У сёньняшнім кароткім аглядзе — два лісты на тэму так званага “ідэалягічнага выхаваньня”, аднавіць якое намагаецца ў Беларусі ўлада. Беларускім студэнтам і школьнікам неўзабаве давядзецца на занятках у абавязковым парадку засвойваць пастуляты дзяржаўнай ідэалёгіі. У школы і ВНУ вяртаецца паўзабыты так званы “добраахвотна-прымусовы” прынцып стварэньня арганізацыяў піянэраў і БРСМ, якія фінансуюцца ўладай і павінны падтрымліваць яе палітыку.
Прадпрыемствы і ўстановы коштам уласных бюджэтаў вымушаныя будуць утрымліваць штатных прапагандыстаў, якія растлумачаць рабочым і калгасьнікам “перавагі беларускага шляху разьвіцьця” і “дасягненьні” цяперашняй улады. Якімі будуць наступствы прымусовага ўкараненьня дзяржаўнай ідэалёгіі?
Наш слухач Канстанцін Аляшкевіч зь Менску з гэтай нагоды піша:
“Сыну, які вучыцца ў 10 клясе, настойліва раяць уступіць у БРСМ. Абяцаюць, што лягчэй будзе паступіць ва ўнівэрсытэт, што, уступіўшы, ён атрымае шэраг ільготаў — танныя квіткі на розныя маладзёвыя імпрэзы і г.д. Агідна, што такім спосабам імкнуцца зацягнуць моладзь у палітычную арганізацыю, адзінай мэтай якой, па сутнасьці, ёсьць падтрымка ўлады Лукашэнкі.
...У свой час я сам быў камсамольскім актывістам. Але параўноўваць той камсамол зь сёньняшнім БРСМ — гэта зьневажаць колішніх камсамольцаў. Ніякіх падачак ад улады, ніякага шантажу тады не было. Няхай ня ўсе шчыра верылі ў сьветлую камуністычную будучыню, але ніхто і не абяцаў падачак ды льготаў. Наадварот, пры ўступленьні ў камсамол усіх сумленна папярэджвалі: быць камсамольцам — значыць, браць на сябе асаблівую адказнасьць.
Кар’ерысты з БРСМ ня маюць права лічыць сябе пераемнікамі камсамолу. І за якія, цікава, заслугі Лукашэнка ўручыў арганізацыі, якая створаная ўсяго некалькі месяцаў таму, ганаровы чырвоны сьцяг? Думаю, доўга БРСМ не працягне: зьнікне, як толькі Лукашэнка страціць уладу”, — лічыць Канстанцін Аляшкевіч зь Менску.
Ня думаю, спадар Аляшкевіч, што варта ідэалізаваць колішні камсамол. Так, асаблівых абяцаньняў будучым камсамольцам не давалі, але не давалі й права выбару. У арганізацыю гналі сілком. Райкамы ставілі задачу: камсамольскія білеты павінны мець 100 адсоткаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі. Якім чынам гэта дасягалася? Тымі ж ушчуваньнямі, угаворамі, а то і запалохваньнем, шантажом. Без камсамольскага білета не прымалі ў ВНУ. Без рэкамэндацыі райкаму камсамолу, зацьверджанай райкамам партыі, немагчыма было выправіцца ў замежную паездку. Службовае падвышэньне таксама было вельмі праблематычнае, калі кандыдат на пасаду належаў да так званай “несаюзнай моладзі”.
Цяперашні БРСМ улада стварае паводле тых жа, камсамольскіх схемаў. Іншая рэч, што ў сёньняшніх умовах, калі моладзь мае магчымасьць бачыць сьвет і атрымліваць інфармацыю ня толькі з прэзыдэнцкага тэлебачаньня, спроба запрэгчы ўсіх у адны аглоблі і прымусіць дэманстраваць адданасьць уладзе выглядае недарэчнай і беспэрспэктыўнай.
Яшчэ адзін ліст на гэтую тэму ад Паўла Няхая са Стаўпцоўскага раёну. Слухач піша:
“Дзяржаўная ідэалёгія патрэбная шматлікім начальнікам, каб атрымаць цёплае месца, на якім яны нічога ня робяць і ні за што не адказваюць. Ну, які занятак быў у парторга ў калгасе ці ў зампаліта ў войску? Зрэдку языком на сходзе памянташыць — пахлусіць пра тое, як клапоціцца пра нас “камуністычная партыя і яе мудры кіраўнік дарагі Леанід Ільіч”. Ніхто на гэтыя байкі ніякай увагі не зьвяртаў. А вось аклад у штатнага палітработніка быў вельмі неблагі — часам ня меншы, чым у дырэктара. Пасьля таго, як камуністаў выгналі, палітработнікам давялося шукаць іншы занятак. Яны, вядома, без пасадаў не засталіся. Але туга па бесклапотным мінулым, напэўна, захавалася. Вось і дамагліся вяртаньня ідэалёгіі. Зноў будуць сядзець гэтыя дармаеды на шыі працоўнага чалавека, а карысьці ад іх ніякай”.
Думаю, спадар Няхай, гэта ўсё ж дужа спрошчаны погляд на праблему. Зводзіць усё да змовы былых ідэалягічных начальнікаў, якія засумавалі па былых намэнклятурных прывілеях — тут наўрад ці выпадае. Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне сур’ёзна заклапочаныя ўласнай палітычнай будучыняй. Прымусіць людзей любіць уладу і зноў галасаваць за яе на выбарах немагчыма толькі з дапамогай сілы.
Ёсьць сумленны спосаб заваяваць сыпатыі людзей — ажыцьцяўляць такую палітыку, якая б прывяла да станоўчых зьменаў у жыцьці выбарцаў. І ёсьць спосаб іншы — пераканаць людзей, што іншай палітыкі і быць ня можа, што жыцьцё ў іх і так добрае, што лепшага начальніка не бывае.
У свой час кіраўнікі камуністычнага рэжыму ўсьведамлялі: самы эфэктыўны спосаб заваяваць давер людзей — гэта ўсё ж ня лекцыі й першамайскія дэманстрацыі, а каўбаса і адсутнасьць чэргаў у крамах. Але дзеля таго, каб каўбасы хапала на ўсіх, трэба было мяняць эканамічную палітыку. Так што пайшлі іншым шляхам: паспрабавалі пераканаць людзей, што каўбасы ў іх і так хапае. А галоўнае, маўляў, тое, што ў Савецкім Саюзе самы перадавы грамадзкі лад. Чым усё скончылася — агульнавядома.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.