Пачну зь ліста нашага даўняга нядобразычліўца і апанэнта Зыгмунта Зялінскага зь мястэчка Дзятлава Гарадзенскай вобласьці. Зыгмунт Зялінскі належыць да той, мяркуючы па лістах, немалой часткі нашай аўдыторыі, якая да Радыё Свабода ставіцца непрыхільна, сумуе па савецкім часе, лае дэмакратыю і Захад. І, тым ня менш, амаль штовечар уключае радыё і настройваецца на хвалю Беларускай Свабоды.
“Напэўна, не чакалі зноў атрымаць пасланьне ад пана Зялінскага? — пытаецца ў сваім новым лісьце дзятлаўскі слухач. — Пішу вам зноў, бо вельмі кепска стала чуваць вашыя хлусьлівыя перадачы. Зьвярніце там у сябе на гэта ўвагу — адна пакута, пакуль зловіш хвалю. А што ў вас за перадачы? Няма іншых размоваў, як толькі пра Курапаты ды пра зьніклых здраднікаў... Ды вось яшчэ нядаўна хвалілі жыцьцё ў Прыбалтыцы. Быў я нядаўна ў Літве на базары. І што? Усе ў адзін голас цьвердзяць: маўляў, вось пажылі мы ў Саюзе — хоць адбудаваліся па-людзку. А цяпер сядзім па вушы ў брудзе. Разьвялі “купі — прадай”, галадаем, беспрацоўе, нізкія пэнсіі.
Адна жанчына кажа: “Мая сястра жыве ў Беларусі, дык хоць прыстойную пэнсію атрымлівае. Я пабывала ў яе ў гасьцях. У яе поўная лядоўня: і мяса, і тушонка, і каўбаса, і яйкі, і масла. А ў мяне? Сорамна запрасіць яе ў госьці. Што набыла пры Саюзе, тое і даношваю. Нават пахаваць ня будзе ў чым. Вось вам і Літва. Тое ж і ў Латвіі. І ня трэба нам засьмечваць мазгі: жывуць яны горш за беларусаў. А лісты, спадар Жданко, трэба чытаць усе, якія прыходзяць вам на Свабоду, а ня толькі тыя, што вам падабаюцца”, — робіць мне заўвагу Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава.
Зусім магчыма, спадар Зялінскі, што вы сапраўды былі сьведкам менавіта такіх размоваў на літоўскім рынку, як напісалі ў сваім лісьце. Так, у краінах Балтыі нямала людзей, якім жывецца нялёгка і якія настальгічна ўспамінаюць савецкае мінулае, калі яны былі маладыя і здаровыя. Але такіх людзей меншасьць. Таму ніяк не магу пагадзіцца з вашымі абагульненьнямі і параўнаньнямі. Усе балтыйскія народы на нядаўніх рэфэрэндумах дружна прагаласавалі за сяброўства сваіх краінаў у Эўразьвязе. А вось у так званую саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі, як вам вядома, ніхто не імкнецца — нават тыя краіны, узровень жыцьця ў якіх сапраўды ніжэйшы, чым у Беларусі — Украіна, Малдова, закаўкаскія дзяржавы.
Яшчэ адзін факт. Як вядома, ва ўсіх краінах Балтыі нямала расейскамоўных жыхароў, якія пасяліліся там пасьля таго, як Прыбалтыка была акупаваная савецкімі войскамі. Ня ўсе яны атрымалі грамадзянства. Многія зь іх не задаволеныя тым, што даводзіцца вучыць мову, што ўскладніліся кантакты з тымі краінамі, адкуль яны прыехалі. Але, заўважце, за рэдкім выключэньнем, ніхто з гэтых соцень тысяч людзей не імкнецца ні ў Расею, ні ў Беларусь, дзе, як вы, спадар Зялінскі, сьцьвярджаеце, людзям лепш жывецца.
Што да лістоў, якія я адбіраю для агляду, то ў перадачу трапляюць, на маю думку, найбольш цікавыя і зьмястоўныя зь іх. Пры гэтым, спадар Зялінскі, ніякай перавагі тыя слухачы, якія падзяляюць мой пункт гледжаньня, ня маюць. У гэтым вы можаце пераканацца хоць бы і на ўласным прыкладзе.
Ліст ад Мікалая Лясовіча зь Менску. Слухач піша:
“Днямі пачуў па Радыё Свабода, як Вітаўт Кіпель, адказваючы на пытаньне пра нацыянальнасьць сваіх сыноў, адказаў, што яны амэрыканцы беларускага паходжаньня. І я ўспомніў, як у адказ на ліст нейкага слухача Свабоды даслаў вам, падар Жданко, ліст, дзе даказваў, што, як і ў любой сучаснай дзяржаве, усе грамадзяне Беларусі павінны называцца беларусамі. Вы не зачыталі таго майго ліста, і ў мяне засталося ўражаньне, што вы з гэтым не пагаджаецеся. Няўжо вы лічыце, што Натальля Арсеньнева, Алег Трусаў, Юры Захаранка, Стэфан Баторы і мільёны іншых нашых суайчыньнікаў расейскага, украінскага, польскага, габрэйскага, татарскага паходжаньня — не беларусы?
Герцэн у сваім творы “Былое і думы” апісваў, як у ссылцы ў Вятцы сябраваў з ссыльнымі палякамі, якія з расейцамі зносінаў не падтрымлівалі. І адзін зь іх сказаў Герцэну: “Не разумею, чаму вы —расеец”. Герцэн піша: “І я падумаў, што гэтаму пакаленьню палякаў перамогі не дамагчыся”. Я ўпэўнены, што наша пакаленьне беларусаў перамогу атрымае”, — напісаў Мікалай Лясовіч зь Менску.
Дык ці меў рацыю Герцэн, спадар Лясовіч? Апісаны вамі прыклад, на маю думку, сьведчыць хутчэй не на карысьць вашых сьцьвярджэньняў. Палякі ўрэшце дамагліся перамогі, і менавіта таму, што больш як стагодзьдзе не паддаліся асыміляцыі, памяталі пра незалежнасьць сваёй дзяржавы, не лічылі сябе расейцамі, хоць вымушаныя былі жыць у Расейскай імпэрыі. Тое ж было ў нашай нядаўняй гісторыі. У Савецкім Саюзе таксама была ідэя адмовіцца ад указаньня нацыянальнасьці ў пашпарце, выдумаўшы новую нацыянальнасьць — “савецкі”. Хто ведае, якім быў бы лёс нацыянальных рэспублік, калі б гэтая ідэя была ажыцьцёўленая падчас пашпартызацыі 1970-х гадоў.
Сёньня ў беларускіх пашпартах і пасьведчаньнях аб нараджэньні нацыянальнасьць ня ўказваецца. Ведаю, што многія (і найчасьцей беларусы) гэтым не задаволеныя. Розьніца паміж паняцьцямі “беларус” і “грамадзянін Беларусі” па-ранейшаму істотная. І гэта ўласьціва ўсім постсавецкім краінам, асабліва балтыйскім. Думаю, міне яшчэ нямала часу перш чым, напрыклад, у Латвіі латвійскага грамадзяніна Леаніда Іванова будуць лічыць латышом, а ў Беларусі беларускага грамадзяніна Ісламбека Аліева — беларусам.
Новы ліст ад Аліны Дуброўскай зь Дзяржынску (Койданава). Слухачка піша:
“Вы памыляецеся, спадар Жданко, калі сьцьвярджаеце, што Пазьняка ў нашай краіне мала хто ведае і што ён тут нікому не патрэбны. Пазьняк — гэта ня толькі прозьвішча, гэта ідэя, сымбаль барацьбы за незалежнасьць. Сёньня гэты чалавек вымушаны жыць на чужыне. Такі лёс Прарока. Але як бы ні склаўся далейшы лёс Пазьняка, яго прозьвішча ўжо ўвайшло ў гісторыю. Зорка Пазьняка скрозь стагодзьдзі будзе асьвятляць дарогу ўсім, каму дарагая свабода. А прыстасаванцы заўсёды былі і будуць.
Дарэчы, вашае ж апытаньне на тэму “Каго вы лічыце духоўным лідэрам нацыі?” засьведчыла: большасьць тых, хто патэлефанавалі на Свабоду, назвалі прозьвішча Пазьняка. І ніхто не назваў Лябедзьку ды ягоных паплечнікаў, якія гандлююць Радзімай. Можна прынізіць Пазьняка і ягоную партыю, як гэта пастаянна робіце вы, спадар Жданко, але немагчыма зьнішчыць ідэю незалежнасьці”, — напісала Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава).
Я, спадарыня Дуброўская, ніколі не сьцьвярджаў, што Зянона Пазьняка ў Беларусі мала хто ведае. У аглядзе пошты 15 кастрычніка, адказваючы вашым аднадумцам з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, я проста зьвяртаў увагу на тое, што большасьць зь сёньняшніх менскіх падлеткаў і студэнтаў (а гэта найбольш грамадзкі актыўная публіка) ніколі ня бачылі і ня чулі Зянона Пазьняка. Для іх, сённяшніх і заўтрашніх рэальных выбарцаў, ён за восем апошніх гадоў, што жыве ў эміграцыі, стаў пэрсанажам далёкай ужо “перабудовачнай” гісторыі.
Зусім не зьбіраюся прыніжаць вашага лідэра, спадарыня Дуброўская. Пагаджаюся, што Зянон Пазьняк адыграў значную ролю ў грамадзкім і палітычным жыцьці Беларусі пры канцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў. І што ягонае імя застанецца ў нацыянальнай гісторыі. Але сёньня настаў іншы час, ён патрабуе іншых палітыкаў, іншых імёнаў. Вы і вашыя аднапартыйцы верыце, што наперадзе ў Зянона Пазьняка новыя палітычныя перамогі. Але большасьць грамадзтва думае інакш. І з гэтым немагчыма не лічыцца.
Ліст ад прыхільніцы таварыства абароны жывёл “Ратаваньне” Разаліі Рубінчык зь Менску. Слухачка піша:
“Я ўжо шмат гадоў займаюся праблемамі жывёл. У Беларусі гэтыя праблемы, на жаль, не вырашаюцца. Пад лёзунгамі клопату пра людзей вядзецца барбарскае і бессэнсоўнае зьнішчэньне жывёл. Іх адлоўліваюць сярод белага дня, на вачах у людзей. Часта сьведкамі гэтага бесчалавечнага паляваньня становяцца дзеці, атрымліваючы цяжкія нэрвовыя траўмы. У адным толькі Менску за год зьнішчаецца каля 12 тысяч жывёлін. І робіцца гэта самым жорсткім чынам. Ні пра якое так званае “гуманнае” ўмярцьвеньне нават размовы ня йдзе.
А апошнім часам прадстаўнікі ўлады сталі гвалтоўным чынам урывацца ў жыльлё грамадзянаў. Спасылаюцца на скаргі суседзяў і забіраюць жывёлін. Хаця паводле Канстытуцыі жыльлё грамадзянаў — недатыкальнае”.
Разам зь лістом Разалія Рубінчык даслала артыкул з газэты “Ратаваньне” пра выпадак з пэнсіянэркай, удавой вядомага кінарэжысэра Тамарай Сьцяпанавай. Пасьля скаргі суседа ў яе кватэру прыйшлі разам зь міліцыянтам супрацоўнікі ЖЭСу і забралі дзевяць яе котак.
“І гэта ўжо ня першы і, баюся, не апошні выпадак, — паведамляе Разалія Рубінчык. — Чыноўнікі, да якіх зьвяртаюцца пацярпелыя, адказваюць, што ўсё ў рамках закону. Уражаньне такое, што вяртаецца 1937 год”.
Сапраўды, спадарыня Рубінчык, стаўленьне да няшчасных бадзяжных жывёлін, якім вы і вашыя аднадумцы самаахвярна даяце прытулак ва ўласных кватэрах, зусім не ідэальнае. Але, з другога боку, і вы мусіце прызнаць: тыпавыя панэльныя шматпавярхоўкі мала прыстасаваныя для таго, каб у цеснай кватэры жылі дзевяць котак. Праблемы, якія ў гэтым выпадку немінуча ўзьнікнуць у адносінах з суседзямі, давядзецца неяк вырашаць. Бо вельмі можа стацца: зь міласэрных пачуцьцяў прытуліўшы няшчасных жывёлін, вы зробіце невыносным жыцьцё людзей, якія жывуць побач. Натуральна, улады павінны вырашаць гэтую праблему стварэньнем прытулкаў для жывёл, а не вось такімі, так бы мовіць, “карнымі ўварваньнямі” у кватэры, што апісаныя ў лісьце.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Роберт Багарадаў з хутара Мураўішча Полацкага раёну, Ільля Копыл і Міхаіл Цымбераў зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by