Сумневаў што да першых двух – аддаваць i даваць – няма: скiроўваючы на некага цi на нешта ўвагу, мы тым самым яе аддаем або проста даем. А вось для дзеяслова надаваць спалучэньне з увагаю нетрадыцыйнае. Надаюць, як правiла, форму, якасьць, уласьцiвасьць, характар. Прызнаючы важнасьць нечага, мы надаем яму значэньне(я). Якраз пад уплывам цi на ўзор выразу надаваць значэньне зьявiлася ў мове словазлучэньне надаваць увагу. Замену аднаго дзеяслова на другi можна тлумачыць iх вялiкай фармальнай блiзкасьцю. Часам словазлучэньнi, узьнiклыя ў вынiку, скажам так, скрыжаваньня двух самастойных злучэньняў, замацоўваюцца ў мове. Магчыма, такi лёс будзе й у выразу надаваць увагу. Пакуль, аднак, варта выбраць традыцыйнае: аддаваць або даваць увагу. І яшчэ, натуральна, – удзяляць увагу. На жаль, даволi часта, быццам з пурыстычных меркаваньняў, мы iгнаруем дзеяслоў удзяляць. Мала таго, што гэтае слова зусiм натуральнае ў беларускай мове, яно яшчэ мае вялiкi патэнцыял ужываньня, цяпер намi амаль не карыстаны. Удзялiць можам далёка ня толькi час цi ўвагу. Шырэйшае, першаснае значэньне слова ўдзялiць – ‘даць дзель, частку, долю ў нечым, нешта выдзелiць’. Можна, напрыклад, удзялiць некаму зямлю, памяшканьне або грошы. “Ён нiкому нiчога не ўдзялiў”, – гэты сказ я выпiсаў з слоўнiка Івана Насовiча. Нiчога не ўдзялiў – значыць, нiчога ня даў. Вось так – па-новаму для некаторых з нас – раскрываецца знаёмае слова ўдзяляць.
І пры канцы яшчэ раз успомнiм пра ўвагу. Гаворым па-беларуску: аддалi новаму матэрыялу шмат увагi, далi калегу трохi ўвагi, удзялiлi родным усю сваю ўвагу.