Я адклаў некалькі лістоў слухачоў, якія даўно і пільна сочаць за перадачамі Беларускай Свабоды і маюць да пачутага сур’ёзныя заўвагі. Тычацца яны галоўным чынам найбольш вострых палітычных тэмаў апошняга часу — беларуска-расейскіх стасункаў, пагрозы страты незалежнасьці Беларусі, русіфікацыі грамадзкага жыцьця.
Пачну зь ліста Сяргея Лыскевіча зь Берасьця. Слухач піша:
“Свабода чамусьці заблукала ў трох соснах ды ўводзіць у зман сваіх слухачоў. Вы ўсё пра беларусаў, Беларусь, беларускую мову. Нібы ня бачыце, што ў Беларусі паўсюль пануе расейшчына? Не заўважаеце бервяна ў воку. Рэжым тым часам усё больш зьвярэе, але аб гэтым маўчаць. Паглядзіце ды ацаніце гэты шэраг невыпадковых падзеяў: зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў; зьмена нацыянальнай сымболікі; ухіленьне з найвышэйшых эшалёнаў улады ўсіх сьвядомых беларусаў; стварэньне голдынгу (своеасаблівага гета) для ўсіх беларускамоўных выданьняў; перасьлед усіх няўрадавых асяродкаў; русіфікацыя прэсы, тэлебачаньня, сыстэмы адукацыі; закрыцьцё Нацыянальнага ліцэю.
А вы ўсё гаворыце аб незалежнай палітыцы Лукашэнкі. Мне дык даўно стала ясна, што гэта за птушка. Ягоная задача — канчаткова асыміляваць беларусаў, а Беларусь зрабіць расейскай правінцыяй. Не разумею, чаму вы так спакойна глядзіце на забойства народу, ад імя якога ведзяце перадачы. Рэжым прызнае толькі сілу, а вы расьпісваецеся ва ўласнай бесхрыбетнасьці”.
Дзіўна чуць такія абвінавачаньні, спадар Лыскевіч, бо ўвесь пералік названых вамі падзеяў і зьяваў дэталёва асьвятляўся і аналізаваўся на хвалях беларускай Свабоды. Відавочна, вам не падабаецца танальнасьць нашых выступаў: вы выказваеце зьдзіўленьне, чаму пра тое, што адбываецца ў краіне, мы распавядаем спакойна, у той час як, паводле вашага цьверджаньня, “рэжым прызнае толькі сілу”.
Але гэта ёсьць прынцыпам дзейнасьці Радыё Свабода — распавядаць пра падзеі ў спакойнай стрыманай манеры, весьці аргумэнтаваную размову, выказваючы павагу да правоў кожнага чалавека. Апроч таго, перадачы Свабоды ня мусяць утрымліваць матэрыялаў, якія могуць быць вытлумачаныя як падбухторваньне ці падахвочваньне да гвалтоўных дзеяньняў. Памылковым таксама ёсьць вашае цьверджаньне, што мы нібыта вядзём перадачы “ад імя беларускага народу”.
Ліст ад Зянона Антонава зь Менску:
“І што гэта ты, беларуская Свабода, людзей у зман уводзіш? Тое, што Лукашэнка адмаўляецца аб’ядноўваць беларускія ды расейскія грошы — для вас загадка? Ды няма тут даўно ніякай загадкі. Лукашэнка і не хавае: аб’яднаньне будзе толькі пры той умове, што зьявяцца саюзная Канстытуцыя, саюзны ўрад і саюзны прэзыдэнт. А хто будзе прэзыдэнтам Саюзу? Калі не Лукашэнка, дык у такога саюзу няма шанцаў.
Успомніце, як Лукашэнка цягам некалькіх гадоў езьдзіў па Расеі ды праводзіў уласную агітацыйную кампанію. І расейцы ад яго былі ў захапленьні. Але Пуцін, хоць і са спазьненьнем, уцяміў, куды гне Лукашэнка. Хоць той і цяпер ня кідае сваёй задумы. Ды расейскія чыноўнікі на чале з Пуціным пільныя: яны дзяліцца ўладай не зьбіраюцца. Відаць, дарэмна мараць беларускія расейцы аб Вялікай Расеі”.
Мы, спадар Антонаў, шмат разоў на працягу апошніх гадоў зьвярталі ўвагу на гэтую праблему. Нямала казалі і пра магчымыя пляны Аляксандра Лукашэнкі, зьвязаныя з выхадам на расейскую палітычную сцэну. Сапраўды, гэтыя намеры выглядаюць вельмі верагоднымі і даволі пераканаўча растлумачваюць усе апошнія супярэчнасьці ды канфлікты ў беларуска-расейскіх стасунках. Хоць зводзіць адносіны паміж Менскам і Масквой толькі да гэтага аспэкту наўрад ці выпадае.
Ліст ад Марыі Раманенкі са Слуцку. Слухачка даслала нам ідэалягічныя нататкі дэпутата Палаты прадстаўнікоў Усевалада Янчэўскага, якія той надрукаваў у газэце “Слуцкі край”. Пад уражаньнем ад прачытанага Марыя Раманенка зьвяртаецца на Свабоду з такімі прапановамі:
“Хацелася б пачуць Вашыя камэнтары да выказваньняў Янчэўскага аб нібыта райскім жыцьці ў Беларусі. Асабліва цікава, што вы думаеце наконт вызначэньня Янчэўскага дзяржаўнай ідэалёгіі. Калі памятаеце, на ідэалягічнай нарадзе ў прэзыдэнта з удзелам навукоўцаў і высокіх чыноўнікаў на пытаньне Лукашэнкі, як яны разумеюць сутнасьць дзяржаўнай ідэалёгіі нічога зразумелага не прагучала — ніхто ня даў канкрэтнага адказу. А вось у Янчэўскага адказ знайшоўся”.
Паводле дасланай Вамі, спадарыня Раманенка, нататкі, Усевалад Янчэўскі лічыць, што сэнс ідэалягічнай работы — зрабіць так, “каб кожны чалавек разумеў, што адбываецца ў краіне ды сьвеце. Тады яго нельга будзе падмануць. Тады ён будзе прымаць правільныя рашэньні”. Пакуль жа, паводле Янчэўскага, людзей хочуць падмануць праз апазыцыйны друк, расейскія тэлеканалы ды Інтэрнэт. А Лукашэнка хоча, каб людзі ведалі праўду, таму і распачаў усю гэтую ідэалягічную кампанію.
Кожны разважлівы чалавек, паслухаўшы такое вызначэньне, спытае: а чаму вы, спадар Янчэўскі, зыходзіце з таго, што праўдзівая інфармацыя сыходзіць толькі ад Аляксандра Лукашэнкі, а ўсе астатнія — хлусяць. Вы хочаце, каб людзі ведалі праўду? Тады забясьпечце вольны доступ да ўсіх крыніцаў інфармацыі, усіх пунктаў гледжаньня. Зрабіце так, каб у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня можна было пачуць ня толькі Лукашэнку ды ягоных прапагандыстаў, але і іхных апанэнтаў.
Таму, спадарыня Раманенка, вызначэньне мэтаў ідэалягічнай работы (у выкананьні Янчэўскага) мае патрэбу ва ўдакладненьні. Янчэўскі кажа, што мэта — “каб людзі ведалі праўду”, а трэба б дадаць “праўду такую, якой яе бачыць ці хацела б бачыць улада”.
Узор такой “праўды” — прапагандысцкая нататка самога Янчэўскага. Узяць хоць бы адзін яе фрагмэнт, наконт платнай мэдыцыны. Дэпутат піша, што платнай мэдыцыну хацелі зрабіць нядобрыя чыноўнікі. А Лукашэнка выступіў катэгарычна супраць. “Хворых людзей, — кажа Янчэўскі, — дзяржава павінна лячыць бясплатна. А на платнай аснове павінны рабіцца зусім іншыя рэчы. Напрыклад, здаровы чалавек, нічога яму не баліць, але вырашыў на ўсякі выпадак абсьледавацца. У гэтым выпадку няхай плаціць. Але калі нейкая хвароба — толькі бясплатна”.
Ну, што, апроч іранічнай усьмешкі, можа выклікаць гэтае цьверджаньне ў любога, каму выпала лячыцца ў беларускім шпіталі ці пабываць на прыёме ва ўчастковай паліклініцы? Магчыма, Усеваладу Янчэўскаму і вядомае такое месца, дзе лечаць бясплатна і якасна (можна нават здагадацца, што гэта так званая “лечкамісія” — спэцпаліклініка і спэцшпіталь для высокапастаўленых чыноўнікаў). Але для большасьці далёкіх ад улады беларускіх грамадзянаў захварэць — гэта аддаць значную частку сямейнага бюджэту на лекі, на платнае абсьледаваньне, платныя працэдуры, на так званыя “падарункі” дактарам, мэдсёстрам ды санітаркам.
На заканчэньне — ліст Аліны Дуброўскай зь Дзяржынску (Койданава). Слухачка піша:
“Слухала я адказы дырэктара Беларускага нацыянальнага ліцэю на пытаньні слухачоў Свабоды і дзівілася. Зьдзіўляе ўпартасьць спадара Коласа ў непрызнаньні сваіх памылак. Так, кожны чалавек мае права на палітычную дзейнасьць. Але, апрача правоў, ёсьць яшчэ і абавязкі. Калі ў вялікую палітыку ідзе бізнэсовец, ён рызыкуе сваім бізнэсам і лёсам сваёй сям’і. Гэта мы бачым на прыкладзе Андрэя Клімава ды Ўладзімера Кудзінава.
Настаўнік нясе адказнасьць перад бацькамі, якія даверылі яму лёс сваіх дзяцей. Дырэктар ліцэю рызыкуе лёсам навучальнай установы. А ў дадзеным выпадку нанесены моцны ўдар па ўсёй нацыянальнай адукацыі. Сапраўдная прычына закрыцьця ліцэю — тое, што ён беларускі, але падставай для закрыцьця паслужылі паводзіны дырэктара, яго грамадзкая дзейнасьць.
Адказы на пытаньні сьведчаць аб тым, што Ўладзімер Колас спадзяецца на дапамогу добрых людзей, а сам не зьбіраецца нічога рабіць, каб выправіць становішча. На першым пляне для яго была і застаецца палітычная дзейнасьць. Не зразумеў гэты чалавек, што закрыцьцё ліцэю — гэта адначасова і крах ягонай палітычнай кар’еры”, — лічыць Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава).
І гэты, і многія іншыя лісты з падобнымі ж ацэнкамі пазыцыі дырэктара ліцэю і ступені ягонай віны ўражваюць тым, што іхныя аўтары фактычна пакідаюць за дужкамі матывы, якімі кіравалася ўлада, калі зачыняла ліцэй. Ацэнка таго, што навучальную ўстанову чыноўнікі зьліквідавалі за тое, што не падабаецца палітычная пазыцыя кіраўніка — аўтары такіх лістоў не даюць, нібы лічаць, што гэта зусім натуральна, што інакш і быць ня можа. І ўвесь свой крытычны патас ўсьлед за ўладай накіроўваюць на Ўладзімера Коласа.
Калі б я, спадарыня Дуброўская, з Вашых папярэдніх лістоў ня ведаў, што Вы — сябра партыі Зянона Пазьняка, дык мог падумаць, што пісала гэты ліст якая-небудзь чыноўніца, настолькі супадае вашая пазыцыя з афіцыйнай.
Апошнімі днямі нам таксама даслалі лісты Ўладзімер Крушкін з Магілёва, Галіна Хурсанава і Ўладзіслаў Жыгалка зь Менску. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір штосераду і штонядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.