лёс Беларускага гуманiтарнага лiцэю.
Ёсьць у гэтым адказе й трактоўкi шэрагу моўных фактаў. Анатоль Кулеш, у прыватнасьцi, пiша: “У 30-ыя гады былi ажыццёўлены дзве незалежныя адна ад другой рэформы беларускай мовы. Натхнiцелем адной з iх быў вядомы беларускi вучоны-фiлолаг Б. Тарашкевiч. Другая адбывалася пад наглядам i кiраўнiцтвам савецкай улады. Першая, “тарашкевiца”, практычна ўяўляе сабой паланi-заваны варыянт беларускай мовы. Другая – русiфiкаваная”.
Тут трэба зрабiць колькi паправак. Бранiслаў Тарашкевiч беларускай лiтаратурнай мовы не рэфармаваў, ён яе ўпарадкоўваў. Працэс актыўнай нармалiзацыi нашай лiтаратурнай мовы прыпаў на другую палову 1910-ых. Тарашкевiч удала сынтэзаваў асноўныя тэндэнцыi ў пiсьмовай мове, i, як вынiк, ягоны звод правiлаў стаўся абавязковым у беларускiм грамадзтве. А вось у 1933 г. сапраўды была рэформа – 26 жнiўня сёлета ёй спаўняецца 70 гадоў. І менавiта гэтая рэформа спарадзiла на дзесяцiгодзьдзi суiснаваньне варыянтаў лiтаратурнай мовы – найперш варыянтаў правапiсных. Той варыянт лiтаратурнай мовы, якi шлiфаваўся ў 1910-20-ыя гг., безумоўна, нельга назваць “паланiзаваным” – наадварот, адну з галоўных сваiх задач тагачасныя беларускiя моватворцы бачылi якраз у выдаленьнi з мовы збыткоўных элемэнтаў iншамоўнага паходжаньня, у тым лiку й польскага.
А зараз яшчэ адна цытата зь лiста нашага слухача зь Лiды. “Сёньня па радыё “Свабода”, – пiша Анатоль Кулеш, – толькi i чуецца “балятаванне”, “блякаванне” ды iншае “вяканне-ляканне”. Дыктары быццам спаборнiчаюць адзiн з другiм: хто больш “навякае ды налякае”, той i выйдзе пераможцам”. Несумненна, формы пазычаньняў зь мяккiм [л’] – адна з найбольш кiдкiх асаблiвасьцяў несавецкай або, iначай, дарэформавай беларускай моўнай традыцыi. Выбiраючы гэтую традыцыю, карыстальнiкi мовы сыстэмна ўжываюць сёньня мяккi [л’] перш за ўсё ў словах заходнеэўрапейскага паходжаньня. Важны аргумэнт тут – менавiта сыстэмнасьць. Скажам, ляўрэат, як лямпа й акуляры, лёзунг, як лёс i лёкай, флёра, як флёр i г. д. Пры ўсiм пры гэтым нiкуды не схавацца ад пытаньня: цi магчымае на масавым роўнi фактычна перазасваеньне вялiкай колькасьцi словаў, перазасваеньне зь мяккiм [л’]? Адказ на гэтае пытаньне можа даць толькi час. Шмат чаго залежыць тут ад моўнай палiтыкi ў краiне, ад характару разьвiцьця Беларусi й месца ў ёй беларускай мовы.