Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбiрае[с’:]я, праба[ц’:]е, на рэ[ц:]ы


Юрась Бушлякоў, Менск

Усiх вымаўленчых нюансаў за раз не ахопiш, таму пэрыядычна ў “Жывой мове” будзем зьвяртацца да пытаньняў беларускай артаэпii, або, iначай кажучы, лiтаратурнага вымаўленьня. Далей – крыху пра спалучэньнi шыпячага гуку зь сьвiсьцячым. Згодна з нормамi беларускай артаэпii, папярэднi шыпячы мае прыпадабняцца да наступнага сьвiсьцячага. Возьмем, напрыклад, дзеясловы ў форме другой асобы адзiночнага лiку. Ты зьбiраесься, пытаесься, рыхтуесься: у вымаўленьнi тут абавязкова павiнен быць падоўжаны мяккi [с’:]. Да 1990-ых такiя формы амаль выключна пiсалiся праз шс, не фанэтычна, ня так, як гучыць. Пiсаць зьбiраесься й пытаесься фанэтычна прапаноўваў яшчэ ў сярэдзiне 1920-ых Язэп Лёсiк – прапанова, аднак, не была прынятая. Зь лёгкай рукi Вiнцука Вячоркi згаданыя фанэтычныя напiсаньнi пашырылiся ў 1990-ых у бальшынi выданьняў, якiя прытрымлiваюцца несавецкага беларускага правапiсу. У кожным разе, як бы мы нi пiсалi, заўжды вымаўляем мяккi падоўжаны [с’:]: вучы[с’:]я, гадуе[с’:]я, клапоцi[с’:]я. Цяпер – яшчэ пра пару выпадкаў прыпадабненьня шыпячага гуку да сьвiсьцячага. Пiсьмовае спалучэньне чц, у якiм ц абазначае цьвёрды гук, вымаўляецца па-беларуску як падоў-жаны зацьвярдзелы [ц]: бавiлiся на рэ[ц:]ы, езьдзiлi там на лода[ц:]ы. Калi у спалучэньнi чц лiтара ц перадае мяккi [ц’], закон прыпадабненьня таксама мае сiлу – вымаўляем падоўжаны [ц’:]: вы нам праба[ц’:]е; забясьпе[ц’:]е ўсiм патрэбным; зазна[ц’:]е, што трэба прачытаць.

Паказанымi вышэй прыкладамi тэма прыпадабненьня шыпячага да сьвiсьцячага, вядома, не вычэрпваецца – пра iншыя выпадкi пагаворым праз тыдзень, у наступным “артаэпiчным” выпуску “Жывой мовы”. Завяршаючы на сёньня, акуратна паўторым: куды ты зьбiрае[с’:]я, як гадуе[с’:]я, пра каго клапоцi[с’:]я; перадаў да[ц:]э, ходзiць у саро[ц:]ы; праба[ц’:]е яму, вызна[ц’:]е, у чым ён памылiўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG