У самога Багдановiча ў першым друкаваным варыянце “Пагонi” было: бiйце. Эмiграцыйныя выдаўцы Багдановiчавых твораў дазволiлi сабе паасобныя моўныя падпраўкi – у iмя нормы: так i зьявiлася рэдакцыя “Пагонi” з формаю беце. Увогуле, у 10–20-ыя гады мiнулага стагодзьдзя, калi крышталiзавалiся нормы нашае лiтаратурнае мовы, нiхто ня ставiў пад сумнеў нарматыўнасьцi загадных формаў з канчаткам -еце (-эце): бярэце, нясеце, глядзеце, пiшэце. Было агульнае меркаваньне, што гэтым адмысловым беларускiм формам трэба адназначна аддаваць у лiтаратурнай мове перавагу. Савецкiя рэфарматары 1933-га меркавалi ўжо iначай – у якасьцi абавязковых былi ўведзеныя формы на -i-це (-ы-це): рабiце, нясiце. Гэта таксама формы беларускiя – толькi што менш адметныя, агульныя з расiйскiмi. Таму ў несавецкiм лiтаратурным ужытку на працягу паваенных дзесяцiгодзьдзяў формаў на -i-це (-ы-це) старалiся высьцерагацца, пераважна гаварылi й пiсалi: вазьмеце, жывеце, леце, пеце, скажэце.
Формы з канчаткам -еце (-эце) у паўднёва-заходнiм беларускiм дыялекце жывуць да сёньняшняга дня. Зважаючы на адметнасьць гэтых формаў, думаю, варта нам паспрабаваць аджывiць iх i ў лiтаратурнай мове, хаця б у якасьцi граматычных варыянтаў. Такiм чынам, ставячы дзеясловы ў загадным ладзе (2-ой асобе множнага лiку), можам скарыстаць форму на -еце (эце): зрабеце нам ласку; прынясеце, як вам няцяжка; вазьмеце – гэта ад сэрца; калi будзе час, напiшэце нам; будзьце ласкавыя, налеце кавы; запрасеце iх да сябе; раскажэце iм праўду.