Палітычная будучыня Аляксандра Лукашэнкі; прычыны зьнешнепалітычнай ізаляцыі Беларусі на Захадзе; лёс беларускай мовы і культуры — вось галоўныя тэмы вашых, шаноўныя слухачы, допісаў апошніх тыдняў. Пачну зь ліста з Полацку, ад слухача, які падпісаўся як Андрэй Полацкі (прозьвішча, відавочна, выдуманае):
“Можа, хопіць ужо, Свабода, дзяўбаць аднаго Лукашэнку. Нічога добрага не зрабіў і той жа Шушкевіч, калі быў першай асобай дзяржавы. Ён, Шушкевіч, не адкрыў ніводнага прадпрыемства ці будоўлі. А ваш Зянон Пазьняк — наогул асоба незразумелая і вельмі далёкая ад беларускага народу. Адно ягонае выказваньне пра пэнсіі чаго вартае. Маўляў, за старых павінны адказваць іхныя дзеці, а не дзяржава. Зразумела, што гэта адштурхнула ад яго ўсіх выбарцаў. А што вы паведамляеце пра Ірак? Злучаныя Штаты ціснуць усіх, хто ім не падабаецца. Нафта, а ніякія не тэрарысты патрэбная Амэрыцы. ЗША прымусілі ўсіх іракцаў стаць так званымі “тэрарыстамі”. Цяпер я ўпэўніўся: каб мець праўдзівую інфармацыю, трэба паслухаць ня толькі вас, але і Менск, Маскву ды іншыя радыёстанцыі. А потым самастойна асэнсаваць усё пачутае”.
Што да Станіслава Шушкевіча, спадар Полацкі, то ён быў фармальным кіраўніком дзяржавы на працягу двух гадоў. Уладных рычагоў кіраваньня эканомікай ды фінансамі ў яго, старшыні Вярхоўнага Савету, па сутнасьці, не было. Не выпадае нават параўноўваць маштаб улады, якую ён меў тады, з фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларусьсю ўжо дзясяты год.
Наконт выказваньняў Зянона Пазьняка. Маю вялікі сумнеў, спадар Полацкі, што лідэр БНФ казаў нешта падобнае пра скасаваньне пэнсіяў. Прапанова зусім абсурдная, і нарабіла б шмат розгаласу, калі б сапраўды прагучала. Хутчэй за ўсё, вы пераказваеце чуткі, пушчаныя нядобразычліўцамі Пазьняка падчас якой-небудзь зь мінулых выбарчых кампаніяў.
І, нарэшце, пра Ірак. Пагроза тэрарызму — рэальная, спадар Полацкі, ня выдуманая. У Злучаных Штатах гэта, бадай, больш, чым у многіх іншых краінах сьвету, усьведамляе кожны грамадзянін. І ўрад ЗША павінен рэагаваць на гэтую трывогу, і рэагуе на яе. Калі б размова ішла толькі пра нафту — не было патрэбы ні ў якіх ваенных апэрацыях. Рэжым Садама Хусэйна толькі і марыў вярнуцца на заходні (і найперш на амэрыканскі) нафтавы рынак.
Ліст ад Яўгеніі Казловай з Воршы. Слухачка піша:
“Цяперашняя ўлада залічыла мяне ў ворагі. За праўду, любоў да Беларусі й неабыякавасьць мяне пакаралі на 280 тысяч рублёў. А заробак — 150 тысяч. Вылічваюць кожны месяц 30 тысяч. Але я разумею, што ў барацьбе за справядлівасьць патрабуюцца ахвяры. Зь несправядлівасьцю ці змагаюцца, ці супрацоўнічаюць. Я выбрала першае. Чаго толькі ні наслухалася я ад міліцыянтаў за сваю беларускую мову! Напрыклад, адзін зь іх пагражаў: “Если скажете ещё хоть слово на своём поганом белорусском языке, я вас посажу в камеру”. Тады ён быў маёрам. Цяпер, кажуць, ужо падвысілі за тое, што шчыраваў супраць беларушчыны. Мая скарга на яго, адрасаваная начальніку міліцыі, не дала ніякіх вынікаў, мне нават адказу не далі. А ў судзе запатрабавалі адказваць на расейскай мове, і прызналі вінаватай, не патлумачыўшы нават, у чым. Ведаю: яны выконвалі загад”.
У сваім лісьце Яўгенія Казлова з Воршы апісвае таксама некаторыя сёньняшнія беларускія рэаліі. Яшчэ адна цытата зь ейнага ліста:
“Выглядае, што цяперашні рэжым не хвалюе, што большасьць людзей даведзеная да галечы (зарплата 100–150 тысяч, а плата за кватэру — 80–100 тысяч. Не турбуе яе і тое, што заводы і фабрыкі напалову стаяць, што калгасы і саўгасы ляжаць у непрытомнасьці, а народ сьпіваецца. У нас у Воршы няма ніводнай беларускай школы, а дзіцячыя садкі адзін за другім зачыняюцца”.
Нават тое заканадаўства, якое дзейнічае цяпер, дазваляе прыцягнуць службовую асобу, што дазволіла сабе падобныя выказваньні на ваш, спадарыня Казлова, адрас, да крымінальнай адказнасьці за зьнявагу асобы і распальваньне нацыянальнай варожасьці. Але ў тым і справа, што фактычна гэтыя артыкулы Крымінальнага кодэксу, калі размова ідзе пра абарону беларускай мовы і яе носьбітаў — у сёньняшняй Беларусі ня дзейнічаюць.
