Два лісты на тэму дачыненьняў паміж уладай і прыватным бізнэсам. У сярэдзіне і напрыканцы 1990-х гадоў у Расеі зь непакоем і трывогай назіралі за тым, як беларускія ўлады аднаго за другім арыштоўваюць буйных банкіраў, бізнэсоўцаў, дырэктараў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Прэзыдэнта Лукашэнку папярэджвалі, што гэта запалохае інвэстараў, што нацыянальную эканоміку чакае спад, што з краіны ўцячэ капітал. І вось цяпер у самой Расеі ў многім паўтараюць практыку беларускага лідэра. Расейскія мільярдэры адзін за другім вымушаныя пакідаць краіну, а асобныя нават апынуліся за турэмнымі кратамі.
Некаторыя нашыя слухачы адклікнуліся на гэтыя падзеі. Вось які ліст даслала Вольга Пужэвіч з Маладэчна. Слухачка піша:
“Калі б прэзыдэнтам Расеі быў Аляксандар Лукашэнка, дык Чубайс, Нямцоў ды розныя там Хадаркоўскія даўно сядзелі б у турме. Перад выбарамі ў Думу Чубайс падаваў падатковую дэклярацыю. Аказваецца, ягоны гадавы заробак — некалькі мільёнаў даляраў. Гэта толькі тое, у чым Чубайс прызнаўся. Колькі ён у сапраўднасьці кладзе сабе ў кішэню, можна толькі здагадвацца. Няўжо сумленны чалавек можа зарабіць столькі грошай?
Пакуль алігархі раскрадаюць Расею, народ бядуе. У расейскай правінцыі заробкі нават меншыя, чым у Беларусі. Мільярдэр Абрамовіч ня ведае, куды падзець шалёныя грошы, купляе за сотні мільёнаў даляраў ангельскі футбольны клюб “Чэлсі”. А тым часам расейскі Далёкі Ўсход, адным з рэгіёнаў якога гэты ж Абрамовіч кіруе, замярзае, бо няма грошай на замену гнілых трубаў”.
У Расеі бездань паміж багатымі й беднымі, сапраўды, вялізная. І гэта ўяўляе вялікую небясьпеку для самой расейскай дзяржавы. Міжволі прыходзяць на памяць гістарычныя паралелі. Стагодзьдзе таму вялізная Расейская імпэрыя пачала скаланацца ад сацыяльных супярэчнасьцяў. Бальшавікі, якія здолелі пераканаць мільёны людзей у тым, што адбяруць маёмасьць у багатых і справядліва падзеляць паміж беднымі, лёгка захапілі ўладу. Лёзунг “Рабуй нарабаванае” быў ажыцьцёўлены.
І чым гэта скончылася? Бедныя ня сталі багацейшымі. Сяляне ня сталі ўласьнікамі зямлі, а рабочыя — уласьнікамі адабраных у фабрыкантаў заводаў. Дзеля таго, каб захаваць уладу, бальшавікі, якія падманулі народ, стварылі дыктатарскі рэжым і скалечылі мільёны людзкіх лёсаў.
Калі так званыя “новыя расейцы” не ўсьвядомяць, што іхныя фантастычныя капіталы на тле ўбоства і галечы большасьці народу ўяўляюць для іх жа сур’ёзную небясьпеку, сумная гісторыя ў тым ці іншым варыянце можа паўтарыцца. Хоць ад перадзелу ўласнасьці тыя, хто ні ўласнасьці, ні ўлады ня мае, ніякіх дывідэндаў, напэўна ж, не атрымаюць.
Зрэшты, ёсьць у кампаніі супраць алігархаў, якая вядзецца цяпер у Расеі, і іншы аспэкт. Пра яго распавядае ў сваім лісьце Алег Сухно зь Менску. Слухач піша:
“Пуцін цяпер карыстаецца бяспройгрышнымі піяраўскімі прыёмамі Лукашэнкі. Што зрабіць, каб перад выбарамі спадабацца абяздоленаму, абкрадзенаму і галоднаму электарату? Старыя штучкі з Чачэніяй, як гэта было ў 1999 годзе, больш ня пройдуць. (Паставіць чачэнцаў на калені за чатыры гады новай расейскай уладзе не ўдалося.) Затое ёсьць іншы спосаб, якім даўно з посьпехам карыстаецца Лукашэнка.
Якому чалавеку ў былых савецкіх рэспубліках не блізкая думка пра тое, што яго ў 1991 годзе абакралі й што злодзеі цяпер езьдзяць на мэрсэдэсах ды купляюць маёнткі ў Маямі? Адпаведна, таму прэзыдэнту, які прыцісьне алігархаў (а найлепш перасадзіць іх з шыкоўных палацаў на турэмныя нары ды прымусіць харчавацца ня лобстэрамі з чорнай ікрой, а баландай з чэрствым хлебам) — гарантаваная ўсенародная любоў, павага і шалёны посьпех на чарговых выбарах.
Тое, што Лукашэнка даўно зрабіў зь Віньнікавай, Пупейкам, Клімавым, Старавойтавым, Лявонавым, Пуцін цяпер робіць зь Беразоўскім, Гусінскім ды Хадаркоўскім. Даляравыя мільярдэры ў краіне жабракоў, што і казаць — ганебная зьява, нешта зь ёй рабіць трэба. Але прыкра, што робіцца ўсё гэта ня дзеля людзей, а дзеля ўласных карысьлівых мэтаў”.
Слушныя заўвагі, спадар Сухно. Тое, што атака на алігархаў адбываецца напярэдадні парлямэнцкіх і хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў — напэўна ж, невыпадкова. Хоць, зь іншага боку, заўважце, як той жа Ўладзімер Пуцін адрэагаваў на занепакоенасьць бізнэс-эліты і замежных інвэстараў з нагоды арышту кіраўніка кампаніі “Юкос” Міхаіла Хадаркоўскага. Заспакоіў, што перагляду вынікаў прыватызацыі ня будзе. Гэта значыць, ніякага новага перадзелу ўласнасьці й новых лёзунгаў “Рабуй нарабаванае”.
Ну, а наконт таго, што сказаў пра роўнасьць усіх перад законам і пра немагчымасьць умешвацца ў дзейнасьць і рашэньні судоў — запярэчыць цяжка. Гэта падмурак прававой дзяржавы. Хоць, зь іншага боку, колькі разоў усе былі сьведкамі, як той жа закон у Расеі (як, зрэшты, і ў Беларусі) пераставаў быць непарушным, калі таго патрабавала “палітычная мэтазгоднасьць”.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.