Галоўная падзея мінулага тыдня – чарговае абвастрэньне “газавай” вайны паміж Беларусьсю і Расеяй. Супрацьстаяньне ўпершыню ў гісторыі двухбаковых стасункаў дайшло да поўнага адключэньня расейскай газавай трубы і абмену надзвычай недружалюбнымі заявамі паміж краінамі, якія дагэтуль лічацца адной саюзнай дзяржавай.
Пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў электроннай поштай Веніямін Смолік зь Менску:
“Спадзяюся, у “газавай” вайне з Расеяй вы, так званыя дэмакраты, нарэшце ўбачылі і зразумелі, хто зьяўляецца сапраўдным абаронцам беларускай незалежнасьці. Калі б Лукашэнка дбаў толькі пра сваю кішэню, як пра тое хлусіць апазыцыя, ён бы даўно прадаў і “Белтрансгаз”, і заводы, і трубы. Але расейскія алігархі гэтага ад яго не дачакаліся. І не дачакаюцца. Бо ён, сапраўды, адстойвае свой народ і яго незалежнасьць. І зрабіў ён дзеля гэтага значна больш, чым усе вашыя дэмакраты.
Расейскім імпэрыялістам ня ўдасца задушыць Беларусь, пакуль ёю кіруе Лукашэнка. Таму яны і распачалі цяпер такія разьюшаныя атакі на законнага беларускага прэзыдэнта. І беларускі народ цалкам падтрымае яго, калі ён цяпер запатрабуе ад расейцаў, каб тыя цалкам аплочвалі ўвесь транзіт, вайсковыя базы і ўсе іншыя паслугі, якімі бясплатна карысталася Расея ўвесь гэты час”.
Прынцыповым у беларуска-расейскім газавым канфлікце ёсьць пытаньне пра тое, чаму гэты канфлікт стаў магчымы? Хто вінаваты ў тым, што зь незалежнай дзяржавай расейскі манапаліст адважыўся размаўляць на мове шантажу і ўльтыматумаў? Чаму падобнае немагчыма ў стасунках Расеі, напрыклад, зь Літвой, Польшчай, ці нават з Украінай?
Калі сумленна і поўна адказаць на гэтыя пытаньні, спадар Смолік, то выявіцца, што Аляксандар Лукашэнка абараняе цяпер Беларусь ад сваіх уласных ідэй, ад наступстваў уласнай дзесяцігадовай палітыкі, якая была накіравана на абмежаваньне незалежнасьці Беларусі.
Калі б дзесяць год таму беларускі кіраўнік не распачаў бясплённую кампанію аднаўленьня саюза і не сапсаваў адносінаў з заходнімі краінамі – сёньняшняя сытуацыя была б немагчымая.
Зрэшты, ёсьць і іншы погляд на прычыны цяперашняга беларуска-расейскага крызісу.Вось які ліст даслаў на Свабоду наш даўні слухач Алесь Станкевіч з Горадні:
“Вельмі мала Беларуская Свабода распавядае пра ролю расейскай “пятай калоны” ў Беларусі,– дакарае нас Алесь Станкевіч.—Сам Лукашэнка нядаўна казаў, што каля 30-ці адсоткаў усіх кіраўнікоў у Беларусі – рускія. Вядома ж, яны, як і ўсе астатнія рускія, на 95 адсоткаў – за поўнае аб’яднаньне Беларусі з Расеяй – любой цаной. Вы ж бачыце, як яны кідаюцца на Лукашэнку, патрабуючы хутчэй перадаць усе самыя смачныя кавалкі пірага беларускай эканомікі – “Белтрансгаз”, нафтаперапрацоўчыя заводы ды іншае. У іх грошай хапае. А як скупяць – дык беларусы будуць у іх рабамі. А яны ўвядуць сюды войскі для абароны купленых заводаў і камунікацыяў. І тады ўжо ніхто ня рыпнецца. Усё будзе, як у былым “вялікім і магутным” Савецкім Саюзе. Ён, праўда, урэшце лопнуў за некалькі месяцаў, але ж да таго трымаўся больш як 70 год.
...А Пуцін недалёка адышоў ад тых, хто марыць пра аднаўленьне былой імпэрыі. Гэта ён аднавіў сталінскі гімн былога Савецкага Саюза, зноў хоча захапіць Закаўказьзе, Малдову, Беларусь. Ня грэбуе і кагэбісцкімі мэтадамі, акружыў сябе былымі чэкістамі, утварыў новыя генэрал-губэрнатарствы (фэдэральныя акругі). Кантактаваў з тыранамі – Мілошавічам, сынком Кім Ір Сэна ды іншымі. Трэба больш расказваць аб гэтым беларускаму народу”.
Нешта ня дужа заўважна, спадар Станкевіч, каб хтосьці зь беларускіх кіраўнікоў (няхай сабе і расейскага паходжаньня), як Вы пішаце, “кідаўся” на Аляксандра Лукашэнку з патрабаваньнем аддаць Расеі “Белтрансгаз”, нафтаперапрацоўчыя заводы ці любую іншую ўласнасьць. Уся беларуская намэнклятура, незалежна ад нацыянальнага паходжаньня, можа адстойваць толькі адзін пункт гледжаньня на стасункі з Расеяй – той, які супадае з пунктам гледжаньня Лукашэнкі. У іншым выпадку кіраўнік імгненна страціць сваю пасаду.
Што да Расеі, то ў яе ўласныя эканамічныя ды палітычныя інтарэсы, якія далёка не заўсёды супадаюць з інтарэсамі Беларусі. Ці трэба зьдзіўляцца, што прэзыдэнт Пуцін дбае найперш пра бюджэт уласнай дзяржавы і яе міжнародны ўплыў і не зацікаўлены ў тым, каб Расея і надалей фінансавала беларусаў з уласнай кішэні.
У аглядзе пошты 11-га лютага я цытаваў ліст Валерыя Грыцука зь Менску на тэму здарэньня ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, пра якое мы месяц таму падрабязна распавядалі. Нагадаю: рабочы мясцовага сьпіртзаводу Ўладзімер Карпека, даведзены да адчаю шматмесячнай нявыплатай заробку, прыйшоў у кабінэт дырэктара Тамаза Гаргадзэ, абліў сябе і яго бэнзінам ды падпаліў. Валерыя Грыцука ўразіла тое, што астатнія рабочыя гэтага заводу не пратэставалі, хоць таксама цярпелі ад нявыплаты заробку. Гэта слухач назваў “страхам быдла”.
У сваім камэнтары я зьвярнуў увагу на тое, што ў невялікім мястэчку мясцовы сьпіртзавод – ледзь не адзінае месца, дзе можна знайсьці працу. І якое выйсьце ў чалавека, які страціць працоўнае месца на гэтым заводзе? Чым ён заўтра будзе карміць дзяцей?
У сваім новым электронным лісьце Валеры Грыцук піша:
”Дзякуй за камэнтар майго ліста, але думаю, што Вы ня маеце рацыі. Я ў ’91-м годзе 20 жніўня хадзіў па Менску з плакатам ”Мы – быдла!” Мяне не пабілі і нават НЕ абураліся, акрамя аднаго п’янага. Таму – народ згодзен, што ён быдла,– абы было што паесьці і які-небудзь хлеў. Прашу Вас, спадар Жданко – не залагоджвайце людзей. Бо дадатковае заспакаеньне – гэта на шкоду Беларусі. Я меў рацыю: 2003 год быў вырашальным для дзяржавы Беларусь увогуле. Але зараз 2004-ы – вырашальны для шляху Беларусі. Дарэчы, для народа толькі адна небясьпека – страціць работу афіцыйную. Але цэлы год у Бабры людзі не атрымлівалі зарплату – і не паўміралі! Сёньня маўклівасьць – гэта таксама злачынства”.
Я ўжо адказваў Вам, спадар Грыцук: тое, што вы зьняважліва называеце “страхам быдла”, я лічу зусім зразумелай і апраўданай рэакцыяй людзей на тыя абставіны, у якіх яны апынуліся. Ня думаю, што грамадзяне ў іншых эўрапейскіх краінах (калі б яны былі пастаўлены ў падобныя ўмовы) рэагавалі б прынцыпова інакш. Масавыя пратэсты ў аўтарытарнай дзяржаве – зьява ўвогуле рэдкая. Ці часта пратэставалі людзі, напрыклад, у краінах так званага “сацыялістычнага лягера” альбо ў Савецкім Саюзе?
Палітычныя актывісты, якія разьлічваюць на прыход да ўлады, на маю думку, ня могуць і не павінны патрабаваць ад людзей у гэтых умовах нейкай надзвычайнай грамадзкай актыўнасьці. І тым больш не павінны, не дачакаўшыся гэтай актыўнасьці, называць народ быдлам. Абвінавачаньні ў гэтым выпадку трэба адрасаваць найперш самім сабе, свайму палітычнаму прадбачаньню ды арганізатарскім здольнасьцям.
Ліст ад Васіля Гвары зь Лельчыцаў Гомельскай вобласьці:
“Да вас я зьвярнуўся таму, што за адзінаццаць год барацьбы з уладай за аднаўленьне сваіх парушаных правоў і свабодаў я прайшоў, здаецца, усе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія толькі ведаў. Вось і нядаўна паўторна зьвярнуўся ў Бюро дэмакратызацыі і правоў чалавека АБСЭ, у Зімовую школу правоў чалавека...Пра аналагічныя беларускія арганізацыі (Гельсынскі камітэт, арганізацыю Яўгена Новікава) і казаць няма чаго. Асабіста для мяне яны зьяўляюцца звычайнымі праваабарончымі статыстамі – і толькі. Ды і ўвогуле – з кожным годам я ўсё больш сумняюся, ці ёсьць наагул у сьвеце сапраўдная праваабарончая арганізацыя, якая б сумленна і дэталёва занялася маімі справамі. Мне здаецца, што такія арганізацыі ёсьць толькі на паперы ды на вуснах эўрапалітыкаў”.
Сутнасьць сваіх непаразуменьняў зь мясцовым начальствам Васіль Гвара зь Лельчыцаў у лісьце на “Свабоду” апісвае наступным чынам:
“Пачынаючы з 6-га сакавіка ’93-га года, я не жыву, а існую. Пасьля першага, а потым і другога незаконнага звальненьня мяне цяперашняя ўлада неаднаразова карала – адной крымінальнай справай, трыма грамадзянскімі. Было штук дзесяць адміністратыўных разглядаў. Палохалі і турмой, і “псыхушкай”... Было каля ста судоў, у якіх я абараняў свае правы спажыўца. Сам Лукашэнка абяцаў нам, былым воінам-“афганцам”, палепшаную сацыяльную абарону, але ў сапраўднасьці асабіста я адчуваю толькі “палепшаныя” сацыяльныя зьдзекі зь мяне.
Подпіс: Васіль Гвара, ветэран вайны ў Афганістане. Лельчыцы Гомельскай вобласьці”.
Цяжка, спадар Гвара, сказаць нешта пэўнае наконт вашай заблытанай справы, ня ведаючы яе сутнасьці і падрабязнасьцяў вашага шматгадовага змаганьня. Заўважу толькі: той факт, што Вы напісалі столькі зваротаў у міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, і ніводзін адказ вас не задаволіў – выклікае пытаньні. Магчыма, Вы ня ведаеце: праваабарончыя арганізацыі ня могуць і не павінны замяняць сабой судовую сыстэму: на тое ў іх няма ні паўнамоцтваў, ні сродкаў. І тым больш няма ў іх магчымасьці аднаўляць вашыя парушаныя правы спажыўца. Сто судоў, празь якія Вы прайшлі, адстойваючы свае спажывецкія правы, сьведчаць пра Вашую надзвычайную зацікаўленасьць менавіта гэтай праблемай. А праваабарончыя арганізацыі займаюцца пераважна палітычнымі, грамадзянскімі правамі людзей. Магчыма, Вам варта падтрымліваць больш цесныя кантакты з Таварыствам спажыўцоў, якое многім дапамагае ў такіх сітуацыях.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.