Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калгасы развальваюцца, а каўбаса з крамаў не зьнікае. Чаму?”


Валянцін Жданко, Менск

Што адбываецца зь беларускай вёскай? Якая будучыня чакае яе? Ці зьявіцца на месцы занядбаных калгасаў, якія імкліва развальваюцца, сапраўдны гаспадар, здольны адрадзіць вёску, даць людзям працу і надзею? Слухачы Свабоды, якія задумваюцца над гэтымі пытаньнямі і спрабуюць асэнсаваць сёньняшнія беларускія рэаліі, нярэдка прыходзяць да супярэчлівых высноваў. Вось якімі думкамі на гэты конт падзяліўся ў сваім лісьце на Свабоду Багдан Мяцёлка зь Пінскага раёну. Ён піша:

“Не магу зразумець, чаму так адбываецца. За камуністамі ў калгасы ўкладваліся вялізныя грошы. Пагалоўе кароў, цялят, сьвіней у Беларусі вымяралася мільёнамі. Засявалі кожны лапік зямлі, будавалі новыя вялізныя комплексы... А ў прадуктовых крамах тады ў дастатку было хіба толькі лівэрнай каўбасы, зэльцу ды гавяджых капытоў. Па добрую каўбасу — чэргі, пра вяндліну ці выразку і гаварыць не выпадае. Праўда, малочных прадуктаў хапала: і сьмятаны, і масла было ў дастатку. У Савецкім Саюзе гэта лічылася надзвычай высокім узроўнем дабрабыту.

А што адбываецца цяпер? Жывёлагадоўчыя комплексы паўсюль разваліліся ці развальваюцца. Калгасы ў заняпадзе. Па будынках колішніх фэрмаў сьвішча вецер. Палі зарастаюць... А пойдзеш у краму, вочы разьбягаюцца: выбірай што заўгодна. Адкуль усё гэтае багацьце і дастатак? І чаму гэта немагчыма было ў Савецкім Саюзе?”.

Многае, спадар Мяцёлка, тлумачыцца тым, што ўнутраны харчовы рынак у СССР быў, па сутнасьці, ізаляваны. Меркавалася, што краіна сама павінна цалкам забясьпечваць сябе харчаваньнем. Пры гэтым цэны на харчаваньне жорстка рэгуляваліся дзяржавай і былі, як правіла, ніжэй за сабекошт тых жа хлеба, мяса і малака. Беларусь у той час вырабляла вялізную колькасьць харчаваньня, атрымліваючы дзеля гэтага немалыя рэсурсы з саюзнага бюджэту. Але большасьць усяго вырашчанага накіроўвалася ў Расею.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу сытуацыя карэнным чынам зьмянілася. Па-першае, Расея шырока адкрыла свой рынак для таннага імпартнага харчаваньня. Па-другое, цэны стаў дыктаваць рынак, а не Дзяржплан. Беларусь са сваім зусім ня танным і ня надта якасным харчаваньнем па сутнасьці страціла расейскі рынак. У выніку патрэба ў гіганцкіх комплексах адпала. А для ўнутраных патрэбаў зусім дастаткова і тых фэрмаў, што засталіся. Тым больш, што цэны на харчаваньне ў Беларусі ў шэрагу выпадкаў ужо вышэйшыя, чым у суседніх краінах. І беларускі рынак з прычыны адкрытай мытнай мяжы з Расеяй запоўнены таннымі расейскімі таварам.

Віталь Пачобут зь Менску ўстрывожаны дэмаграфічнымі праблемамі Беларусі. У сваім лісьце ён піша:

“Насельніцтва Беларусі катастрафічна скарачаецца, нас ужо значна менш за 10 мільёнаў, хоць яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў было дзесяць з паловай мільёна. Улады заахвочваюць іміграцыю зь іншых краінаў СНД, але гэты шлях, на маю думку, няправільны. Едуць да нас у асноўным некваліфікаваныя, малаадукаваныя людзі з адсталых рэгіёнаў — Сярэдняй Азіі, Казахстану, Паўночнага Каўказу. Яны больш нідзе ня могуць уладкавацца і гатовыя на жабрацкія заробкі ў беларускіх калгасах.

А выйсьце ў тым, каб падняць нараджальнасьць у самой Беларусі. Як гэта зрабіць? Успомніце, якой высокай была нараджальнасьць у Савецкім Саюзе. У СССР існаваў падатак на маласямейных грамадзянаў. І быў ён даволі высокі, адчувальны для тых сем’яў, якія ня мелі дзяцей. Магчыма, варта пайсьці гэтым шляхам і цяпер. Бо інакш празь некалькі дзесяцігодзьдзяў беларуская нацыя проста вымрэ”.

У Беларусі, спадар Пачобут, і так вельмі высокія падаткі. Няцяжка здагадацца, як бы адрэагавалі людзі на ўвядзеньне яшчэ аднаго падатку, прытым такога сумнеўнага як так званы “маласямейны”. У апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу ў краіне разгарнулася цэлая кампанія за адмену гэтага падатку як зьневажальнага для сем’яў, якія хочуць, але з аб’ектыўных прычынаў ня могуць мець дзяцей. Падатак гэты не без падставаў называлі дыскрымінацыйным, прыніжальным, і ўрэшце дамагліся ягонай адмены.

Дзяржава, натуральна, павінна дбаць пра сваю дэмаграфічную бясьпеку. Але — не падвышаючы падаткі, а дапамагаючы сем’ям, якія наважыліся мець дзяцей. Бо зусім відавочна: многія маладыя сем’і не адважваюцца мець хаця бы двух дзяцей, паколькі выгадаваць іх пры цяперашніх заробках і выдатках надзвычай складана.

Ліст ад Рамана Зіноўева з расейскага гораду Іванцееўка. Слухач піша:

“Вось тут некаторыя кажуць (у тым ліку і ў вас на Свабодзе), што вядомы апазыцыйны палітык, які цяпер жыве ў Варшаве — антырасейскі. Я быў у 1995 годзе на сустрэчы гэтага палітыка з выбарцамі ў Смаргоні — нічога антырасейскага не пачуў. Ня ён жа прапанаваў браць у беларускіх гатэлях з расейцаў трайную цану. Няма больш антырасейскіх сілаў, чым менскія “палітнапёрстачнікі”, якія выправілі яго ў эміграцыю. Гэта яны дзяруць тры цаны са сваіх так званых “саюзьнічкаў”.

Беларускія гатэлі — гэта, сапраўды, адметная зьява. Адно, што ў большасьці іх за апошнія пятнаццаць год нічога не зьмянілася, захаваўся ўсё той жа савецкі ненавязьлівы сэрвіс з прусакамі, рыпучымі ложкамі й абавязковым графінам з вадаправоднай вадой на абшарпаным стале. Іншае — што за адзін і той жа нумар у залежнасьці ад колеру свайго пашпарту вы можаце заплаціць і пяць даляраў, і пятнаццаць, і шэсьцьдзесят. Натуральна, што замежных грамадзянаў (у тым ліку і расейцаў), якія прыяжджаюць у Беларусь, гэткая завядзёнка абурае да глыбіні душы. Ці трэба зьдзіўляцца таму, як гэта адбіваецца на патоках турыстаў у Беларусь.

Што да іміджу Зянона Пазьняка (якога вы, спадар Зіноўеў, відавочна, маеце на ўвазе, не называючы прозьвішча), то, зразумела, афіцыйная прапаганда паспрыяла таму, каб у вачах беларусаў ён меў як мага больш антырасейскіх рысаў. Хоць, на маю думку, сам спадар Пазьняк таксама прыклаў руку да таго, каб грамадзкая сьвядомасьць успрымала яго менавіта такім, а ня іншым.

Эдуард Тобін са Смалявічаў даслаў яшчэ адзін ліст на тэму, якая даўно яго хвалюе — пра тое, што беларусы павінны называцца ліцьвінамі, а Беларусь — Літвой. Тое, што Радыё Свабода не прыслухоўваецца да ягоных патрабаваньняў, слухача абурае. Ён піша:

“Вы, імітуючы нейкую беларушчыну, ці ведаеце, што ліцьвінаў загадала называць беларусамі расейская царыца Кацярына ІІ, каб на вякі прывязаць Літву да Расеі? Нацыянальнае імя так званых “беларусаў” — ліцьвіны. Хто з гэтым не пагаджаецца, тыя — агенты дывэрсійнай карпарацыі, куды ўваходзяць, відавочна, Радыё Свабода, часопісы кшталту “Беларускай думкі”, а таксама “Народная воля”, “Советская Белоруссия” ды да іх падобныя”.

Тады ў гэтую так званую “карпарацыю”, спадар Тобін, трэба залічыць ня толькі ўсе сродкі масавай інфармацыі, але і ўвогуле ўвесь дзесяцімільённы беларускі народ (за рэдкім выключэньнем). Мне ўжо даводзілася адказваць на падобныя пытаньні: сапраўды, гістарычна беларускія землі і насельнікі гэтых земляў мелі іншую назву. Але аднавіць яе цяпер і адмовіцца ад назваў “Беларусь” і “беларусы” наўрад ці магчыма. Як нельга сёньня перайменаваць, напрыклад, Расейскую Фэдэрацыю ў Масковію, Калінінградзкую вобласьць — ва Ўсходнюю Прусію, а Латвію — у Курляндыю. Хоць гістарычныя падставы для падобных перайменаваньняў ёсьць вельмі важкія.

На заканчэньне электронны ліст ад праваабаронцы Аксаны Новікавай. Нагадаю, паводле абвінавачаньня ў абразе гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі суд пакараў Аксану Новікаву некалькімі гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай выкананьня прысуду. Нягледзячы на гэта, Аксана нядаўна зноў выйшла на праваабарончы пікет, і цяпер ёй, маці маленькага дзіцяці, рэальна пагражае турма. У сваім лісьце на Свабоду Аксана піша:

“Думаю, мяне гэтым разам усё ж не пасадзяць: сутнасьць рэжыму не мяняецца, але ён хоча прадэманстраваць Захаду свой вялікі заходні вэктар. Цяпер вось і шырокую амністыю абвесьцілі. І хоць у позьве, дасланай мне, запісана, што я выклікаюся ў суд дзеля адмены адтэрміноўкі прысуду, сумняюся, што гэта адбудзецца. У палажэньні аб амністыі запісана, што пад яе не падпадаюць толькі тыя, хто ўчынілі падчас адтэрміноўкі крымінальныя злачынствы. Маіх жа адміністратыўных парушэньняў суд можа ня ўлічыць, і на радасьць мне (як абмежаванай у правах) і прыхільнікам супрацоўніцтва з рэжымам — прымяніць амністыю.

Але, паўтаруся, сутнасьць улады ад гэтага не мяняецца. Я даўно заўважыла шчыльную апеку над сабой з боку, так бы мовіць, “куратара”, які “адмазваў” мяне ад большасьці адміністратыўных абвінавачаньняў. А тое, што дзейнічае не закон, а куратар ад улады, і ёсьць прыкметай аднаасобнай улады, а не ўлады закону”.

Дай Бог, Аксана, каб вашыя інтуітыўныя прадчуваньні спраўдзіліся. На маю думку, у вашым канкрэтным выпадку няважна, якой матывацыяй будзе кіравацца суд, і якія нябачныя плыні будуць задзейнічаныя ў гэтым працэсе, калі толькі ў выніку вы застанецеся на волі і вашае маленькае дзіцятка ня будзе на некалькі гадоў адарванае ад вас.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Сяргей Марціновіч зь Берасьця і Галіна Вахт з эстонскага мястэчка Торва. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG