На мінулым тыдні Беларусь разьвіталася з Васілём Быкавым. Многія нашыя слухачы 25 сакавіка прайшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з жалобнымі стужкамі па галоўным праспэкце Менску, праводзячы ў апошні шлях вялікага пісьменьніка. Быў у гэтай журботнай працэсіі і студэнт Белдзяржунівэрсытэту Ўладзіслаў Хоміч, які ў лісьце на Свабоду падзяліўся некалькімі ўражаньнямі. Слухач піша:
“25 чэрвеня я адстаяў у чарзе дзьве гадзіны, каб разьвітацца з сумленьнем беларускай нацыі — Васілём Быкавым. У чарзе стаялі вельмі розныя людзі, былі нават чыноўнікі, апранутыя ў цывільнае міліцыянты і вайскоўцы. У многіх былі сьлёзы на вачах. Чакалі, што прыедзе Лукашэнка. Але ў яго ў гэты дзень чамусьці знайшліся больш важныя справы недзе на Гомельшчыне.
Абурыла тое, што ля труны не было ганаровай варты, потым, ля магілы, не гучалі стрэлы апошняга салюту — хоць хавалі ня толькі пісьменьніка, але і мужнага салдата, які артылерыстам прайшоў усю вайну. Думаю, ні гісторыя, ні беларускі народ не даруюць уладзе такога стаўленьня да вялікага пісьменьніка”.
Думаю, Уладзіслаў, вы і самі разумееце, што ні адсутнасьць ганаровай варты, ні ігнараваньне цырымоніі Аляксандрам Лукашэнкам ніяк не прынізілі веліч і маштаб усенароднага разьвітаньня з Васілём Быкавым. Васілю Ўладзімеравічу і пры жыцьці не былі патрэбныя зьнешнія афіцыйныя знакі пашаны з боку ўлады. Ён меў невымерна большае — прызнаны людзьмі талент і неаспрэчны маральны аўтарытэт. І апошні ягоны зямны шлях толькі яшчэ больш падкрэсьліў тое, з кім народ, а з кім улада.
Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:
“Украінска-беларуская мяжа — гэта для памежнага насельніцтва вялікая пакута. Быў у нас нядаўна такі выпадак. Накасіў адзін чалавек з украінскага сяла Сельцы Ратнаўскага раёну Валынскай вобласьці сена на балоце, ля самай мяжы. Але як яго забраць? Празь лес не праедзеш, а адзіная дарога пралягае празь беларускую тэрыторыю. Вырашылі рызыкаваць. Нанялі сваяка, у якога ёсьць грузавік, і паехалі. Украінскіх памежнікаў не сустрэлі, а на беларускіх нарваліся. Тыя арыштавалі ўсіх як парушальнікаў мяжы, завезьлі ў Маларыту, трымалі там цэлую ноч. Забралі і машыну — загналі ў Берасьце. Ужо ёсьць позвы ў суд.
...Вось так і жывем. Часам нават ня ведаем, дзе канчаецца Беларусь і пачынаецца Ўкраіна. У любы момант можаш стаць парушальнікам. Уся моладзь з памежных украінскіх вёсак жыве і працуе ў Берасьці. А паехаць на выходныя да бацькоў — вялізная праблема: паспрабуй прайсьці дзьве мытні. Людзі вельмі незадаволеныя”.
Праблема гэтая, спадар Сац, знаёмая ўсім, хто жыве ў памежных раёнах. Аб’яднаная Эўропа падобныя складанасьці для сваіх грамадзянаў скасавала: пра мяжу, для прыкладу, паміж Нямеччынай і Францыяй сёньня нагадваюць толькі дарожныя ўказальнікі. Амаль усе суседзі Беларусі (у тым ліку і Ўкраіна) уласную будучыню таксама бачаць толькі ў агульнай Эўропе — бяз мытняў і памежных палосаў. Беларуская ўлада, на жаль, глядзіць пакуль у іншы бок. Так што берасьцейскім ды валынскім сялянам, выглядае, доўга яшчэ давядзецца станавіцца ахвярамі пільных памежнікаў.
Ірына Яўсевіч зь Менску выказвае ў сваім лісьце шэраг прэтэнзіяў да зьместу перадачаў Беларускай Свабоды. Слухачка піша:
“Вось ужо і на дзяржаўным тэлебачаньні зьяўляюцца новыя асобы ў публіцыстычных праграмах і ў розных шоў: адукаваныя, думаюць нестандартна, сытуацыю ў краіне тлумачаць пераканаўча. А ў вас усё тыя ж людзі і тыя ж састарэлыя высновы. Напрыклад, слухаю ўчора Алега Трусава наконт тэлебачаньня. Хоць і дрэннае Беларускае тэлебачаньне, кажа, а ўсё ж сваё.
Я не разумею — дзе ён бачыць “сваё”? Беларускай мовы на тэлебачаньні амаль не засталося. Адзінае, што там ёсьць — бясконцая адданасьць і рабалепнасьць перад Лукашэнкам. Няўжо Трусаву гэта падабаецца? Наадварот, няхай беларусы глядзяць расейскія тэлеканалы і слухаюць расейскае радыё. Няхай ведаюць, з кім іх злучылі ў Саюз, каб потым не казалі, што іх падманулі — як у выпадку з рэфэрэндумам 1995 году. А вашыя аналітыкі няхай аналізуюць, камэнтуюць, спрачаюцца, задаюць пытаньні, сумняюцца, а ня сьпяць”.
Перапыню на гэтым цытаваньне ліста Ірыны Яўсевіч зь Менску дзеля некалькіх заўвагаў. Сапраўды, спадарыня Яўсевіч, часам адны і тыя ж імёны экспэртаў, аналітыкаў, палітолягаў мільгаюць у нас залішне часта. Ёсьць на тое і аб’ектыўныя прычыны: ня так шмат у Беларусі адмыслоўцаў высокага ўзроўню. А апрача таго, ня ўсе яны, на жаль, могуць размаўляць па-беларуску. Хоць, зразумела, гэта зусім не здымае з нас абавязку шукаць і знаходзіць новыя імёны.
Што да Алега Трусава, то ён у згаданым вамі сюжэце пра тэлебачаньне ў Беларусі, як і ў многіх іншых выпадках, адстойваў найперш права беларускіх тэлегледачоў на беларускамоўнае тэлебачаньне. Хоць вы маеце рацыю ў тым, што адключэньне расейскіх тэлеканалаў ва ўмовах Беларусі зусім не азначае, што пашырыцца беларускамоўнае вяшчаньне. А вось небясьпека інфармацыйнай ізаляцыі значна ўзрастае.
Заканчвае свой ліст Ірына Яўсевіч зь Менску некалькімі заўвагамі наконт беларускай мовы і нацыянальнай сымболікі:
“Я ў Беларусі не вучылася, і калі ўпершыню сутыкнулася зь беларускай мовай, яна падалася мне больш грубай, чым расейская ці ўкраінская. Магчыма, прычынай стала “трасянка”. Але, пажыўшы некалькі гадоў у Эўропе, наслухаўшыся польскай, чэскай, нямецкай моваў, я зьмяніла сваё стаўленьне да беларускай. Цяпер я бачу ейную лягічнасьць, мэлядычнасьць, прыгажосьць. Мне хочацца чуць яе і ў транспарце, і на тэлебачаньні, хочацца чытаць на ёй нават цэньнікі ў крамах. А бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня” ўвогуле настолькі пасуюць Беларусі, што я ні кроплі не сумняюся, што яны вернуцца”.
Тэма лёсу беларускай мовы непакоіць і нашага даўняга слухача, былога партызана Віктара Скарахода зь Менску. Нядаўна спадар Скараход пабываў на сьвяце апошняга званка ў школе, дзе вучыцца ягоны ўнук. І вось якімі ўражаньнямі падзяліўся ў сваім лісьце:
“Мяне гасьцінна прынялі і пасадзілі ў шэрагу гасьцей. Школа добрая, настаўнікі клапатлівыя і ўважлівыя. І праграма сьвята, адчувалася, была дэталёва і разумна прадуманая. Усё так кранала, што я не выпускаў з рук хусьцінкі. Але ў адзін момант раптам злавіў сябе на думцы, што чагосьці не стае. Вельмі хутка зразумеў — чаго. На сьвяце не прагучала ніводнага беларускага слова. І гэта ў сталіцы Беларусі.
І міжволі падумалася: улада манкуртаў, унутраныя калянізатары! Як жа вы зьнявечылі душу карэннай нацыі. У дзяржаўнай школе, дзе суверэнная дзяржава навучае для сябе заўтрашніх творцаў і абаронцаў, за дзьве гадзіны не сказалі ні слова па-беларуску. Чаго вартая такая ўлада? Адумайся, Беларусь!”.
Сугучны зь ім настрой і ў Сымона Нічыпарука зь Берасьця. Слухач адклікнуўся на шматлікія сюжэты Беларускай Свабоды, прысьвечаныя спробе ўладаў зьнішчыць Беларускі гуманітарны ліцэй у Менску. Сымон Нічыпарук лічыць, што змаганьне за ліцэй сымбалічнае. Ён піша:
“Улада невыпадкова павяла атаку на Беларускі гуманітарны ліцэй. Бо гэта апошні асяродак беларушчыны, адкуль можа вырастаць беларуская інтэлігенцыя. І калі рэжыму ўдасца пазбавіцца ад беларускага духу ў ліцэі — то, лічы, беларусы будуць выведзеныя на фінішную прамую канчатковай асіміляцыі. Бо ў агульнаадукацыйных школах беларуская мова ўжо стала замежнай, што дае магчымасьць гадаваць з маладых беларусаў манкуртаў. На побытавым узроўні рэальна бачна, як хутка гэта адбываецца.
Хоць, з другога боку, народ, удосталь наеўшыся лукашызму, ужо гатовы прыняць новую ўладу. Вось толькі не атрымалася б так, што сапраўдныя беларусы зноў застануцца апошнімі пры дзяржаўным стырне — як ня раз ужо бывала ў нашай гісторыі”.
Ніна Ярмалінская з Салігорску даслала ліст, які, апроч яе, падпісалі яшчэ 49 жыхароў гэтага гораду — настаўнікі, журналісты, шахцёры, прадпрымальнікі. Слухачы выказваюць абурэньне з нагоды нядаўняга арышту намесьніка старшыні Партыі БНФ Юрыя Хадыкі, які цяпер адбывае пакараньне за ўдзел у маршы “За лепшае жыцьцё” 12 сакавіка. Салігорцы пішуць:
“Абуральна тое, што ўлада перасьледуе старога чалавека, прафэсара, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў змаганьню за свабоду і незалежнасьць нашай Бацькаўшчыны. Але асабліва нас уразіла, што ў няволі Юры Хадыка вымушаны быў сустрэць сваё 65-годзьдзе. Патрабуем ад рэжыму неадкладнага вызваленьня Юрыя Хадыкі”.
Выпадак зь Юрыем Хадыкам — адзін з многіх, калі ўлада дэманстратыўна паказвае сваю жорсткасьць і помсьлівасьць. Прытым відавочна, што мэта такога абыходжаньня зь немаладым чалавекам, вядомым навукоўцам і палітыкам — найперш ня ў тым, каб запалохаць іншых (на запалохваньне людзей і задушэньне мітынговага руху накіраваная ўся рэпрэсіўная практыка). Ставіцца на мэце перасьлед, маральнае прыніжэньне канкрэтнай асобы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.