Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Без Аляксандра Лукашэнкі Беларусь ператварылася б у сыравінны прыдатак Захаду”


Валянцін Жданко, Менск

Апошнім часам у вельмі многіх лістах зноў, як і сем гадоў таму, пачало згадвацца слова “рэфэрэндум”. Амаль усе слухачы, якія наважваюцца аналізаваць палітычныя падзеі ў Беларусі, не сумняюцца, што цяперашні лідэр у хуткім часе захоча зьмяніць Канстытуцыю такім чынам, каб займець магчымасьць застацца пры ўладзе і пасьля 2006 году. Гэтыя чаканьні часта пацьвярджае і сам Аляксандар Лукашэнка, на ўсе падобныя пытаньні адказваючы, што трэба спытацца ў народу, ці не надакучыў яму прэзыдэнт Лукашэнка.

Васіль Бухмач са Слуцкага раёну з гэтай нагоды піша:

“Усе, хто хоць крыху цікавяцца палітыкай і глядзяць тэлевізар, ужо зразумелі: Аляксандар Лукашэнка так проста ад улады не адмовіцца. Здавалася б, усім відавочна: прабыў ты прэзыдэнтам дванаццаць гадоў замест дзесяці, аднаго разу ўжо зьмяніў Канстытуцыю дзеля таго, каб пашырыць сваю ўладу і падоўжыць паўнамоцтвы. Паўладарыў удосталь. Усё, чаго мог дасягнуць дасягнуў — часу хапіла: нічога новага ад такой асобы ў далейшым чакаць не даводзіцца. Дык сыдзі як чалавек, згодна са сваімі ж законамі. Навошта, як какетка, зноў пытацца ў людзей: “Ці я вам падабаюся? Можа, яшчэ застацца кіраваць вамі?”

Усе, і сам Лукашэнка ў тым ліку, разумеюць: сыстэма ўлады ў Беларусі такая, што забясьпечыць любы патрэбны Лукашэнку вынік на любых выбарах і рэфэрэндумах. І любыя рэфэрэндумы ў цяперашніх умовах — адна крывадушнасьць і сорам”.

Ідэя падаўжэньня паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі непапулярная, і наўрад ці стане больш прывабнай за тыя тры гады, што засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў. Амаль усе папярэднія маштабныя палітычныя кампаніі, выбары ды рэфэрэндумы Аляксандар Лукашэнка праводзіў ва ўмовах, калі грамадзкая думка была калі ня яўна на ягоным баку, дык вагалася. У любым выпадку, ён абапіраўся на значную грамадзкую падтрымку. Фальшаваньні пры падліку бюлетэняў у такіх умовах калі і былі патрэбныя, дык параўнальна нязначныя: тэхнічна выканаць іх спрактыкаваным і цалкам паслухмяным выбарчым камісіям было нескладана.

Цяперашняя сытуацыя прынцыпова іншая. І ўтрымаць уладу ў такіх умовах намнога больш складана — нягледзячы нават на жорсткую сыстэму ўлады. Напэўна, толькі гэта і стрымлівае пакуль Аляксандра Лукашэнку, які не прывык да такога становішча і апасаецца народнай нелюбові.

Ліст ад настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:

“Ключ для вырашэньня ўсіх нашых агульнацыянальных (вялікіх і малых) праблемаў — у свабодных, справядлівых, празрыстых, сапраўды дэмакратычных выбарах. Як дамагчыся іх правядзеньня? З вышыні майго 78-гадовага досьведу ды здаровай чалавечай лёгікі шлях мне бачыцца наступны.

Па-першае, неадкладна склікаць Форум усіх здаровых дэмакратычных сілаў грамадзтва, на якім калектыўна выпрацаваць і прыняць патрабаваньні да ўлады наконт новага выбарчага закону;
па-другое, калі ўлада гэтае справядлівае патрабаваньне выканаць не пажадае — адкрыта і гучна абвесьціць пра няўдзел у будучых выбарах ды рэфэрэндумах. А пра сваё рашэньне неадкладна паведаміць ААН, міжнароднай супольнасьці, адпаведным эўрапейскім структурам.

Бо пры выбарчай сыстэме, якая існуе цяпер, пры татальным кантролі ўлады за фармаваньнем выбарчых камісіяў, адсутнасьці незалежнага назіраньня ды масавым датэрміновым галасаваньні — дэмакратычных зьменаў у грамадзтве нам не дачакацца”, — напісаў настаўнік-пэнсіянэр Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

Падобных форумаў, кангрэсаў, сходаў ды зьездаў за апошняе дзесяцігодзьдзе было нямала, спадар Ляскоўскі. Былі і катэгарычныя (і вельмі слушныя) рэзалюцыі, патрабаваньні, пагрозы байкоту. Была аднаго разу і кампанія байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. Ці прынесла гэта колькі-небудзь заўважны плён?

Ва ўмовах, калі ўлада не пагаджаецца ні на якія кампрамісы і не зважае на рэакцыю дэмакратычных краінаў, эфэкт падобных кампаніяў нязначны.

Хоць у галоўным вы, спадар Ляскоўскі, безумоўна, маеце рацыю: без справядлівых дэмакратычных выбараў беларускую сытуацыю зьмяніць немагчыма. Пытаньне ў тым, як дамагчыся такіх выбараў? Магчыма, галоўная ўмова тут — усьведамленьне самім грамадзтвам таго, што далей так жыць, застаючыся апошняй выспай аўтарытарызму на эўрапейскім кантынэнце — нельга.

Ліст ад прыхільніка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі Канстанціна Воліна з Магілёва. Слухач піша:

“Лукашэнка робіць дзеля незалежнасьці Беларусі больш, чым вашы Пазьняк, Лябедзька, Шушкевіч і Грыб разам. Дапусьці іх да ўлады — Беларусь даўно ўжо стала б сыравінным прыдаткам Захаду. Заводы збанкрутавалі б, калгасы развалілі б, а маладым беларусам не было б іншай працы, як ісьці ў бандыты альбо прастытуткі. Лукашэнка выратуе Беларусь, і беларусы яшчэ скажуць яму за гэта дзякуй.

Што да беларускай мовы — то, на жаль, яна паволі вымірае, але вінаваты ў гэтым не Лукашэнка, а самі беларусы. Лукашэнка ажыцьцяўляе тую моўную палітыку, якая падабаецца большасьці. А большасьць размаўляць па-беларуску не жадае. Навошта ж вы абвінавачваеце за гэта Лукашэнку? Абвінавачвайце ўжо тады саміх сябе, ці беларускі народ, што выбраў “ня тую” мову”, — напісаў Канстанцін Волін з Магілёва.

Да таго моманту, як Аляксандар Лукашэнка прыйшоў да ўлады, гэта значыць, на пачатку 90-х гадоў, Беларусь у эканамічным і сацыяльным разьвіцьці была на адным узроўні (а ў некаторых галінах і апярэджвала) сваіх заходніх і паўночных суседзяў — Польшчу, Літву, Латвію. І калі б да ўлады ў Беларусі прыйшлі сілы, якія ажыцьцяўлялі праэўрапейскую палітыку, то Беларусь, спадар Волін, хутчэй за ўсё, ужо ўступала б у Эўразьвяз разам зь іншымі краінамі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Як там жывуць людзі ў параўнаньні зь беларусамі, выснову можаце зрабіць самі. Параўнаньне гэта, відавочна, не на карысьць беларусаў.

Што да беларускай мовы. Так, у Беларусі спэцыфічная моўная сытуацыя. Большасьць насельніцтва размаўляе па-расейску ці на трасянцы, хоць адначасова большасьць жа падчас перапісу роднай мовай назвала беларускую. Калі б дзяржава клапацілася пра будучыню мовы, то прынамсі выконвала б закон, забясьпечыла б роўныя ўмовы для беларускай і расейскай моваў. Роўнасьці гэтай няма нідзе — ні ў адукацыі, ні ў справаводзтве, ні ў мэдыях, ні ў вонкавым афармленьні гарадоў і вёсак. Улада сьвядома праводзіць палітыку татальнай русіфікацыі, робячы веданьне беларускай мовы ўвогуле непатрэбным у грамадзкім жыцьці.

Супрацьстаяць гэтай палітыцы, на жаль, толькі рэдкія грамадзкія арганізацыі, ды яшчэ некаторыя энтузіясты — як, напрыклад, наш даўні слухач, былы партызан Віктар Скараход зь Менску. У сваім новым лісьце ён распавёў, як у розны час у розных жыцьцёвых сітуацыях сутыкаўся з праявамі грэблівага, зьняважлівага стаўленьня да мовы, і як спрабаваў змагацца з гэтым.

“Пайшоў я ў кантору на вуліцы Якуба Коласа, якая займаецца ўстаноўкай тэлефонаў. Зайшоў у кабінэт, у якім сядзелі некалькі супрацоўнікаў, і пачаў па-беларуску тлумачыць сваю праблему. Пачуўшы беларускае слова, чыноўнік-мужчына таропка выбег да мяне і раздражнёна спыніў: “Говорите по-русски, я вас не понимаю”. Толькі я намерыўся як належыць адказаць яму, як са свайго месца паднялася іншая супрацоўніца і сказала: “Нет-нет, говорите по-белорусски, я вас прекрасно понимаю”. Тут чыноўнік раптам зьніякавеў і пабег да свайго стала”.

Яшчэ адзін падобны выпадак адбыўся зь Віктарам Скараходам нядаўна ў пашпартным стале Партызанскага раёну Менску. Слухач так апісвае яго:

“Я ня ведаў, да якога начальніка зьвярнуцца, і зазірнуў у першы ж кабінэт з пытаньнем: “Скажыце, калі ласка, з чаго пачынаць абмен пашпарту?” Чыноўнік закруціў галавой: маўляў, не разумею. У кабінэце было шмат людзей, і я ім кажу: “Паважаныя грамадзяне, хто з вас ведае францускую мову? Перакладзіце вось гэтаму французу тое, што я ў яго пытаю па-беларуску”. Пажадаў яму вывучыць беларускую мову ды пайшоў: куды зьвяртацца, мне тут жа падказалі іншыя”.

Адметна, спадар Скараход, што амаль у кожнай такой сытуацыі вы сутыкаліся ня толькі зь нядобразычліўцамі, але адначасова і з тымі, хто паставіўся да вашай прынцыповай пазыцыі прыхільна, па сутнасьці, стаўшы на ваш бок у спрэчцы за беларускую мову. І гэта, магчыма, і ёсьць галоўнай падставай для надзеі на тое, што мову ўдасца ўратаваць.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ўладзіслаў Міцкевіч з Браслава, Аляксей Заблоцкі з Ашмянаў, Віктар Бута зь Менску і Ўладзімер Прышчэпаў з Асіповічаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG