Пачну зь некалькіх лістоў на тэму дачыненьняў улады і сродкаў масавай інфармацыі. Праблема гэтая стала асабліва актуальнай у апошні час, калі ў шэрагу недзяржаўных мэдыяў зноў узьніклі цяжкасьці з рэгістрацыяй, друкарскай базай, распаўсюдам. Адначасова беларускае кіраўніцтва распачало актыўныя дзеяньні на расейскім інфармацыйным полі.
Вось як адгукнуўся на гэтыя падзеі наш слухач Міхаіл Мокуць са Сьветлагорску. У сваім лісьце ён піша:
“Зьдзіўляюць мяне тыя расейскія журналісты, якіх чатыры дні паказвалі ўсе беларускія тэлеканалы. Няўжо яны не разумеюць, што ім паказалі толькі тое, што выгадна беларускім уладам: найлепшае прадпрыемства, добры саўгас пад Менскам, які пасьпяхова жыве толькі за кошт сталіцы. Няхай бы ад’ехалі за якую сотню кілямэтраў ад Менску, паглядзелі, як калгасныя палі зарастаюць быльнягом, як сьпіваецца і вымірае вёска, як людзі паўгоду ня бачаць жабрацкіх заробкаў.
Лукашэнка зноў усіх перахітрыў. Ён сказаў, што цяпер будзе запрашаць такія дэсанты расейскіх журналістаў кожны год, ці нават часьцей. У выніку ён фактычна атрымае доступ на расейскую палітычную сцэну і будзе пасьпяхова “раскручваць” сябе ў расейскіх рэгіёнах. Зразумела ж, што напішуць пра беларускі рэжым журналісты, якія гасьцявалі ў Беларусі за кошт беларускай улады і глядзелі толькі тое, што ім гэтая ўлада паказвала”, — напісаў Міхаіл Мокуць са Сьветлагорску.
Наўрад ці варта, спадар Мокуць, перабольшваць значэньне паездкі гэтых сямідзесяці расейскіх журналістаў у Беларусь і ўплыў іхных публікацыяў на грамадзкую думку ў Расеі. Чатыры дні іх паказвалі па тэлебачаньні толькі тут, у Беларусі, дзе і без таго на ўсіх тэлеканалах штодня гучыць голас ды мільгае твар Аляксандра Лукашэнкі. У Расеі ніводзін тэлеканал не палічыў гэта значнай падзеяй.
Да таго ж, прыехалі на запрашэньне беларускіх уладаў пераважна прыхільнікі палітыкі Лукашэнкі, якія працуюць у адпаведных ня самых масавых выданьнях. Ад яшчэ адной іхнай публікацыі пра так званыя “дасягненьні” беларускіх уладаў грамадзкая думка ў Расеі ня зьменіцца.
Свой погляд на ролю і месца сродкаў масавай інфармацыі — у нашай слухачкі Вольгі Кудлатавай з Магілёва. Яна піша:
“Небагата мы жывем, цяжка. Але хіба гэта падстава дзеля таго, каб радавацца нашым бедам, смакаваць цяжкасьці і праблемы? Бачна, Свабода, што ты не разам зь беларускім народам, што адарвалася ад яго. Замест таго, каб дапамагаць вырашыць нашы праблемы, твае журналісты толькі падбухторваюць людзей, сеюць незадаволенасьць і няўпэўненасьць у заўтрашнім дні.
Няўжо нельга расказваць пра тое сьветлае, што ёсьць у нашым жыцьці, падбадзёрыць людзей, натхніць іх на новыя зьдзяйсьненьні? Журналісты павінны дапамагаць людзям з годнасьцю пераадольваць часовыя цяжкасьці, клікаць да лепшага, абнадзейваць...”
Бачна, спадарыня Кудлатава, што вы ў свой час вельмі добра засвоілі, якімі, паводле камуністычных ідэолягаў, павінны быць задачы савецкай прэсы. Усе гэтыя выразы кшталту “не ачарняць”, “натхняць на новыя зьдзяйсьненьні”, “распавядаць пра сьветлае” — узятыя з арсэналу кампартыйных ідэолягаў. Калі кіравацца такімі прынцыпамі, у газэтах і на радыё ня будзе ні аб’ектыўнай інфармацыі, ні цікавых навінаў, ні глыбокага аналізу — адны саладкавыя замалёўкі пра перадавікоў вытворчасьці ды траскучыя лёзунгі, на якія ніхто не зьвяртае ўвагі.
Мы ж свае задачы бачым у іншым — перадаваць аб’ектыўныя навіны, усебаковы аналіз актуальных падзеяў і праблемаў, — незалежна ад таго, падабаецца гэта нейкім палітычным сілам ці не. Ня ведаючы праўды пра сваю краіну, пра дзеяньні ўлады і апазыцыі, пра тое, што адбываецца наўкол, чалавек ня можа рабіць правільны выбар і знайсьці шлях да той “сьветлай будучыні”, будаваць якую вы, спадарыня Кудлатава, заклікаеце нас разам зь сёньняшняй беларускай уладай.
Цікавы ліст атрымалі мы ад ананімных аўтараў, якія падпісаліся як “сябры Саюзу агульнай справы”. Яны паведамляюць, што некалькі тыдняў таму многія жыхары Менску знайшлі ў сваіх паштовых скрынях лісты з расповедам пра суседзяў, якія былі сябрамі выбарчых камісіяў падчас нядаўніх выбараў у мясцовыя саветы. У гэтых паведамленьнях, у прыватнасьці, напісана:
“За мінулую сэсію савету ніводзін з дэпутатаў ня выступіў з запытам наконт бескантрольнага росту цэнаў на камунальныя паслугі, не задаў пытаньня пра сьвядомае стрымліваньне ўладамі росту зарплатаў і пэнсіяў, нястрымны рост коштаў на самыя неабходныя харчы і лекі.
Масавае фальшаваньне вынікаў выбараў адбывалася у тым ліку і з дапамогай нашага суседа (указваецца прозьвішча і імя), які ўваходзіў у склад выбарчай камісіі. За гэта ўлада заплаціла яму 12 тысяч беларускіх рублёў. За гэтыя грошы, ды яшчэ за пляшку гарэлкі, прастаўленую пасьля выбараў, ён ды іншыя сябры выбарчых камісіяў прадалі ня толькі нашыя інтарэсы, але і інтарэсы нашых дзяцей. Цяпер яны рыхтуюцца другі, трэці, чацьверты раз прадаць нас — на рэфэрэндуме аб працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, на парлямэнцкіх ды прэзыдэнцкіх выбарах. Яны будуць прадаваць нас да таго часу, пакуль ня будуць ведаць, што іхная подласьць ды прадажнасьць стануць вядомыя ўсім, у тым ліку суседзям.
А таму: паважаныя суседзі! Спаткаўшы ў двары гэтага чалавека, проста паглядзіце яму ў вочы. Можа, яму стане хаця б сорамна. Ад суседзяў не ўцячэш”, — робяць выснову ў сваім паведамленьні, разасланым менскім выбарцам, сябры Саюзу агульнай справы. А ў сваім лісьце на Свабоду ўдакладняюць:
“Мы прапануем скласьці “чорны сьпіс” усіх, хто ўдзельнічаў у масавых фальшаваньнях. Чым больш людзей зразумее, што іхныя справы рана ці позна стануць вядомыя ўсім, тым больш яны будуць баяцца ўласных подлых учынкаў. Публікуйце іхныя імёны, распавядайце пра іх. Самае галоўнае — раскажыце пра іх суседзям. “Чорны сьпіс” — наша зброя супраць будучых фальшаваньняў”.
На жаль, спадзявацца толькі на тое, што гэтыя людзі прыслухаюцца да голасу сумленьня, альбо ім стане сорамна перад суседзямі — не выпадае. У выбарчыя камісіі цяпер запісваюць найчасьцей так званыя “старыя правераныя кадры”, тых, хто набіў руку яшчэ падчас колішніх савецкіх выбараў зь іхным так званым “непарушным блёкам камуністаў ды беспартыйных” і ягонай “чарговай пераканаўчай перамогай”.
Сярод гэтых людзей мне даводзілася сустракаць унікальных асобін, якія шчыра верылі ў тое, што ўпісваць у пратаколы тыя лічбы, якія называе начальства, а ня тыя, што атрыманыя пры падліках — гэта ёсьць зусім нармалёвым учынкам, што ў гэтым няма нічога ганебнага.
Шкада, але ў Беларусі тая савецкая сыстэма так званых “выбараў” не была асуджаная, а яе выканаўцы ды стваральнікі не панесьлі ніякай адказнасьці. Напэўна, таму так лёгка тая сыстэма і была рэанімаваная, калі гэта спатрэбілася ўладзе.
Ліст ад нашага даўняга слухача, былога партызана Віктара Скарахода зь Менску. Ён піша:
“Усё часьцей сродкі масавай інфармацыі пішуць і гавораць пра тое, што Лукашэнка можа застацца пры ўладзе да канца свайго жыцьця. А я вось думаю, што маральнасьць, сумленьне Аляксандра Рыгоравіча не дазволяць яму пайсьці на такі ўчынак. Ён жа ня выканаў ніводнага з абяцаньняў, што даваў пры абраньні на першы тэрмін.
А вольнае абыходжаньне з Канстытуцыяй, перапісваньне яе артыкулаў пад свае амбіцыі, самавольнае дабаўленьне больш як на два гады прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў у 1996 годзе? А хто паклаў эканоміку на лапаткі ў горадзе і вёсцы? Няўжо Навіцкі? Ды не, усе ведаюць, што гэта вынікі так званага “рынкавага сацыялізму”, які запачаткаваў і будуе Аляксандар Лукашэнка”.
Думаю, спадар Скараход, перад новым рэфэрэндумам і чарговымі выбарамі і сам Аляксандар Лукашэнка, і большасьць выбарцаў наўрад ці будуць успамінаць колішнія абяцаньні дзесяцігадовай даўніны ці ўскладаць нейкія спадзяваньні на новую праграму прэзыдэнта, які дванаццаць гадоў кіраваў краінай. Чаго чакаць ад Аляксандра Лукашэнкі і на што ён здольны, усе ведаюць.
На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага слухача з Украіны, з Адэсы — Аляксандра Ніжэвіча. Аляксандар паведамляе пра тое, як чуваць Беларускую Свабоду ў Адэсе; наракае, што ва Ўкраіне немагчыма знайсьці дыскі зь беларускай музыкай, а таксама зьвяртаецца да мяне з пытаньнем, чаму на Інтэрнэт-сайце Беларускай Свабоды няма майго электроннага адрасу.
Напэўна, Аляксандар, вы ня надта ўважліва знаёміліся з нашым сайтам. Калі вы чытаеце агляды лістоў у Інтэрнэце (а для гэтага дастаткова адшукаць рубрыку “Агляд пошты”), то мой e-mail можаце знайсьці ў кожным выпуску перадачы, напрыканцы тэксту.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікола Ліцьвінчык зь Бярозы, Канстанцін Міронаў зь Менску і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.