Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нашым мястэчку на апазыцыянэраў глядзяць з пагардай”


Валянцін Жданко, Менск

Глыбокае расчараваньне маімі ацэнкамі дзейнасьці апазыцыі выказаў у сваім лісьце наш даўні слухач Мікалай Лясовіч зь Менску. Размова ідзе пра камэнтар да ліста Віктара Кавешнікава, што прагучаў на нашых хвалях 25 траўня. Спадар Кавешнікаў лічыць, што кіраўніцтва апазыцыі сваёй дзейнасьцю наўмысна спрыяе рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і што некаторыя апазыцыйныя палітыкі нібыта выконваюць распараджэньні расейскіх спэцслужбаў.

Я ў сваім кароткім камэнтары казаў пра тое, што, сапраўды, апазыцыя апошнія гады церпіць няўдачу за няўдачай, і цяжка назваць яе дзейнасьць плённай і эфэктыўнай. Прэзыдэнцкія выбары 2001 году яна ня выйграла; масавай падтрымкі, калі меркаваць з маштабаў вулічных акцыяў, не набыла; на сёлетніх мясцовых выбарах колькі-небудзь значнай колькасьці дэпутацкіх мандатаў здабыць ня здолела... Але іншай апазыцыі ў Беларусі няма: што ёсьць, тое і ёсьць.

Гэтыя мае заўвагі выклікалі вялікае незадавальненьне Мікалая Лясовіча. Слухач піша:

“Мяне вельмі засмуціла вашая, спадар Валянцін, павярхоўнасьць і несправядлівая ацэнка дзейнасьці апазыцыі. Па сутнасьці, вы паўтарылі тое ж, пра што кажуць Лукашэнка і ягонае атачэньне. Я незалежны шараговы ўдзельнік масавых акцыяў апазыцыі з 1988 году. Я адчуваю радасьць, калі гляджу на дзясяткі тысяч гэтых людзей падчас шэсьцяў. Чым яны адрозьніваюцца ад іншых? Мужнасьцю, годнасьцю, самасьвядомасьцю. Менавіта іх вы пакрыўдзілі сваёй несправядлівай ацэнкай іхнай барацьбы”.

Спыню на гэтым цытаваньне вашага ліста, спадар Лясовіч, і заўважу, што зусім не зьбіраўся крыўдзіць ці зьневажаць гэтых людзей. Размова ішла не пра шараговых удзельнікаў шэсьцяў, а найперш пра тых, хто выпрацоўвае стратэгію і тактыку апазыцыі, хто заклікае людзей на вуліцу, хто складае выбарчыя сьпісы кандыдатаў і наладжвае выбарчыя кампаніі сваіх партыяў. Іншымі словамі, мелася на ўвазе кіраўніцтва апазыцыі.

Я згодзен, ёсьць шмат аб’ектыўных прычынаў, якія замінаюць іхнай дзейнасьці. Але калі асоба лічыць сябе палітыкам, займаецца палітычнай дзейнасьцю і ставіць на мэце дасягненьне палітычных мэтаў, існуюць аб’ектыўныя крытэры ацэнкі эфэктыўнасьць такой працы. І такая дзейнасьць мае патрэбу ў ацэнках і аналізе. Гэтыя асобы не павінны быць недатыкальнымі толькі з тае прычыны, што іхныя партыі ставяць перад сабой дэмакратычныя мэты.

У сваім лісьце Мікалай Лясовіч таксама піша:

“Я ведаю шмат людзей, якія за апазыцыю, але ня ўдзельнічаюць у акцыях, паколькі баяцца рэпрэсіяў улады; альбо не разумеюць, у чым сэнс гэтых акцыяў; альбо лічаць іх неэфэктыўнымі, паколькі ня бачаць канкрэтных вынікаў. Але я бачу, што ў гэтых акцыях увесь час удзельнічаюць новыя людзі. Толькі сумленныя выбары маглі б даказаць, падтрымлівае народ апазыцыю ці не. А ва ўмовах адсутнасьці такіх выбараў хіба можна гаварыць пра паразу апазыцыі?”

З гэтымі вашымі назіраньнямі й высновамі, спадар Лясовіч, я ў многім згодзен. Хоць заўважу — дамагчыся справядлівых і дэмакратычных выбараў, гэта на сёньня і ёсьць адной з галоўных задачаў беларускай апазыцыі.

А стаўленьне да апазыцыйных актывістаў у грамадзтве супярэчлівае, асабліва ў правінцыі. Вось які ліст на гэтую тэму атрымалі мы днямі ад Зьмітра Скібы з Лунінца, зь Берасьцейшчыны. Слухач піша:

“У невялікім гарадку, дзе я жыву, апошнім часам стала цяжка дастаць незалежную прэсу. Па тэлебачаньні чуваць толькі хлусьня, але і празь яе лёгка здагадацца, што адбываецца ў краіне. А адбываецца тое, што насамрэч Лукашэнка прадае Беларусь расейцам, а апазыцыя бязьдзейнічае. Раней хоць нешта рабілі. Цяпер жа толькі якія-небудзь студэнты (чалавек дзесяць) выйдуць пад бел-чырвона-белым сьцягам на вуліцу.

Пэнсіянэры, людзі сталага ўзросту, а часьцяком і моладзь ня ведаюць ніводнай апазыцыйнай партыі. А калі і ведаюць, дык хіба толькі БНФ, да якога ставяцца ў асноўным адмоўна. Трэба ж неяк расказваць людзям праўду пра апазыцыю. А партыям ды згуртаваньням ад апазыцыі належыць ня грызьціся паміж сабой, як было на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, а аб’яднацца ў адзіны фронт вызваленьня Беларусі, пад адзіным кіраўніцтвам і з адзінай праграмай дзеяньняў.

Пакуль што народ проста не давярае апазыцыі. “Бээнэфавец” — гэтае слова гучыць у вуснах многіх як ганебнае, як крыўдная мянушка. На апазыцыянера глядзяць з пагардай, бо чамусьці адчуваюць у ім ворага. Звычайны люд, што ён разумее. Яму не да палітыкі, хоць бы неяк выкруціцца ды пракарміць сябе ды сваіх дзяцей ва ўмовах так званага “рынкавага сацыялізму”. Няма ў нас апазыцыі, няма. І гэта ня словы, гэта крык душы”.

Такі вось своеасаблівы завочны адказ вам, спадар Лясовіч, на папрокі ў нібыта заніжанай ацэнцы дзейнасьці апазыцыі. Што да вашых, Зьміцер, спадзяваньняў наконт таго, што дэмакратычныя партыі павінны аб’яднацца ў адзіны фронт з адзіным кіраўніцтвам — то, мяркую, ідэя гэтая нежыцьцяздольная, хоць на яе многія ўскладаюць вялікія надзеі. У палітыцы многае грунтуецца на асабістых амбіцыях. І хоць ад гэтых амбіцыяў кожны раз перад чарговымі выбарамі з усіх бакоў заклікаюць адмовіцца дзеля вялікай супольнай мэты, у сапраўднасьці адмаўляцца ніхто не зьбіраецца.

На тэму апазыцыі разважае ў сваім лісьце і наш даўні слухач Алесь Цадко з Маладэчна. Ён піша:

“Значная частка апазыцыі ўжо не адзін год спадзяецца, што адхіліць ад улады Лукашэнку з дапамогай ціску Захаду (найперш ЗША) на Расею. Але ні Эўропа, ні амэрыканскія Кангрэс, урад і прэзыдэнт зь іх нашумелым актам “Аб дэмакратыі ў Беларусі” пакуль не ўспрымаюць беларускі рэжым усур’ёз”.

Далей у сваім лісьце Алесь Цадко з Маладэчна робіць наступны прагноз адносна беларуска-расейскіх дачыненьняў.

“Для Пуціна няма сэнсу прысьпешваць аб’яднаньне зь Беларусьсю, якога ён даможацца праз рэфэрэндум дзесьці ў 2007 годзе, адначасова з выбарамі у Думу. У гэты час на чале Беларусі будзе стаяць паслухмяны і значна менш амбітны, чым Лукашэнка, прэзыдэнт, згодны на аўтаномію ў складзе Расеі. А Пуцін аўтаматычна атрымае шанец на трэці тэрмін прэзыдэнцтва.

Лукашэнка ж, пацярпеўшы паразу, стане на чале камуна-фашыстоўскай апазыцыі, у тым ліку і ў Дзярждуме. На тле вельмі верагоднага эканамічнага краху ў Расеі перамога таленавітага дэмагога-гаваруна ў 2008 годзе ўжо нельга будзе назваць фантастыкай.

Вось тады, калі Лукашэнка прыйдзе да ўлады ў вялікай ядзернай краіне, Захад адчуе плён сваёй абыякавасьці. Відаць, гісторыя з прыходам да ўлады Гітлера іх нічаму не навучыла”.

Цяжка сказаць, спадар Цадко, на падставе чаго вы робіце выснову, што ў 2007 годзе прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі будзе займаць не Лукашэнка, а нейкі значна больш паслухмяны Расеі палітык. Сёньня і сярод апазыцыі, і сярод улады мала ў каго ёсьць сумнеў, што ў 2006 годзе Лукашэнка будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. І калі тыя выбары адбудуцца паводле таго ж сцэнару, што і ў 2001 годзе, дык зьяўленьне новай асобы на чале Беларусі не прадбачыцца.

Небясьпека зьяўленьня Лукашэнкі на расейскай палітычнай сцэне была рэальнай у сярэдзіне і ў канцы 1990-х гадоў. І гэтую небясьпеку рэальна ацэньвалі і ў Расеі, і на Захадзе. Сёньня ўявіць такую магчымасьць нават тэарэтычна цяжка. Таму, дарэчы, і сам Лукашэнка ўсё больш ператвараецца з заўзятага зьбіральніка славянскіх земляў у абаронцу незалежнасьці Беларусі.

На заканчэньне — кароткі ліст ад школьніка Андрэя Паска зь Берасьця. Слухач піша:

“З вашага радыё я даведаўся пра сытуацыю вакол Беларускага гуманітарнага ліцэю. З захапленьнем успрыняў весткі пра тое, як мужна і згуртавана трымаюцца там настаўнікі і вучні на грунце нацыянальнай ідэі. Цікава было паслухаць і ліст менскай настаўніцы Ірмы Табушавай, які прагучаў у эфіры Свабоды 1 чэрвеня — пра тое, як прыхільна ставяцца да беларушчыны яе выхаванцы. Такія людзі дапамагаюць ня згубіць веру ў лепшую будучыню роднага краю”.

Напэўна, Андрэй, вы ўжо ведаеце, што адстаяць Нацыянальны гуманітарны ліцэй у тым выглядзе, у якім ён працаваў апошнія гады, на жаль, не ўдалося. Уладзе было недаспадобы тое, каго і як рыхтавалі ў ліцэі, хто ў ім выкладаў, які сьветапогляд фармавалі ў навучэнцаў. Але змаганьне гэтых людзей, як і тысячаў іншых, хто ў сёньняшніх надзвычай неспряльных умовах спрабуе адстаяць беларушчыну і ўласную нацыянальную годнасьць, ня будзе марным.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Віктар Курлукоў з Гомеля, Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну і Сьвятлана Бахманава з Бабруйску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG