Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабода ды дэмакратыя нас не накормяць”


Валянцін Жданко, Менск

Нават сёньня, праз 12 год пасьля распаду Савецкага Саюзу, значную частку нашай пошты складаюць лісты слухачоў, якія апанаваныя вялікай настальгіяй па колішніх савецкіх рэаліях. Яны спрабуюць асэнсаваць тое, што адбылося ў 1991 годзе, знайсьці вінаватых у краху імпэрыі, выкрыць чыесьці карысьлівыя інтарэсы. Тыповы ліст на гэтую тэму даслала нам нядаўна Галіна Вахт з эстонскага мястэчка Торва. Слухачка піша:

“Ці не пара, паважаная Свабода, сказаць народам праўду? У тым, што адбылося з Савецкім Саюзам, не вінаватыя ні Шэварднадзэ, ні Краўчук, ні Лукашэнка. Вінаватая ваша дэмакратыя. Падманулі народ свабодай, а самі яе захапілі. Хто захапіў? Тыя, хто мацнейшы і багацейшы. Яны ўзялі сабе права ні за што не адказваць, усіх бамбіць, каб стаць яшчэ багацейшымі за кошт народу. Сьвет крычаў: “Ня трэба вайны!” Але ў Буша была мэта — адпомсьціць за бацьку. Вядома, Буш узрадаваўся, калі распаўся Савецкі Саюз. Ён усіх вабіць сваім багацьцем. А потым выкідае, як кінуў Шэварднадзэ, які стаў непатрэбным. Свабода ды дэмакратыя нас не накормяць, бо яе захапілі багатыя. Яны падмануць усіх, каб толькі кіраваць сьветам”.

У дэмакратычнага ладу, спадарыня Вахт, сапраўды, нямала заганаў, і называць яго дасканалым не выпадае. Але, заўважце, у тых краінах, дзе склаўся ўстойлівы дэмакратычны парадак, дзе пануюць прынцыпы роўнасьці ўсіх перад законам, дзе нормай сталі справядлівыя выбары і цывілізаваная зьмена ўлады, дзе ў грамадзянаў аднолькавыя магчымасьці і правы — нельга ўявіць зьяваў, што былі ўласьцівыя міламу вашаму сэрцу Савецкаму Саюзу, які вы лічыце ўзорам сацыяльнай роўнасьці і міжнацыянальнай цярпімасьці.

Вы кажаце пра сацыяльную роўнасьць — а я нагадаю вам пра мільёны сасланых і зьнішчаных працавітых сялян, уся віна якіх у тым, што яны не былі лайдакамі і мелі ўласную моцную гаспадарку. Вы настальгічна згадваеце пра савецкую дружбу народаў, але як гэтую ідылію спалучыць зь лёсам цэлых нацыяў — крымскіх татараў, чачэнцаў, паволскіх немцаў, якія паводле загаду камуністычных правадыроў бязьвінна былі пазбаўленыя сваёй радзімы і маёмасьці й сасланыя ў аддаленыя куткі імпэрыі?

На заможныя дэмакратычныя краіны сёньня многія пазіраюць зь нянавісьцю і зайздрасьцю, бо самы просты спосаб апраўдаць уласныя памылкі, уласнае няўменьне гаспадарыць і ўласную беднасьць — патлумачыць усё падкопамі заможнага і пасьпяховага суседа, які не падобны на цябе, у якога іншыя падыходы да працы і жыцьцёвыя прынцыпы. Але дэмакратыя навучылася абараняцца, хоць за гэта ёй дорага даводзіцца плаціць.

Ліст ад Віктара Бута зь Менску. Слухач піша:

“Ад злачынстваў улады цярпелі ўсе пакаленьні нашага роду. Падчас бальшавіцкай харчразьвёрсткі прадзеда застрэліў камісар за тое, што не хацеў аддаць свайго дабра. Дзеда-каваля пратрымалі дзесяць год у лягеры пад Варкутой — за тое, што не падкаваў па-за чаргі каня аднаму энкавэдысту. Бацька ўсё жыцьцё пражыў у страху, ратуючыся алькаголем. У мяне адабралі здароўе ў 1986 годзе, у 30-кілямэтровай чарнобыльскай зоне. А потым адабралі і добрую працу ў тралейбусным дэпо — як я лічу, беспадстаўна. Але ж у нашыя суды небясьпечна зьвяртацца па абарону. Там цябе і прынізяць, і зьняважаць, ды яшчэ ж цябе і вінаватым зробяць.

Выжыць у нашай чыноўніцка-крымінальнай дзяржаве зусім ня проста. Для большасьці ты слабая нікчэмнасьць, якую імкнуцца выкарыстаць для ўласнага абагачэньня. Найбольш пацярпелых, бедных, няшчасных ды хворых у нас імкнуцца не абараніць, а яшчэ больш прынізіць ды зьняважыць”, — лічыць Віктар Бута зь Менску, які назваў сябе ў лісьце “шараговым народным палітыкам”.

У дадатак да сказанага ў вашым, спадар Бута, лісьце, зьвярну ўвагу на тое, што менавіта інтарэсы сацыяльнай роўнасьці і справядлівасьці, абароны простага чалавека цяперашняя ўлада называе галоўнымі ў сваёй дзейнасьці. Але чым больш чыноўніцкіх пасадаў дзеля гэтых мэтаў ствараецца, чым пад большы кантроль бярэ дзяржава ўсе сфэры эканомікі і грамадзкага жыцьця — тым з большымі складанасьцямі сутыкаецца той самы шараговы грамадзянін, у імя якога ўсё гэта нібыта і робіцца.

Ліст ад нашага даўняга слухача і аўтара Віктара Скарахода зь Менску. Слухач піша:

“Днямі пачуў з вуснаў Аляксандра Рыгоравіча, што ён мае цьвёрды намер распачаць новую кампанію мілітарызацыі Беларусі. Вядома ж, трэба распачынаць нешта новае, бо дзесяць гадоў ужо патрацілі на інтэграцыю ды рынкавы сацыялізм. Дабіліся і вынікаў: палова прадпрыемстваў у горадзе, як прызнае сам Лукашэнка, на лапатках, а ў вёсцы калгасы ня могуць заплаціць гаспадарам за здадзенае дзяржаве малако. Калі ў свой час Вярхоўны Савет вызначыў, што Беларусь павінна быць бязьядзернай і нэўтральнай дзяржавай — народ гэта шырока падтрымаў.

Праўда, Аляксандар Рыгоравіч неўзабаве стаў шкадаваць, што ядзерныя ракеты збылі ў Расею, не пакінуўшы ніводнай сабе дзеля застрашэньня “акулаў імпэрыялізму”. Цяпер я не знаходжу адказу на пытаньне: што Беларусь выйграе, калі стане да зубоў узброенай, і што прайграе, калі стане нэўтральнай. Адказ я бачу ў лёсе СССР: зброі там было нароблена безьліч, а простага чалавека не пускалі за кардон, каб не пабачыў тамтэйшага капіталістычнага “прыгнёту”.

І пра задуму Лукашэнкі зь мілітарызацыяй думаю тое ж, што і пра ягоную інтэграцыю: змарнуем, загубім дадзены гісторыяй час, патрацім грамадзкі інтэлект і матэрыяльныя рэсурсы, а акулаў-прыватнікаў у ваеннай моцы ўсё адно не дагонім. Ды і ня трэба нам за імі гнацца. Нам бы мірна араць ды сеяць, вырабляць даільныя апараты ды інвалідныя каляскі, танныя лекі. Зрэдку пасьміхацца ў вус і гаварыць суседу: “Ну, паспрабуй дагнаць...” Вось што значыць, калі розумам жыць”.

Што можна дадаць да гэтых развагаў мудрага чалавека? Былыя савецкія грамадзяне на ўласным досьведзе змаглі пераканацца: вялізныя арсэналы — зусім не гарантыя таго, што людзі ў дзяржаве, якая валодае калясальнай ваеннай сілай, жывуць заможна і вольна. Уся эканоміка СССР была арыентаваная на ваенна-прамысловы комплекс. Савецкіх ракет, атамных падводных лодак ды танкавых дывізіяў апасаліся ва ўсім сьвеце. А людзям, чыімі рукамі ўсё гэта выраблялася, даводзілася з дня ў дзень гадамі стаяць у прыніжальных чэргах па самае неабходнае — мяса, масла, адзеньне, абутак.

Ліст ад Мікалая Слуцкага зь Менску. Слухач, зьвяртаючыся да мяне, піша:

“Я ня раз пісаў, што вельмі высока цаню вашы, спадар Жданко, камэнтары. Аднак апошнім часам вы сталі дапускаць відавочныя памылкі — напрыклад, сказалі, што ў Палаце прадстаўнікоў нібыта няма фракцыі, апазыцыйнай Лукашэнку. Разумны чалавек, вядома, можа сам разабрацца ў прычынах сваіх памылак. Мне вельмі хацелася б, каб вы прааналізавалі гэта. Разумныя людзі часам дапускаюць памылкі, калі пад уплывам эмоцыяў сьцьвярджаюць супрацьлеглае розуму, асабліва адчуваючы перавагу над іншымі. Кант раіў “сумнявацца, думаць, дзейнічаць”. Выбачайце, што раблю вам заўвагу. Увогуле, памыляюцца ўсе — як, напрыклад, разумнікі з Саюзу правых сілаў на выбарах у Расеі”.

Цалкам магчыма, спадар Слуцкі, што я не зусім дакладна выказаўся, кажучы пра палітычныя настроі ў Палаце прадстаўнікоў. Натуральна, дзейнасьць дэпутацкай групы “Рэспубліка” — істотны фактар, якога нельга ня ўлічваць. Ня думаю, аднак, што гэта не дазваляе называць Палату прадстаўнікоў у ейным цяперашнім выглядзе цалкам падкантрольнай Аляксандру Лукашэнку. Варта мець на ўвазе, група “Рэспубліка” — гэта ўсяго шэсьць дэпутатаў. Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў нават дэпутацкай групай іх прызнаваць ня хоча пасьля таго, як заявы на выхад зь яе падалі чатыры чалавекі.

Вядома, вельмі істотна, што гэтыя некалькі асобаў маюць парлямэнцкую трыбуну, каб выказаць свой пункт гледжаньня. Аднак любое рашэньне Палата прадстаўнікоў здольная прыняць, не зважаючы на меркаваньне гэтай групы.

На заканчэньне кароткі ліст ад Леаніда Галавача з Бешанковіцкага раёну. Слухач піша:

“Пасьля Новага году надумаў адведаць сваякоў у Смаленску, але даехаў толькі да расейскай мяжы. За страхоўку расейцы патрабуюць сорак даляраў — гэта мой месячны заробак на заводзе. Такім рашэньнем нашы так званыя “саюзьнічкі” ня тое што аднавілі памежныя слупы, якія некалі выкопваў Лукашэнка з Чарнамырдзіным. Яны пабудавалі новую бэрлінскую сьцяну. Плюнуў я на гэтую мяжу, разьвярнуўся ды паехаў дамоў”.

Што ж, вельмі адметная ілюстрацыя да ўсяго дзесяцігадовага так званага “саюзнага будаўніцтва”. Насамрэч пасьля выкопваньня ў 1995 годзе памежных слупоў беларуска-расейская мяжа ня толькі ня зьнікла — яна з кожным годам станавілася ўсё больш сур’ёзнай і непераадольнай. Складаецца яна не са слупоў і шлягбаўмаў, а з розных эканамічных інтарэсаў ды супярэчнасьцяў у такой далікатнай сфэры, як палітычныя амбіцыі лідэраў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксей Зарэмба з Асіповічаў і Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG