Увогуле, тэма дзеепрыметнiкаў у беларускай мове – надта балесная тэма. Часта тых дзеепрыметнiкавых формаў, якiя найболей нашай мове ўласьцiвыя, папросту баяцца; i наадварот, формы, жыўцом узятыя з расiйскага граматычнага стандарту, ужываюць без аглядкi. У “Жывой мове” мы ўжо разьбiралiся з калькамi накшталт ахоўваемых стаянак, будуемых аб’ектаў i мяркуемых сустрэч. Напомню, у такiх выпадках нам патрэбныя тыповыя беларускiя формы з суфiксам -н-: ахоўваны, будаваны, меркаваны. У беларускiх дзеепрыметнiкаў з суфiксамi -н- i -т- – вельмi вялiкiя магчымасьцi.
Возьмем дзьве памянёныя на пачатку “страхападобныя” формы – адбыўшыяся (выбары) i разьвiваючаяся (эканомiка). Вядома, можам абысьцiся апiсальнай формаю: выбары, што адбылiся; краiна, якая разьвiваецца, або краiна ў стадыi разьвiцьця. І ўсё ж лепей, каб адным словам – сьцiсла й ясна! Ад дзеяслова адбыцца беларуская мова мае дзеепрыметнiк адбыты. У Коласавай прозе чытаем пра “адбытую ў глухiм лесе драму”. Адзiн з позьнiх вершаў Максiма Лужанiна названы “Неадбытыя паховiны” – аўтар пiсаў пра пахаваньне, якога не адбылося. Форма адбыты ўжывалася ня толькi ў мастацкiх творах – раз-пораз зьяўлялася, скажам, на бачынах беларускай эмiграцыйнай прэсы. Як драма цi сустрэча могуць быць адбытыя або, наадварот, неадбытыя, так i выбары могуць быць прызнаныя за адбытыя або неадбытыя.
Сытуацыя з аднаслоўным адпаведнiкам на ўсё, што разьвiваецца, знаходзiцца ў стадыi разьвiцьця, не такая адназначная. Ёсьць прэцэдэнты ўжываньня ў названым значэньнi формы разьвiваны: напрыклад, разьвiваная краiна або разьвiваная эканомiка. Слова разьвiваны ўтворанае ад дзеяслова незакончанага трываньня разьвiваць i таму ўспрымаецца звычайна як дзеепрыметнiк залежнага стану. Кажучы: разьвiваная эканомiка, мы тым самым фактычна падкрэсьлiваем, што разьвiваецца яна не сама сабою, а ў вынiку нейкага ўзьдзеяньня. У значэньнi ‘той, што разьвiваецца’ поруч зь дзеепрыметнiкам разьвiваны можа замацавацца й прыметнiк разьвiцьцёвы. Прынамсi з такiм значэньнем слова разьвiцьцёвы выкарыстоўваюць перакладнiкi й рэдактары менскага выдавецтва “Тэхналёгiя”.
А зараз падагульнiм сказанае. Першае: у беларускай мове немагчымыя зваротныя дзеепрыметнiкi. Другое: на месцы iншамоўных зваротных дзеепрыметнiкаў ужываюцца або характэрныя для беларускай мовы дзеепрыметнiкi, або прыметнiкi, або значэньне перадаецца апiсальным спосабам. Скажам па-беларуску: выбары прызнаныя за адбытыя, палiтычны курс разьвiваных / разьвiцьцёвых краiн, дзяржавы з стабiльна разьвiванай эканомiкаю або з стабiльным разьвiцьцём эканомiкi.
І пры канцы – у зьвязку зь сёньняшняй тэмаю – хацеў бы зьвярнуць увагу спадарства на чарговую выдатную публiкацыю мовазнаўцы Алеся Каўруса. У лiпеньскiм нумары часопiсу “Полымя” Каўрус пiша пра ўжываньне дзеепрыметнiкаў у беларускай мове, падае шматлiкiя моўныя факты. Кожнаму, хто хоча спазнаць нашую мову, яе сродкi глыбей, я зь вялiкай прыемнасьцю рэкамэндую гэтую публiкацыю.