Субяседнiк або проста бяседнiк – гэта той, хто ўдзельнiчае ў бяседзе. Беларуская бяседа не вычэрпваецца гутаркаю, размоваю, на беларускай бяседзе гуляюць, бавяцца, на яе зьбiраюць стол, там заўжды ядуць i, як правiла, выпiваюць. Кожная бяседа поўнiцца размоваю, гутаркаю, тады як далёка ня кожная размова, гутарка перарастае ў бяседу. Вось таму й нельга называць субяседнiкам таго, з кiм толькi гутарым, гаворым, размаўляем. Патрэбнае тут iншае слова. У сёньняшняй мове ўжываюцца вытворныя словы ад назоўнiка размова: размоўца, суразмоўца, суразмоўнiк, суразмоўнiца. Мы гутарым, вядзем размову – значыць, мы размоўцы або – з падкрэсьленьнем сумеснасьцi, узаемнасьцi – суразмоўцы. Форма суразмоўца яўна цяпер пераважае, функцыянуе як назоўнiк агульнага роду: ён – суразмоўца i яна – суразмоўца. Жаночая форма суразмоўка пакуль не прынялася: вiдаць, замiнаюць асацыяцыi з малой размоваю. Разам з субяседнiкам на месцы суразмоўцы недарэчы выглядае ў мове яшчэ адно слова – перанесенае з расiйскай субяседаваньне. Акадэмiчныя слоўнiкi цалкам апраўдана рэкамэндуюць у гэтым выпадку звычайную гутарку. Некаторыя карыстальнiкi, праўда, iмкнуцца знайсьцi цi вынайсьцi “вузейшы” за гутарку беларускi адпаведнiк: сёньня ў значэньнi расiйскага собеседования ўжываюцца, апрача гутаркi, яшчэ прынамсi два беларускiя словы: сумоўе й суразмова.
Пра субяседнiка з суразмоўцам добра, вычарпальна напiсана ў кнiзе Паўла Сьцяцка “Культура мовы”. Усiм, хто хоча палепшыць сваю мову, я рэкамэндую гэты даведнiк. Завяршаючы, паўторым сёньняшняе: бяседнiкi, субяседнiкi гуляюць, ядуць, выпiваюць; размоўцы, суразмоўцы толькi размаўляюць, гутараць.