Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу пачуць па “Свабодзе” Віктара Шэймана”


Валянцін Жданко, Менск

Размову пачну зь ліста нашага латвійскага слухача Міхаіла Лекаха з Рыгі, які адклікнуўся на агляд лістоў, што прагучаў на хвалях Беларускай Свабоды летась 26 лістапада і быў прысьвечаны падзеям у Грузіі. Якраз у той момант, калі ў Тбілісі грузінская апазыцыя сьвяткавала перамогу, у Менску актывісты Маладога Фронту спрабавалі наладзіць акцыю пратэсту супраць магчымага рэфэрэндуму наконт падаўжэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. У перадачы я цытаваў лісты некаторых нашых слухачоў (у прыватнасьці, Аксаны Новікавай зь Менску і Максіма Шаўляка з Гомелю), якія лічаць, што тое, як праходзіла і чым скончылася акцыя ў Менску, можа служыць адказам на пытаньне пра верагоднасьць “аксамітнай” рэвалюцыі ў Беларусі.

Міхаіл Леках маімі камэнтарамі лістоў наконт грузінскіх падзеяў не задаволены. Ён піша:

“Даючы тлумачэньне, чаму ў Беларусі немагчымыя падзеі, падобныя да грузінскіх, спадар Жданко нагадаў, што ў беларускай апазыцыі няма электронных срокаў інфармацыі (яе ня пускаюць на тэлебачаньне), няма дастатковай колькасьці друкаваных мэдыяў. Гэта так, але ж гэта толькі паўпраўда. А істотна тое, што ў Беларусі ў шмат разоў лепшая, чым у Грузіі, эканамічная сытуацыя. І ў аснове падзеяў у Грузіі — не палітычныя, а сацыяльна-эканамічныя прычыны.

Напрыклад, жабрацкую пэнсію людзі ў Грузіі ня могуць атрымаць 6–10 месяцаў. Уявіць такое ў Беларусі немагчыма: тут з пэнсіянэрамі разьлічваюцца дакладна ў вызначаны час. Сярэдняя зарплата ў Грузіі ў чатыры разы меней, чым у Беларусі, але і яе затрымліваюць паўгоду і больш. Беспрацоўе ў Тбілісі дасягае 50%, а ў некаторых іншых раёнах Грузіі нават 80%. Дапамога, якая была аказана Грузіі ў апошнія гады — а гэта больш як паўтара мільярда даляраў — была раскрадзеная, да простых людзей не дайшла.

Такім чынам, Грузія апынулася на мяжы эканамічнай нацыянальнай катастрофы. Вось аб гэтым вы, спадар Жданко, чамусьці змаўчалі. У сувязі з гэтым у мяне ўзьніклі пытаньні: ці вам невядомае сапраўднае сацыяльна-эканамічнае становішча ў Грузіі, ці вы ведалі пра гэта, але вымушаныя гаварыць паўпраўду, паколькі вас змушае да гэтага ваша становішча?”

Я ня лічу, спадар Леках, што мой адказ на ліст Аксаны Новікавай, які прагучаў 26 лістапада, быў паўпраўдай. Зразумела, што ў грузінскага крызысу шмат аспэктаў, у тугі вузел там былі завязаныя ўсе праблемы — і палітычныя, і эканамічныя, і сацыяльныя. Слухачка, аднак, ставіла пытаньне толькі пра тое, ці можа беларуская апазыцыя выкарыстаць грузінскі досьвед ва ўмовах сёньняшняй Беларусі. Я адказаў, што зрабіць гэта наўрад ці ўдасца, паколькі вельмі ўжо непараўнальныя ўмовы ў дзьвюх краінах. Грузінская апазыцыя мела моцныя парлямэнцкія фракцыі, доступ да ўплывовых сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку да тэлебачаньня. Улада прэзыдэнта Шэварднадзэ ў Грузіі была зусім не такая неабмежаваная і бескантрольная, як улада Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. Эдуард Шэварднадзэ не адважыўся ўжыць сілу супраць дэманстрантаў. У той час як у Беларусі гвалт супраць удзельнікаў апазыцыйных акцыяў, арышты, перасьлед на месцах працы і вучобы сталі звычайнай практыкай.

А тое, што вы, спадар Леках, напісалі пра эканамічныя ды сацыяльныя праблемы Грузіі, зусім слушна, і я ня ставіў за мэту схаваць гэта. Пры гэтым, аднак, заўважу, што вашыя параўнаньні — зусім ня доказ таго, што ў Беларусі няма грамадзкай напружанасьці і сацыяльнай глебы для праяваў людзкога незадавальненьня. Беларусы параўноўваюць свае пэнсіі ды зарплаты не з грузінскімі, а хутчэй зь літоўскімі ды польскімі, бо жывуць не на Паўночным Каўказе, а ва Ўсходняй Эўропе. І на чыю карысьць гэтыя параўнаньні, вы, думаю, сам добра ведаеце.

Магчыма, у чымсьці вас зможа пераканаць ліст іншага нашага слухача — Тадэвуша Грудніцкага з Астравецкага раёну. Ён піша:

“Нам ужо і сёньня ня надта проста трапіць у Літву, дзе жывуць многія нашы сваякі. А што ж будзе, калі на мяжы запатрабуюць шэнгенскіх візаў? Яшчэ ня так даўно жыцьцё літоўцаў і беларусаў ня надта адрозьнівалася. Але з кожным годам розьніца ўсё больш відавочная. І заробкі, і пэнсіі там значна вышэйшыя, чым у нас. Але галоўнае нават ня гэта. Літоўцы ведаюць, куды рухацца, да чаго імкнуцца. Іх мэта — Эўразьвяз і ўзровень жыцьця такі ж, як у эўрапейскіх народаў. А якая мэта Беларусі? Саюз з Расеяй і расейскі ўзровень жыцьця? Нядаўна я праяжджаў праз смаленскія вёскі. Ня дай нам Бог ніколі такога жыцьця і такіх вёсак”.

Патлумачыць людзям, куды рухаецца краіна, якія мэты ставіць і якія каштоўнасьці адстойвае — нібыта павінна дзяржаўная ідэалёгія, выпрацоўкі якой ужо ня першы год дамагаецца ад сваіх чыноўнікаў Аляксандар Лукашэнка. Аднак плёну ад гэтых высілкаў ня надта шмат. Бо ў рэальнасьці сёньняшняе жыцьцё беларусаў вызначаюць ня нейкія абстрактныя ідэалы ды каштоўнасьці, а рэальны палітычны курс, які ажыцьцяўляе Аляксандар Лукашэнка. А курс гэты зьвёўся да заведзенага ў тупік так званага беларуска-расейскага саюзу і рэзкага абмежаваньня кантактаў з усім цывілізаваным сьветам.

Ліст ад Паўла Калечыца зь Менску. Слухач піша:

“Здаецца, і праўду вы расказваеце пра наша гаротнае жыцьцё, а ўсё ж нечага ў вашых перадачах не хапае, каб верыць вам цалкам. Я доўга думаў, чаго, і, здаецца, здагадаўся. Вось вы крытыкуеце міністра ці якога-небудзь высокага начальніка — а чаму не даяце яму слова, каб апраўдацца ці патлумачыць? Я хачу, каб дзеяньні Шэймана тлумачыў сам Шэйман, а не Лябедзька і не адвакат Паганяйла. Тое ж і адносна розных падзеяў у раёнах і абласьцях. Хацелася б пачуць, што думае пра знойдзеную вашымі карэспандэнтамі інфармацыю старшыня райвыканкаму альбо абласны вэртыкальшчык. Бо іх людзі ня маюць магчымасьці чуць нават на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Вось калі я змагу пачуць і супаставіць розныя пункты гледжаньня на тую ці іншую праблему, тады і ўсю праўду буду ведаць”.

Вы цалкам маеце рацыю, спадар Калечыц. І, паверце, мы ня менш за вас хацелі б, каб на шматлікія пытаньні, напрыклад, наконт загадкавых зьнікненьняў беларускіх палітыкаў, пагадзіўся адказаць Віктар Шэйман, імя якога фігуруе ў многіх сьведчаньнях. Але ў тым і рэч, што ён праз сваіх памочнікаў і прэсавых сакратароў адмаўляецца ад любых кантактаў з нашымі (і ня толькі нашымі) журналістамі, што цікавяцца гэтай праблемай.

Датычыць гэта ня толькі Віктара Шэймана, а фактычна ўсіх высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў — і тых, што ў Менску, і тых, якія кіруюць раёнамі і абласьцямі. Пры гэтым адметна, што большасьць зь іх ухіляецца ад кантактаў з журналістамі ня толькі недзяржаўных альбо замежных мэдыяў, але і ўвогуле любых выданьняў, уключна з тымі, што абслугоўваюць уладу. Гэта заўважна нават на дзяржаўным тэлебачаньні. Растлумачыць такі фэномэн можна, відавочна, тым, што ў Беларусі створаная сыстэма ўлады, пры якой высокапастаўленаму чыноўніку прыцягваць да сябе грамадзкую ўвагу проста небясьпечна — гэта можа быць вытлумачана як прэтэнзія на палітычнае суперніцтва і лідэрства з асобай, якая на такое суперніцтва рэагуе надзвычай хваравіта.

На заканчэньне ліст ад Максіма Дасевіча зь Менску. Слухач піша:

“Ня так даўно ў адной з вашых перадачаў пачуў занепакой з нагоды таго, што ў Беларусі зьнікаюць вёскі. Гэта, сапраўды, так, і ня толькі ў нас, але і па ўсёй Зямлі. Зьнікаюць ня толькі вёскі. Паглядзіце глыбей у гісторыю: зьнікаюць і гарады, і дзяржавы, і імпэрыі, і цывілізацыі, і народы зь іхнымі мовамі ды культурамі. Яшчэ нядаўна на геаграфічнай мапе была магутная дзяржава Прусія — сёньня ад яе засталіся толькі ўспаміны...

Што ж гэта Бог такі жорсткі, бязьлітасны і несправядлівы? — абураемся мы, не разумеючы, што ўся праблема заключаецца ў нашым упартым нежаданьні разабрацца ў тым, хто мы такія. Бог вельмі даражыць душою, бо яна непаўторная. Але, злоўжываючы сваёй маленькай свабодай, гэтая вечная душа можа выбраць вечнае шчасьце разам з Богам ці вечныя пакуты безь яго. Таму, дзеля выратаваньня нават аднае душы Бог можа ахвяраваць цэлым Сусьветам, а ня толькі вёскай, аб якой мы сёньня гаруем.

...Усе мы стаім у адной чарзе: і рускія, і беларусы, і камуністы, і дэмакраты, упіўшыся ў горла адзін аднаму зубамі, бо зусім не ўсьведамляем, куды гэтая чарга накіроўваецца”.

Безумоўна, спадар Дасевіч, калі падыходзіць да ацэнкі сёньняшніх грамадзкіх ды палітычных падзеяў з пазыцыяў агульнафілязофскіх ды мераць іх маштабамі ўсясьветнай гісторыі, выглядаюць яны ня надта значнымі і буйнымі. Але чалавек жыве галоўным чынам праблемамі сёньняшняга дня і мерае ўсё маштабамі ўласнага ня надта доўгага жыцьця. Хоць такія людзі, як вы, хто спрабуе разабрацца ў сутнасьці і мэце чалавечага існаваньня і сувымярае свае ўчынкі з Боскімі запаветамі, безумоўна, дапамагаеце сабе ды іншым быць дабрэй і міласэрней да тых, хто побач.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты і калядныя віншаваньні Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Андрэвуш Шчура з расейскага сяла Пятроўскае Апочацкага раёну Пскоўскай вобласьці, Леў Марозаў і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG