Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Былыя паплечнікі аказаліся здраднікамі”


Валянцін Жданко, Менск

У большасьці лістоў, дасланых на Свабоду за апошнія дні, у той ці іншай ступені закранаецца тэма нядаўніх гучных адставак і арыштаў былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіны Жураўковай і былога старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова.

“Я ў захапленьні ад дзеяньняў Аляксандра Лукашэнкі, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Вольга Доўгая зь Менску. — Для яго няма недатыкальных, любы міністар ці дырэктар заводу ў любы момант могуць апынуцца на турэмных нарах. Не яго віна, што былыя паплечнікі аказаліся здраднікамі. Беларускія начальнікі бяруць прыклад са сваіх расейскіх калегаў: там казнакрады адчуваюць сябе як рыба ў вадзе. У любога міністра — маёнтак як мінімум за мільён даляраў, раскошныя кватэры, аўтамабілі. Беларускія начальнікі глядзяць на усё гэта і вучацца ў расейскіх братоў. Але ў Расеі няма Лукашэнкі, які б не пабаяўся пасадзіць міністра. А ў Беларусі — ёсьць. І гэта толькі на карысьць народу. Чыноўнікі, пабачыўшы, які лёс напаткаў Жураўкову і Рыбакова, сто раз падумаюць, перш чым залезьці ў народную кішэню. А былі б вашыя дэмакраты пры ўладзе, патанула б краіна ў карупцыі”.

Высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, сапраўды, не адчуваюць сябе ў бясьпецы. Як гэта ўплывае на эфэктыўнасьць іхнай працы? Ці сапраўды засьцерагае ад карупцыі? Наўрад ці. Згадайма: былая старшыня Нацбанку Тамара Віньнікава апынулася за турэмнымі кратамі сем гадоў таму. І колькі яшчэ міністраў ды іншых буйных начальнікаў за гэтыя гады паўтарылі яе лёс... Чужы сумны досьвед вучыць нямногіх.

Што да Расеі, то перадвыбарную эфэктнасьць гучных арыштаў за гэты час ацанілі й там. Праўда, у Расеі ўлада скіравала асноўны ўдар на алігархаў — Беразоўскага, Гусінскага, Хадаркоўскага. У Беларусі з прэтэндэнтамі ў алігархі ўлада расквіталася яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Што да дэмакратаў пры ўладзе, то ня ведаю, спадарыня Доўгая, на якой падставе вы робіце такія катэгарычныя высновы. У Беларусі дэмакраты ўлады ня мелі. У заходніх краінах праблема карупцыі існуе, але там ёсьць і дзейсная сыстэма барацьбы зь ёй. І галоўныя элемэнты гэтай сыстэмы — грамадзкі кантроль і абмежаваная кампэтэнцыя чыноўнікаў.


Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці ў сваім новым лісьце на Свабоду разважае пра тое, ці эфэктыўна ўлада змагаецца з хабарнікамі. Слухач піша:

“Хабарніцтва ў Беларусі паўсюль, ва ўсіх сфэрах, пачынаючы з найвышэйшых эшалёнаў улады: і ў адукацыі, і ў мэдыцыне, і ва ўсіх астатніх. І я не заўважаю, каб у нас з гэтым змагаліся. Судзяць і саджаюць не хабарнікаў, а тых, хто ня ўгодны цяперашняй уладзе. Згадайце, як асудзілі Бандажэўскага, Чыгіра, Клімава, Кудзінава і многіх іншых. Судзяць найперш тых, хто адкрыта кажа праўду. А незалежных судзьдзяў няма: усе яны цалкам залежныя ад Лукашэнкі й выконваюць усе яго загады”.

Думаю, спадар Аўцюкевіч, з вашымі высновамі многія не пагодзяцца — асабліва пасьля нядаўніх адставак ды арыштаў Галіны Жураўковай ды Ягора Рыбакова. Гэтыя асобы, як вядома, доўгі час не без падставаў лічыліся апірышчам прэзыдэнта. Лічыць іх нейкімі таемнымі дысыдэнтамі ніяк не выпадае. Можна назваць і шмат іншых вядомых прозьвішчаў, якія за апошнія гады фігуравалі ў гучных антыкарупцыйных справах — былы дырэктар МТЗ Лявонаў, былы кіраўнік чыгункі Рахманько, былы дырэктар заводу лядоўняў Калугін. Іншая справа, што ўсё гэта не зьнішчае глебы карупцыі. А глебай гэтай ёсьць мала чым абмежаваная ўлада чыноўнікаў.

Ліст ад Тацяны Барэль з Асіповічаў — пра тое, якім стала Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне за той час, што ім кіраваў Ягор Рыбакоў. Слухачка піша:

“Рыбакоў вызначыўся тым, што правёў татальную русіфікацыю Першага нацыянальнага тэлеканалу. Нам, беларусам, быццам глуханямым, пакінулі толькі субтытры на роднай мове. Наша суполка ТБМ, якую я ўзначальваю, у свой час зьвярталася да Рыбакова з гэтымі пытаньнямі. Адказ мы атрымалі за подпісам генэральнага прадусара Максімкава. Ён спасылаўся на вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў, паводле якіх за русіфікацыю каналу нібыта выказаліся 25% гледачоў, а за беларусізацыю — 20%. Нават калі абапірацца на гэтыя зьвесткі, дык на тэлеканале павінен быць моўны парытэт. А што насамрэч? За ўвесь тыдзень — 2–3 беларускамоўныя перадачы ў нядзелю з паўторам у панядзелак. Гэта “Падарожжа дылетанта”, “Кліп-абойма”, калі-нікалі “Адкрыты архіў”. Усё астатняе вяшчаньне — выключна па-расейску.

Паводле апытаньня, павінны быць спэцыялізаваныя беларускамоўныя перадачы для дзяцей. А ў іх нават “Калыханку” забралі. Ці можна разьвіваць інтэлект “Кліп-абоймай” ці паўгадзінным “Падарожжам дылетанта?” — пытаецца ў сваім лісьце Тацяна Барэль з Асіповічаў. І сама ж адказвае: “Можа, спадары з тэлеканалу мяркуюць па сабе. А можа, хочацца, каб глуханямыя беларусы назаўсёды забыліся пра Скарыну і Багдановіча, Купалу і Коласа, Караткевіча і Быкава, Геніюш і Арсеньневу, каб ніколі ня ведалі сучасных культурных набыткаў? Каб, страціўшы мову, назаўсёды страцілі сувязь паміж часам і пакаленьнямі? Няўжо настаў той страшны крытычны час, калі пара, як казаў прафэсар Лыч, ствараць нам у Беларусі беларускую аўтаномію, каб захаваць там свае традыцыі, мову і культуру?”

Магчыма, гэта супадзеньне, але самае жорсткае і радыкальнае выцясьненьне беларускай мовы з эфіру Першага нацыянальнага тэлеканалу адбывалася ў тыя дні і тыдні, калі цяпер ужо былы кіраўнік кампаніі Ягор Рыбакоў адчуў пільную цікавасьць да сваёй пэрсоны з боку сьледчых органаў. Фінал вядомы: Рыбакоў чакае суду ў сьледчым ізалятары, абвінавачаны ў крадзяжах, хабарніцтве і злоўжываньні службовым становішчам. Ці не была кампанія выцясьненьня беларускай мовы з эфіру спробай экс-старшыні адцягнуць увагу ад сваіх цьмяных фінансавых справаў, выклікаўшы пратэсты з боку дэмакратычнай апазыцыі? Якім бы ні быў адказ на гэтае пытаньне, юнаму магілёўскаму вылучэнцу пазьбегнуць адказнасьці не ўдалося.

Наш слухач са Злучаных Штатаў Іван Суботка даслаў электронны ліст, у якім таксама адгукнуўся на нядаўнія скандальныя адстаўкі высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Ён піша:

“Аляксандар Лукашэнка робіць ператрус сваіх паплечнікаў — як гэта ён зрабіў на мінулым тыдні ў адносінах да спадарыні Жураўковай. Але ў той жа час функцыі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта застаюцца цалкам нязьменныя, яно павінна напампоўваць ягоны бюджэт далярамі. Дзеля выкананьня гэтай мэты выкарыстоўваюцца законныя і не зусім законныя віды бізнэсу. Вось прыйдзе на зьмену Жураўковай нехта іншы — глядзіш, і ягоны лёс будзе такі ж самы. Можа, спадару Лукашэнку варта было б узяць прыклад з эканамічай мадэлі разьвітых краінаў (такіх, як ЗША) — даць людзям вольна і плённа працаваць ва умовах прыватнага бізнэсу. Тады дзяржава будзе мець важкі плён з гэтага — калі бізнэсоўцы, ня страціўшы уласных бізнэсаў, будуць плаціць падаткі, а дзяржава — карміць пэнсіянэраў.

Калі гэтага ўроку беларускі прэзыдэнт ня ўспрыме, тады эканамічнае становішча ў Беларусі будзе ўсе болей і болей складаным. Беларуская эканоміка не пратрымаецца доўгі час ва умовах той сыстэмы гаспадараньня, якая пануе цяпер — гэта відавочна”.

Сьцьвярджэньне наконт нежыцьцяздольнасьці цяперашняй эканамічнай мадэлі ды хуткага краху, на маю думку, спрэчнае, спадар Суботка. Падобных змрочных апакаліптычных прагнозаў было багата ў сярэдзіне 1990-х гадоў, і нельга сказаць, што яны спраўдзіліся. А іхныя аўтары зь ліку вядомых беларускіх апазыцыянэраў з таго часу сталі больш асьцярожныя ў выказваньнях, і пра магчымасьць хуткага краху стараюцца болей не гаварыць.

Думаю, справа тут у тым, што многія пры ацэнцы рэальнай сытуацыі ў Беларусі зыходзяць з прынятых на Захадзе крытэраў. Ня лічыцца магчымым, напрыклад, такое становішча, пры якім завод можа працаваць, на працягу году не выплачваючы заробкаў. Але ва ўмовах Беларусі гэта рэальна, як рэальныя сотні калгасаў, дзе зарплата складае 20–30 тысяч рублёў за месяц.

Наш пастаянны слухач, удзельнік вайны Віктар Скараход зь Менску ўсьлед за многімі іншымі аўтарамі лістоў адклікнуўся на здарэньне ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, пра якое мы месяц таму падрабязна распавядалі. Нагадаю: рабочы мясцовага сьпіртзаводу Ўладзімер Карпека, даведзены да адчаю шматмесячнай нявыплатай заробку, прыйшоў у кабінэт дырэктара Тамаза Гаргадзэ, абліў сябе і яго бэнзынам ды падпаліў. Віктар Скараход з гэтай нагоды піша:

“Погляд вачэй зьнявечанага Ўладзімера Карпекі выклікаў у мяне гнеў і абурэньне. Сваёй некампэтэнтнасьцю таталітарная ўлада давяла гаспадарку краіны да поўнага заняпаду, а працоўных — да галечы. На добры лад, дык папрасіць бы ўладзе ў беларусаў прабачэньня за дзесяцігадовы зьдзек ды пайсьці ў адстаўку. Дык не — дай ёй яшчэ адзін тэрмін, дабіваць, дык ужо так, каб на ногі ня ўстала. Гэта ж трэба давесьці чалавека да такой безвыходнасьці, каб ён адважыўся на самае страшнае — самагубства. Адметна, што віну за гэта ўлада спрабуе ўскласьці на самога рабочага — маўляў, хацеў падняць руку на дырэктара. Відавочна, што з сумленьнем у гэтых людзей ня ўсё ладна”.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ала Шылава зь Менску і Алесь Станкевіч з Горадні. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG