Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Навошта беларусам незалежнасьць, калі яны і расейцы — адзін народ з адной мовай?”


Валянцін Жданко, Менск

У аглядзе — два лісты пра лёс незалежнасьці Беларусі. Дзевяць гадоў таму, аддаючы на прэзыдэнцкіх выбарах свае галасы за Аляксандра Лукашэнку, многія людзі сталага веку верылі, што ён выканае сваё абяцаньне і адновіць колішні Савецкі Саюз. Што гэтыя людзі думаюць пра беларускія рэаліі? Як ацэньваюць плён дзейнасьці свайго абраньніка — па-ранейшаму падтрымліваюць яго ці расчараваліся і больш не спадзяюцца, што ён выканае сваіх абяцаньняў?

Адказы на многія падобныя пытаньні ёсьць у лісьце адстаўнога вайскоўца Інакенція Сядых зь Менску. Слухач піша:

“За Аляксандра Лукашэнку я галасаваў на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Я і цяпер лічу, што альтэрнатывы ў Беларусі няма. Беларусы, па сутнасьці, нічым не адрозьніваюцца ад расейцаў. Беларуская мова ў Беларусі ўжо нікім усур’ёз не ўспрымаецца і не выкарыстоўваецца. І тое, што на расейскую мову цалкам пераводзіцца адукацыя, справаводзтва, тэлебачаньне — гэта зусім заканамерны працэс. Аляксандар Лукашэнка гэта разумее, таму і спрыяе гэтым працэсам.

Але ў іншым лёгіку ягоных учынкаў я разумець перастаў. Зусім натуральна, што чарговым, даўно насьпелым крокам павінна быць поўнае аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну фэдэрацыйную дзяржаву. Дзеля гэтага мы і галасавалі за прэзыдэнта Лукашэнку, і гэта ён нам абяцаў. Расея да гэтага гатовая: прэзыдэнт Пуцін даўно пацьвердзіў, што Беларусь далучаць да Расеі. На якіх правах? А якая розьніца? Нашто беларусам нейкая аўтаномія, калі яны і расейцы — адзін народ з адной мовай? І што ад гэтай аўтаноміі простаму чалавеку?

Усё больш прыходжу да думкі, што так званая “незалежнасьць” патрэбная толькі арміі чыноўнікаў, якія баяцца страціць свае пасады — дыпляматам, міністрам, генэралам ды да іх падобным. Ня думаю, што асабіста прэзыдэнт Лукашэнка дужа моцна трымаецца за сваю пасаду: Расея за такі царскі падарунак яго па-царску і аддзячыла б: месца ў найвышэйшым расейскім кіраўніцтве, думаю, яму гарантаванае.

Радыё Свабода я слухаю рэдка: мне зразумела, чые інтарэсы вы абараняеце. Але на гэтае пытаньне ваш адказ мне хацелася б паслухаць. У афіцыйных СМІ на гэту тэму не разважаюць — а дарэмна. На гэтую тэму даўно настаў час гаварыць адкрыта. Сказалі “А”, дык трэба казаць і “Б”, — напісаў Інакенці Сядых зь Менску.

Ня буду, спадар Сядых, камэнтаваць вашыя прыніжальныя, а часам і абразьлівыя словы на адрас беларускай мовы і беларускай нацыі. Чалавек вы, адчуваецца, для Беларусі чужы, вырасьлі на іншых, не беларускіх каштоўнасьцях і, верагодна, дагэтуль радзімай лічыце краіну ад Буга да Курыльскіх выспаў, якой на геаграфічнай мапе ўжо няма. Магчыма, у тым не віна, а бяда ваша.

Вашыя аргумэнты наконт таго, што беларусы “нічым не адрозьніваюцца ад расейцаў” і што беларуская мова вынішчаецца з аб’ектыўных прычынаў не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Усур’ёз палемізаваць з гэтымі прымітыўнымі прапагандысцкімі штампамі, узятымі з арсэналу расейскіх шавіністаў, не выпадае. Ваш ліст мяне зацікавіў зь іншай прычыны. Выглядае, што вы зусім шчыра зьдзіўляецеся — чаму Аляксандар Лукашэнка ня робіць таго вырашальнага, фатальнага для беларускай дзяржавы кроку, якога вы ад яго так доўга чакаеце.

Адзін адказ — на паверхні, ён відавочны. Хоць вы, спадар Сядых, і мяркуеце, што Крэмль па-царску аддзячыць былога прэзыдэнта незалежнай дзяржавы за 208 тысяч квадратных кілямэтраў беларускай зямлі, насамрэч гэта зусім не відавочна. І найперш для самога Лукашэнкі. Дзе гарантыі, што ў Маскве ён атрымае, напрыклад, пасаду віцэ-прэзыдэнта Расеі, у склад якой увойдзе Беларусь, а не партфэль якога-небудзь міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі? Гарантыяў такіх няма.

Тлумачэньне, паўтару, відавочнае, але ўсё ж, на маю думку, не вычарпальнае. Так, значная частка беларусаў (у тым ліку тых, што складаюць палітычную эліту) ня бачаць нічога заганнага ў татальнай русіфікацыі. Больш за тое, яны самі яе праводзяць і заахвочваюць. І ўсё ж у апошні момант, калі сапраўды паўстае пытаньне пра лёс Беларусі як незалежнай дзяржавы, нават гэтыя людзі спыняюцца. Не выключаю, што нават да іх даходзіць злавесны сэнс і зьмест незваротнага ўчынку, якога ніколі не даруюць ім наступныя пакаленьні беларускай нацыі.

Закончу гэтыя нататкі лістом інжынэра Міхаіла Лысевіча зь Ліды. Слухач, разважаючы на гэтую ж тэму, піша:

“Наш народ пакуль не зразумеў, а самае страшэннае — не заўважыў, што стаў падобны да хворага на нейкую залежнасьць чалавека. Мы праглынулі інтэграцыю, расейскі рубель, уласную слабасьць, пагарду да сваіх каранёў; нас пасадзілі на наркатычную голку таннага газу, нафты, крэдытаў. І вось, калі мы дэградавалі і сталі галоднымі жабракамі, нашыя “добразычліўцы” прыйшлі па нас, па нашую краіну, па нашых дзяцей, па ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам.

Вы гэтага не жадаеце? Але вас ужо ніхто і не пытае. Ці ёсьць выйсьце з гэтага? Так, ёсьць. Мы мусім адмовіцца ад гэтай залежнасьці, якой бы салодкай, на погляд многіх, яна ні была. Мусім вярнуцца да саміх сябе, зразумець: мы — самадастатковы народ. Усё, што патрэбна, мы маем, засталося абудзіць душу сваю, спазнаць веру, выракчыся чужога (то бок грахоўнага), і рушыць наперад. Цяжка? Але лёгка ў такой сытуацыі і не бывае. А калі нічога не рабіць, нічога не заўважаць і далей, нашую нацыю чакае толькі нябыт”.

Думаю, спадар Лысевіч, падобныя думкі рана ці позна апаноўваюць кожнага, хто здольны задаць сабе пытаньне пра лёс краіны, у якой жыве, і пра ступень уласнай адказнасьці за тое, якую спадчыну ён пакіне сваім дзецям.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір штосераду і штонядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG