Гэтая дзейнасьць можа быць розная – як пазытыўная, так i адмоўная, але сам па сабе ангельскамоўны PR дзейнасьцi з добрага цi кепскага боку не характарызуе, проста называе яе. У нашую мову PR прыйшоў праз расiйскае пасярэднiцтва, цягнучы за сабою цэлае гняздо вытворных словаў i спэцыфiку расiйскага ўжываньня. Як вынiк, гаворачы па-беларуску, пра пiар (пiяр) сёньня часьцей успамiнаюць у нэгатыўным кантэксьце. Грубы, брутальны пiар (пiяр) называюць яшчэ чорным або нават крывавым. Той, хто займаецца пiарам (пiярам), праводзiць пiа(я)раўскiя акцыi, – пiа(я)ршчык або – з заканамернай заменаю суфiкса – пiа(я)рнiк. Функцыянуе й дзеяслоў пiа(я)рыць. “Так шчыра адпiярыць ня кожны здолее”, – пiша, маючы на думцы журналiстаў Беларускай тэлевiзii, рэдактар часопiсу “Абажур”.
У сёньняшняй моўнай практыцы пры беларускiм асваеньнi спалучэньне дзвюх ангельскiх лiтар P i R усё часьцей атрымлiвае гукавую ўстаўку – ёт ([j]) – з мэтаю пазьбегчы нехарактэрнага для мовы зеўраньня галосных iа. У тым разе, калi згаданыя тут словы трывала ўвойдуць у беларускi лексыкон, перавагу, праўдападобна, аддадуць формам больш поўнага асваеньня, зь лiтараю я на пiсьме: пiяр, дзейсны пiяр, чорны пiяр, пiяраўская акцыя, пiярыць, пiярнiк.