Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ЗЬВЯРНУЦЬ (ЗАБРАЦЬ) УВАГУ, ЗАЛУЧЫЦЬ IНВЭСТЫЦЫI, ДАЛУЧЫЦЬ ДА ГУЛЬНI, ПРЫВАБIЦЬ КЛIЕНТА


Юрась Бушлякоў, Менск

Фармальна ўсё ў такiх словазлучэньнях быццам правiльна: акадэмiчныя слоўнiкi санкцыянуюць ужываньне дзеяслова прыцягнуць у пераносных значэньнях. Сумневы, аднак, узьнiкаюць, калi падумаць пра стылiстыку фразы, узяць пад увагу нюансы значэньня слова, асацыяцыi, якiя гэтае слова выклiкае. У натуральным першасным ужываньнi прыцягнуць – значыць даставiць нешта цi некага, даставiць цягнучы, нярэдка цяжкае й зь цяжкасьцю. Калi скажам, што прыцягнулi кагось у госьцi, будзе ясна, што прыклалi намаганьнi, сiлу слова цi рук, а той, каго прыцягвалi, сам, можа, i не прыйшоў бы. Таму цалкам дарэчы ў нашай мове злучэньне прыцягваць да адказнасьцi – мы змушаем кагосьцi адказваць за свае ўчынкi, тым самым цягнем яго да адказнасьцi. Зусiм iначай, калi прапануем некаму забаву цi гульню: мы проста спрабуем заахвоцiць, выклiкаць цiкавасьць, i нiхто, ясна, не абавязаны прымаць нашай прапановы. У гэтым выпадку мы далучаем або залучаем, яшчэ схiляем. Шукаючы iнвэстыцыяў, мы, як правiла, толькi заахвочваем, запрашаем з карысьцю ўкласьцi некуды капiтал. Раз няма прымусу, то й тут можна аддаць перавагу дзеяслову залучаць. Калi нешта само сабою зацiкавiла нас, выклiкала нейкiя намеры й памкненьнi, можам сказаць, што яно забрала, зьвярнула на сябе нашую ўвагу: мы ня мусiлi гэтым цiкавiцца, але ж трапiла нешта на вочы, прынесла новыя ўражаньнi. І яшчэ адзiн выпадак недарэчнага прыцягненьня. Вырабляючы прадукцыю або прадаючы яе, не выпадае прыцягваць клiентаў, лепей пастарацца iх прывабiць.

Гаворачы па-беларуску, нам трэба не баяцца адступiцца ад штапмаў i памятаць пра рэзэрвы мовы. Скажам карэктна: бацькi далучылi дзяцей да гульнi, дзяржава залучыла iнвэстыцыi, карцiна забрала нашую ўвагу, фiрма прывабiла клiентаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG