Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За сорак гадоў працы не зарабіў нават на пахаваньне...”


Валянцін Жданко, Менск

У сёньняшнім кароткім аглядзе — два лісты на тэму, блізкую амаль усім беларускім грамадзянам. Людзі, зь непакоем і трывогай назіраючы за тым, як усё цяжэй зводзіць канцы з канцамі, міжволі вымушаныя задаваць тыя ж пытаньні, якія задае ў лісьце на Свабоду Іван Сядой зь Менскай вобласьці. Больш падрабязнага адрасу слухач не падае (чаму — становіцца зразумела са зьместу ліста). Іван Сядой так распавядае пра сваё цяперашняе жыцьцё:

“Я — інвалід другой групы пажыцьцёва. Атрымаў агульнае захворваньне пасьля 25-ці год работы. А агульны бесьперапынны стаж у мяне — 40 гадоў. Мая пэнсія з прычыны інваліднасьці складае прыблізна 40 даляраў. Працаздольная ў сям’і толькі жонка — яе заробак за месяц не перавышае 80-ці даляраў.

Паводле ўладаў, спажывецкі кошык на нашую сям’ю павінен складаць ня менш за 206 000 рублёў, і гэта без уліку выдаткаў на транспарт, сьвятло, лекі, адзеньне і абутак.

Калі аплаціць усе ўзаконеныя паборы, то ў нас не застанецца грошай нават на пахаваньне”.

Далей у сваім лісьце Іван Сядой апісвае гісторыю з хатай, якую ён прыватызаваў, заплаціўшы калгасу, паводле рэшткавага кошту, кадя 200 даляраў. Пасьля гэтага Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі ацаніла хату ўжо амаль у тысячу даляраў. А калі настаў час плаціць падаткі, Івану Сядому налічылі іх, зыходзячы ўжо з кошту 12,5 тысячаў даляраў.

“І гэта за хату, якую калі хто й захоча купіць, дык больш як 300 даляраў ня дасьць,— піша Іван Сядой.— Падатковая служба налічыла мне падатак на нерухомасьць — больш як 43 тысячы рублёў — я адмовіўся плаціць такую грабежніцкую суму.

Вёска існуе толькі на энтузыязьме,— працягвае свой ліст Іван Сядой.— Ніякіх зьменаў у ёй не адбылося з часоў графа Пацёмкіна.

Сустракаюся зь людзьмі, і ўсе у адзін голас цьвердзяць: “Навошта нам такія выбраньнікі й слугі народа? Чым мы прагнявілі Бога і хто нам дапаможа?”

Можа, варта нам усім урэшце задумацца: ці так мы жывем і ці ня крывім душой перад сабой і Богам? Бо вядома ж: калі хоча Бог каго пакараць, дык адбірае розум”.

У сваім лісьце Іван Сядой таксама паведамляе, што слухае беларускую Свабоду з 68-га году. “За гэты час ні разу не пісаў вам, але цяпер гэта — неабходнасьць,— піша слухач.— У Беларусі склалася становішча, калі задумваешся: а ці ёсьць іншае выйсьце, апроч уцёкаў з гэтай краіны? Вяртаюцца норавы 50-х гадоў, а з нашым кіраўніцтвам магчыма ўсё: паводзіны ягоныя непрадказальныя, даверу няма.

Усё часьцей думаю, што без пабочнай дапамогі гэтак званыя “памяркоўныя” беларусы іншага жыцьця не дачакаюцца”,

— лічыць Іван Сядой зь Менскай вобласьці.

Напэўна, спадар Сядой, гэта ўсё ж ілюзія — што хтосьці з-за мяжы прывязе ў Беларусь дэмакратыю, паставіць разумных начальнікаў, увядзе справядлівыя законы,— і тады настане іншае жыцьцё для “памяркоўных беларусаў”.

Ваш патэтычны заклік — “нарэшце ўсім задумацца, ці так жывем” — у агульнафілязофскім сэнсе, безумоўна, слушны, але з пункту гледжаньня практычнага — які ў ім плён для чалавека, што трапіў у падобную да вашай сытуацыю?

Адказ на некаторыя з вашых пытаньняў, мне здаецца, ёсьць у кароткім лісьце іншага нашага слухача — інжынэра Вікенція Сімановіча зь Менску. Ён піша:

“Сьмяюся над вашымі палітолягамі ды палітыкамі: яны ўсё прадказваюць нейкі сацыяльны выбух. Маўляў, насельніцтва даведзенае да адчаю, цярпець больш ня будзе... Ня вучаць вашыя экспэрты гісторыю. Беларусы выжылі не таму, што змагаліся, а таму, што ўмелі пераседзець навалу. Тое ж самае і цяпер: людзей прыціснулі, але гэта не азначае, што яны пабягуць на плошчу. Наадварот, усе паразьбягаліся па лецішчах, вёсках і лясах. Капаюць бульбу, нарыхтоўваюць капусту і моркву, зьбіраюць грыбы-ягады. З голаду не прападуць, нават калі заробкаў увогуле ня будзе”,

— лічыць Вікенці Сімановіч зь Менску.

Магчыма, для многіх далёкіх ад палітыкі людзей у гэтым і ёсьць выйсьце — стаць максымальна незалежным ад улады, ня цешыцца з чужых абяцаньняў, каб потым не апынуцца ў пакутлівай ролі падманутага і зьняважанага.

Урэшце, якім чынам можа выказаць у сваёй вёсцы сацыяльны пратэст пакрыўджаны ўладай Іван Сядой?

Адзін мой знаёмы аднавясковец — чалавек з большага цьвярозых паводзінаў — пасьля таго, як месячнага заробку ў саўгасе ня стала хапаць нават на хлеб, цукар і алей (а гэта звычайны харчовы кошык беларускага вяскоўца) — кінуў такую працу, а на апошнія грошы купіў каня. Цяпер мае шмат клопатаў і шмат працы, але на ўсё, што адбываецца ў напаўразбураным саўгасе, пазірае ня толькі з абурэньнем, але яшчэ і з гіроніяй — як кожны, хто адчувае сваю хоць бы адносную незалежнасьць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас ZdankoV_RS@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG