Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: ПРЫМАЧ, ПРЫМАЛЬНІК, ПРЫЁМНІК


Юрась Бушлякоў, Менск

Знаўца словаўтварэньня прафэсар Сьцяцко мяркуе, што словы з каранёваю часткаю -ём- для нашае мовы нехарактэрныя. У 10 – 20-ыя гг. мiнулага стагодзьдзя ўпарадкавальнiкi беларускае лiтаратурнае мовы высьцерагалiся словаў з коранем -ём-: устанаўлялi за норму назоўнiкi наймо, наймы, найманьне, а не наём, уздым, падойм, уздойм, падняцьце або ўзьняцьце, а не пад’ём, урэшце пры(й)маньне, прыняцьце, а не прыём. Сьцяпан Некрашэвiч i Мiкола Байкоў фiксавалi ў найбольшым у 1920-ыя гг. беларускiм слоўнiку назоўнiкi прыймач i прыймальнiк – як адпаведнiкi расiйскай лексэме приёмник. Беларускi пры(й)мач аналягiчны будоваю такiм словам, як рухач, капач, сякач або, скажам, цягач. Аддзеяслоўныя назоўнiкi на -ач называюць прадметы, прызначаныя выконваць дзеяньне: сякач – сячы, цягач – цягнуць, а прымач – прымаць радыёсыгналы. Слова прымальнiк мае другi часты ў нашых словах суфiкс – -льнiк. Як будзiльнiк або лiчыльнiк. Калi прымач ужываецца пакуль у адным значэньнi, то прымальнiк – слова шматзначнае. Прымальнiк – ня толькi апарат слухаць радыё, гэта яшчэ й прыстасаваньне нешта зьбiраць (напрыклад, прымальнiк для вады), а таксама ўстанова, дзе людзей часова затрымлiваюць (хто ня ведае пра менскi прымальнiк-разьмеркавальнiк на Акрэсьцiна?).

Зрэшты, сёньня мы гаворым пра радыё. Пачынаем ранiцу. З прымача, з прымальнiка, як заўсёды, чуем знаёмыя галасы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG