Мы, як правiла, гаворым, што чаравiк нам цiсьне, прамоклае адзеньне гняце, кашаль душыць i туга душыць або гняце. Раз лiтаратурная мова фактычна абыходзiцца бяз слова давiць, адкуль жа ў ёй два дзеясловы, вытворныя ад давiць – падавiць i раздавiць? Несумненна, ужываньне падавiць i раздавiць у пераносных значэньнях спрычыненае фактамi расiйскае мовы. Не шукалi беларускiх адпаведнiкаў – пераносiлi словы. Адсюль: падавiць паўстаньне або падавiць агонь працiўнiка, нават падавiць нерашучасьць. Называлася газэта сьпярша па-расiйску: “Раздавим фашистскую гадину”. Пачалi выдаваць па-беларуску й загаловак перапiсалi: “Раздавiм фашысцкую гадзiну”. А калi ўсё ж не пераносiць i не перапiсваць, а скарыстаць традыцыйныя словы?
Не даючы разьвiцца, перашкаджаючы нейкаму працэсу, яго тым самым душаць, задушваюць. Значыць, бунт, паўстаньне можна задушыць або здушыць. Пазбаўляючы працiўнiка магчымасьцi страляць, мы змагаем агонь. Жаданьне або абурэньне – заглушаем, прыглушаем або стрымлiваем, гамуем (угамоўваем). У сваю чаргу гáдзiну – раздушваем або проста зьнiшчаем.
Замяняючы пазычаньнi, ня трэба баяцца пераносных значэньняў у самых звычайных, добра знаёмых словах. Паўторым сёньняшняе: цiснуць на тармазы, цiснуць сок, душыць або расьцiскаць ягады, душыць сьмех у сабе, душыць бунт, раздушыць гáдзiну, гнесьцi супернiка, прыгнесьцi душу, прыглушыць iнiцыятыву, стрымаць або ўгамаваць жаданьнi.