Ліст зь Фінляндыі, ад Дзьмітрыя і Сьвятланы Райскіх, што жывуць у мясцовасьці Вааса. Зьвяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, беларускія эмігранты пішуць:
“Успамінаем, як у далёкім 1994 годзе вы прыгожа абяцалі запусьціць заводы, падняць эканоміку. А калі ня ўдасца і народ будзе вамі не задаволены, дык запэўнівалі, што праз шэсьць месяцаў сыдзеце ў адстаўку. Мы, як і многія іншыя, паверылі, бо лічылі вас самым сумленным чалавекам. Хоць ужо тады трэба было зьвярнуць увагу на адну вашу асаблівасьць: адным вы абяцалі падтрымаць дробны бізнэс, а другім, наадварот — прыдушыць “тарбэшнікаў”. Мы гэта ўспрынялі як звычайную рэклямную кампанію. І як жа памыліліся, галасуючы за вас. Праз паўгоду ўсе вашы абяцаньні рассыпаліся, як картачны дамок. Выканалі вы іх толькі ў частцы “задушыць вашывых блох”. Але ў адстаўку не падалі, а разагналі парлямэнт ды пачалі ўмацоўваць асабістую ўладу”.
Дзьмітры і Сьвятлана Райскія зь Фінляндыі спадзяюцца на зьмены ў Беларусі, але зьвязваюць гэтыя спадзяваньні зусім не з нацыянал-дэмакратычнымі сіламі. Яшчэ адна цытата зь ліста:
“Кіраўніцтва БНФ нічым ня лепшае за Лукашэнку — такое ж... Самі сядзяць у цёплых кватэрах, а хлопчыкаў ды дзяўчынак падстаўляюць пад міліцэйскія дубінкі ды арышты. Што ім: яны да ўлады рвуцца, ім людзей не шкада. Хто там яшчэ? Камуністы? Гэтыя за 70 гадоў ужо паказалі, чаго ад іх чакаць. І атрымліваецца, што ў Беларусі няма разумнага, прыстойнага чалавека, вартага руля ўлады”.
На заканчэньне аўтары ліста зноў зьвяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі:
“Чаму вы так агрэсіўна настроены супраць Захаду? Няўжо няясна, што ідэі Леніна ды Хусэйна антычалавечныя, і калі з каго і варта браць прыклад, дык з заходніх краінаў. Вось дзе дасканаласьць чалавечага быцьця і гармонія стасункаў паміж уладай і народам. І калі вы такі народны, якім сябе называеце — дык чаму ня зробіце чаго-небудзь добрага для людзей? Калі беларусы самі нічога талковага прыдумаць ня могуць, дык зьвярніцеся да Эўразьвязу ці Амэрыкі. Там з задавальненьнем распрацуюць для вас і законы, і Канстытуцыю. І кіраваць дапамогуць правільна, калі самі ня ў стане”.
І на Захадзе, спадары Райскія, пра “дасканаласьць чалавечага быцьця” і “гармонію паміж грамадзянінам і ўладай” можна гаварыць толькі ўмоўна. Але іншых, лепшых узораў грамадзкага ўладкаваньня чалавецтва пакуль, сапраўды, ня вынайшла.
Ня думаю, што Аляксандар Лукашэнка на дзясятым годзе свайго кіраваньня раптам зьменіць курс, што праводзіў увесь папярэдні час, і павернецца тварам на Захад. І справа тут ня толькі ў ягоных унутраных перакананьнях. Калі б ён наважыўся на нешта падобнае, то свой традыцыйны электарат, напэўна ж, страціў бы, а новы наўрад ці набыў бы. І гэта, відавочна, толькі паскорыла б ягонае разьвітаньне з уладай.
На заканчэньне — ліст ад Ангеліны Масюты зь Менску з прэтэнзіямі на адрас Свабоды. Слухачка піша:
“Як вядома, другога лістапада ў Менску з нагоды Дзядоў адбыліся шэсьце і мітынг. У іх бралі ўдзел шмат людзей. З гэтай нагоды журналіст беларускай Свабоды Альгерд Невяроўскі ў той жа дзень падаў па радыё інфармацыю, што ў шэсьці бралі ўдзел каля 500 чалавек. Нават ягоная калега Ганна Соусь не згадзілася зь ім: у яе рэпартажы прагучала лічба больш за 1000 чалавек. А насамрэч удзельнікаў шэсьця і мітынгу было нашмат болей. Такая інфармацыя ад штатных журналістаў больш падобная на дэзінфармацыю”.
Ангеліна Масюта зь Менску, якая асобна адзначыла, што гэты свой ліст даслала ня толькі на Свабоду, але і ў амбасады Злучаных Штатаў і Чэхіі. Дакладна вызначыць колькасьць удзельнікаў падобных шэсьцяў, спадарыня Масюта, вельмі складана, а найчасьцей і немагчыма. Лічба, якую ў такіх выпадках падаюць арганізатары акцыі, як правіла, у некалькі разоў вышэй, чым тая, якую называе міліцыя, што назірае за мітынгоўцамі. Мы імкнемся быць аб’ектыўнымі й падаем лічбы, спасылаючыся на розныя ацэнкі. Да таго ж, варта мець на ўвазе, што падчас шматгадзінных шэсьцяў (якім і было шэсьце на Дзяды) колькасьць удзельнікаў увесь час мяняецца: адны далучаюцца, другія адыходзяць. Відавочна, адсюль і розныя лічбы ў рэпартажах, што рыхтаваліся з розьніцай у часе.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Раман Зіноўеў зь Лёзна, Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, Міхаіл Леках з Рыгі, Генрых Аўцюкевіч з Гарадзенскай вобласьці, Галіна Вахт з эстонскага гораду Торва, Максім Дасевіч зь Менску і Валянцін Позьні са Жлобіна.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.