Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы апанаваныя страхам”


Валянцін Жданко, Менск

Лісты, якія я выбраў з пошты апошніх тыдняў для сёньняшняй размовы, аб’яднаныя імкненьнем іх аўтараў разабрацца ў тым, чаму беларусы жывуць менавіта так, а не інакш, зь якой прычыны не пераймаюць прыкладу сваіх блізкіх суседзяў, чаму шмат гавораць пра неабходнасьць зьменаў і адначасова самі не гатовыя прыкласьці дзеля гэтага намаганьні.

Пачну зь ліста нашага даўняга слухача Валерыя Грыцука зь Менску, які адклікнуўся на здарэньне ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, пра якое мы месяц таму падрабязна распавядалі. Нагадаю: рабочы мясцовага сьпіртзаводу Ўладзімер Карпека, даведзены да адчаю шматмесячнай нявыплатай заробку, прыйшоў у кабінэт дырэктара Тамаза Гаргадзэ, абліў сябе і яго бэнзынам ды падпаліў. Валеры Грыцук у сваім электронным лісьце з гэтай нагоды піша:

“Паважаная рэдакцыя, чаму вы пакінулі “за кадрам” галоўную праблему беларусаў — страх быдла? Праява гэтага страху — тое, што ў сытуацыі на Бобрскім сьпіртавым заводзе толькі адзін са ста пратэставаў. Але астатнія дзевяноста дзевяць не адмовіліся ад гэткім чынам “выбітай”, а па сутнасьці “выпаленай” зарплаты! Вось дзе мараль !!!”

У невялікім мястэчку Бобр, спадар Грыцук, мясцовы сьпіртзавод — ледзь не адзінае месца, дзе можна знайсьці працу. Якое выйсьце ў чалавека, які страціць працоўнае месца на гэтым заводзе? Чым ён заўтра будзе карміць дзяцей? Тое, што вы зьняважліва называеце “страхам быдла” — зусім зразумелая і апраўданая рэакцыя людзей на тыя абставіны, у якіх яны апынуліся. На маю думку, немагчыма патрабаваць ад людзей праяваў масавага пратэсту ў падобных умовах.

Андрэй Табаленка зь Менску таксама даслаў свой ліст электроннай поштай. Пра сябе слухач паведамляе, што яму 32 гады і што ў 1999 годзе ён скончыў полiтэхнiчную акадэмiю. У сваім допісе Андрэй спрабуе адказаць на пытаньне: “Чаму нават людзям, якія любяць працаваць, ва ўмовах сёньняшняй Беларусі забясьпечыць сабе добрае жыцьцё вельмi цяжка?” Слухач адказвае на гэтае пытаньне наступным чынам:

“Ня ўсе разумеюць, што багацьце залежыць ня толькi ад працы, але i ад сыстэмы кiравання. Каб працаваць эфэктыўна, у кiраўнiцтве трэба мець iнтэлектуальна здольных асобаў. А ў нашай краiне гэты крытэр далёка не на першым месцы. Улада кажа нам: Беларусь ня мае сваей нафты, таму вельмi цяжка. Але, напрыклад, Японiя таксама ня мае энэргарэсурсаў, але амаль кожны беларус ведае японскiя брэнды: Сонi, Панасонiк, Мiцубiсi, Мазда. А вось іншы прыклад — Ірак, у якога шмат нафты, але ж пад кiраўнiцтвам дыктатара Садама Хусэйна людзi там жылi вельмi бедна. Затое ўлада для яго была сэнсам жыцьця.

У Беларусі на працягу апошнiх дзесяці гадоў галоўным лёзунгам на выбарах было аб’яднаньне з Расеяй. Расея вельмi ахвотна iшла насустрач Лукашэнку, даючы танныя энэрганосьбiты. Расейцы разумелi, што пры такiм рэжыме, як у Беларусі, значнага руху ў эканомiцы не адбудзецца. А танныя энэрганосьбiты — гэта як допiнг, ад якога спачатку крыху лягчэй, а потым безь яго нельга абысьцiся. Так яно i здарылася. Цяпер гульня скончылася, таннага газу больш даваць ня хочуць. Кажуць: грошай ня маеце — бярыце ў нас жа крэдыт. За якi ў будучынi, на мой погляд, прыйдзецца разьлiчвацца ўласнай незалежнасьцю. А Лукашэнку цяпер i дзецца няма куды — трэба браць, каб працягнуць сваю ўладу на кароткi час, а ў беларусаў скрасьці будучыню.

На мой погляд, Беларусь мае шмат здольных, таленавiтых людзей, а гэткае багацьце — даражэйшае за нафту. Трэба толькі спачатку зрабiць нармальныя ўмовы для iх працы, i мы пачнем жыць лепей. А тады, як i ўсе астатнiя краiны, зможам набываць энэрганосьбiты па ўсясьветных коштах. А дзеля гэтага найперш трэба пераходзiць да дэмакратычнага ладу. І гэты час настае, бо потым ўжо можа быць позна”.

Зусім слушныя развагі, спадар Табаленка. Не пагаджуся хіба толькі з вашымі здагадкамі наконт магчымага расейскага крэдыту для набыцьця расейскага ж газу. Гатовасьць даць такі крэдыт наўрад ці ёсьць часткай нейкага хітрага імпэрскага пляну. Гэта, хутчэй, спроба крыху зьмякчыць надзвычай жорсткі ўдар для Беларусі, якая ўсё яшчэ лічыцца саюзьніцай Масквы. Буйныя крэдыты бяруць дзясяткі краінаў. Самыя бедныя дзяржавы сьвету часам толькі коштам крэдытаў і выжываюць. І вельмі рэдка разьлічваюцца за гэта ўласнай незалежнасьцю. А найчасьцей увогуле нічым не разьлічваюцца — чакаюць, пакуль даўгі ім даруюць. І, як правіла, дамагаюцца свайго, даўгі гэтыя ўрэшце сьпісваюць, ня маючы ніякай магчымасьці іх спагнаць.

Алесь Марціновіч з Баранавічаў у сваім новым лісьце на Свабоду згадвае, як на пачатку 1990-х гадоў дэмакратычная апазыцыя, якая вяла тады зацятую барацьбу ў Вярхоўным Савеце з вэтэранамі і намэнклятурай, мела вялікі спадзеў на тое, што праз дзесяцігодзьдзе, калі вэтэранаў амаль не застанецца, маладыя выбарцы прагаласуюць за дэмакратыю. Слухач, разважаючы над тымі спадзяваньнямі, піша:

“Сёньня вэтэранаў ужо фактычна няма, але на іхнае месца стала вялізная маса людзей, якіх я назваў бы “брэжнеўскімі халяўшчыкамі” 1970-х гадоў. Гэта тыя, каму ў 1972–84-м гадах было ад 25 да 40 год. Яны працавалі абы з рук, пілі таннае віно, цягнулі ўсё што толькі маглі са сваёй працы... Гэта людзі брэжнеўскай эпохі, якая здавалася вечна стабільнай. І гэты электарат у Беларусі не такі ўжо маленькі.

Бяда маладой часткі беларускага насельніцтва ў тым, што яна не магла атрымаць у спадчыну ад старэйшых антыімпэрскага свабадалюбства, энэргіі празаходняга энтузіязму. Таму і складана будзе дэмакратам працаваць перад выбарамі нават з маладой часткай электарату. У Беларусі сёньня надышоў другі пасьля вялікага брэжнеўскага “ледніковы пэрыяд”, я б яго назваў “малым ледніковым пэрыядам” эпохі Лукашэнкі. Людзі больш-менш уладкаваліся ў жыцьці і ня хочуць прыкладаць вялікіх намаганьняў дзеля таго, каб дамагчыся зьменаў. Вось калі б гэта зрабіў за іх нехта іншы — можа, Пазьняк з групай натаўскага “спэцназу”.

Ня думаю, спадар Марціновіч, што варта гэткім чынам абагульняць тыповыя рысы пакаленьня 1970–80-х гадоў і казаць пра іхныя палітычныя схільнасьці. Так, тая сыстэма не заахвочвала прыватнай ініцыятывы, разбэшчвала людзей “ураўнілаўкай”, не давала магчымасьці выявіць сваіх здольнасьцяў. Але выйсьце з гэтай сытуацыі людзі знаходзілі рознае. І далёка ня ўсе бачылі ўратаваньне ў так званым “чарніле”. Людзі менавіта таго пакаленьня віталі перабудову, выходзілі на антыкамуністычныя мітынгі, дамагаліся праўды пра Курапаты.

Тыя, каму ў 1970-я было трыццаць гадоў, сёньня выходзяць на пэнсію. Натуральна, яны спадзяюцца на спакойную і стабільную старасьць. Своечасова выплачаная пэнсія для іх — адзін з галоўных прыярытэтаў, якім яны вымяраюць вартасьці ўлады. Так было дзесяць гадоў таму, так ёсьць сёньня, і так, хутчэй за ўсё, будзе і заўтра. І наўрад ці варта асуджаць за гэта людзей сталага веку.

Наш даўні слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну свой ліст напісаў пасьля нядаўняга трагічнага выпадку ў Краснапольлі, дзе ў мясцовай школе пад абломкамі даху загінулі некалькі вучняў і настаўнік. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Гэта не сакрэт: школа ў Краснапольлі, як і будынкі ў многіх іншых мясьцінах, пабудаваныя, так бы мовіць, “на пяску”. Ведаю з расповедаў сваіх знаёмых пра адзін такі дом у Івацэвічах. Пабудавалі яго — і толькі потым убачылі, што пліты перакрыцьцяў ледзь трымаюцца, усяго паўсантымэтра запасу. Пабачыўшы гэта, рабочыя тэрмінова паставілі яшчэ адну падпорную сьценку на паўцэглы. Але ці выратуе гэта? Пытаньне ў тым, хто гэтыя дамы будуе. Вы ж паглядзіце: на будоўлі часта ніякага кантролю. І асабліва калі майстар любіць выпіць. Дык будаўнікі гэтым момантам карыстаюцца — і працуюць абы з рук, і матэрыялы ідуць “налева”. А потым апраўдваюцца: маўляў, мы не вінаватыя. А хто ж тады вінаваты?”

За камуністамі, калі на якасьць будаўніцтва таксама было нямала нараканьняў, звычайна спасылаліся на тое, што ў будаўнічых арганізацыях не хапае кадраў. Маўляў, у будаўнікі ніхто ня рвецца, заробкі там незайздросныя, таму даводзіцца трымаць і п’яніцаў і “несуноў”. Але ж сёньня ў Беларусі праца на будоўлі — адна з самых высокааплатных, а на біржах працы — вялізныя чэргі беспрацоўных. Тым часам на будпляцоўках мала што зьмянілася. Магчыма, прычына ў тым, што захаваліся тыя ж дзяржаўныя будаўнічыя арганізацыі з тымі ж ня надта высокімі патрабаваньнямі да якасьці і адказнасьці.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аксана Бажко з Асіповічаў, Ільля Копыл, Павал Кунцаўскі і Ўладыслаў Банько зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG