Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Захад так клапоціцца пра беларусаў, дык чаму не адкрые нам свае межы?”


Валянцін Жданко, Менск

Лічыцца, што людзі сталага веку, пэнсіянэры — найбольш пасьлядоўная і адданая частка электарату Аляксандра Лукашэнкі. Аднак істотныя зьмены адбываюцца і ў іхных настроях — асабліва пасьля таго, як за камунальныя паслугі яны вымушаныя аддаваць большую частку пэнсіі. Вось які ліст на гэтую тэму даслаў нам Аляксей Вабішэвіч з Маладэчна. Ён піша:

“Я ўжо даўно на пэнсіі. Маю працоўнага стажу пяцьдзясят гадоў, а пэнсію мне плацяць сорак пяць даляраў. Зь іх трыццаць даляраў трэба аддаць за кватэру. А як пражыць за астатнія грошы, чым харчавацца — ня ведаю. Даводзіцца абыходзіцца ў асноўным супам ды малаком. Ці ёсьць такое дзе-небудзь яшчэ ў Эўропе?

На выбарах я галасаваў за Лукашэнку. Цяпер вельмі шкадую, бо бачу, што памыляўся. Ён дае жыць толькі сваім вэртыкальшчыкам, міліцыі, КГБ ды вайсковым камандзірам.

Многія кажуць, што выйсьця няма. А я ведаю, што ёсьць. Навошта нам столькі вайскоўцаў, міліцыянтаў, чыноўнікаў? А галоўнае, ня трэба марнаваць грошы на калгасы. Ня можа калгас апрацоўваць тысячу гектараў зямлі — няхай апрацоўвае пяцьсот. А пяцьсот няхай аддасьць фэрмэрам. А дзяржава павінна дапамагчы фэрмэрам з крэдытамі на тэхніку. Праз два-тры гады, калі іх не душыць, яны заваляць краіну танным хлебам.

Тое ж і з прамысловымі прадпрыемствамі. Ты зьменшы падаткі, дай ім жыць. Яны падвысяць заробкі, людзі пачнуць больш купляць прамысловых тавараў, эканоміка пачне ўзьнімацца... Але ж не — улады ўсё робяць якраз наадварот”, — лічыць Аляксей Вабішэвіч з Маладэчна, які прызнаўся, што сапраўднае сваё прозьвішча называць у лісьце пабаяўся. “А чаму — вы і самі павінны ведаць, — піша слухач. — На старасьці гадоў уцякаць ды адбівацца ад сабак цяжка, так што выбачайце. Магчыма, роздум мой і ня надта пісьменны, адукацыя ў мяне слабая, але напісаў, як думаў”.

Развагі вашыя, спадар Вабішэвіч, зусім лягічныя і слушныя. Любому чалавеку зь вялікім жыцьцёвым досьведам відавочна: ня будзе плённай працы і добрага выніку там, дзе няма стымулу, асабістай зацікаўленасьці чалавека.

Ці ведаюць гэта тыя, у каго сёньня ўлада ў Беларусі? Безумоўна. Але чалавек-гаспадар, чалавек-уласьнік іх палохае і непакоіць. Найперш тым, што такім чалавекам цяжка, а часам і немагчыма камандаваць, што ён адчувае сябе самастойным і незалежным. А галоўнае — тым, што ён будзе імкнуцца займець такую ўладу ў краіне, якая б абараніла гэтую ягоную свабоду і ўласнасьць. Прырода сёньняшняй беларускай улады зусім іншая. Яна абапіраецца на тых, у каго зусім іншае становішча ды іншыя мэты.

Ліст ад Паўла Воўка зь Віцебску. Слухач піша:

“Я згодзен з прэзыдэнтам Лукашэнкам: у Захаду падвойныя стандарты адносна Беларусі. З аднаго боку, ён, Захад, абвінавачвае беларускае кіраўніцтва: маўляў, тут суцэльная дыктатура, парушэньне правоў чалавека, “эскадроны сьмерці”, заціскаюць свабоду слова. Калі гэта так — дык чаму нам, ахвярам гэтай дыктатуры, не даюць свабодна перасяліцца на Захад? Мой сябар паспрабаваў гэткім чынам пераехаць у Нямеччыну і працаваць там. Яго злавілі, пасадзілі ў турму, а потым выгналі, як сабаку, ды яшчэ штамп у пашпарце паставілі, каб ня мог больш вярнуцца. Дзе ж вашая хвалёная дэмакратыя? Чаму Захад не адкрые межы для беларусаў і ня выратуе іх ад так званай “дыктатуры”?

Я таксама ня раз спрабаваў зьехаць на Захад, нават у некаторых апазыцыйных мітынгах дзеля гэтага ўдзельнічаў. Безвынікова. І цяпер разумею — Захаду начхаць на нас. Яму абы Лукашэнку скінуць, а бачыць нас у сябе яны зусім ня хочуць. Так што я больш у гэтых гульнях удзельнічаць ня буду. Атрымаеш па сьпіне міліцэйскай дубінкай — а потым табе за гэта ніякай кампэнсацыі. Няхай самі ваююць за дэмакратыю, калі яна ім так патрэбная”, — напісаў Павел Воўк зь Віцебску.

Сапраўды, спадар Воўк, Захад зусім не зьбіраецца заахвочваць бескантрольную эміграцыю зь бедных краінаў, дзе кіруюць таталітарныя рэжымы. Там шмат уласных сацыяльных праблемаў, і заходнія эўрапейцы ня хочуць і ня могуць узяць на ўтрыманьне цэлы шматмільённы народ. Адначасова яны хацелі б, каб беларусы самі пабудавалі ў сябе дэмакратычную дзяржаву з рынкавай эканомікай, і паступова наблізіліся да заходніх стандартаў жыцьця.

А заможнае жыцьцё і дыктатура — рэчы несумяшчальныя, увесь міжнародны досьвед пра гэта сьведчыць. Таму дэмакратыя найперш патрэбная самім беларусам, і яны самі павінны прыкладаць намаганьні дзеля гэтага. Калі ў вас такога жаданьня і разуменьня няма, задавальняйцеся тым, што маеце. І ніхто вас не прымушае ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях.У чым вы тут бачыце падвойныя стандарты — незразумела.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і нядобразычліўца Зыгмунта Зялінскага зь Дзятлава. Гэтым разам ён піша:

“Даслаў вам ужо чатыры лісты, а пачуў толькі некаторыя вытрымкі. Ня любіце праўды, не падабаецца вам яна. Калі вы перастанеце ліць бруд на нашыя галовы? Няўжо думаеце, што здолееце зрабіць пераварот у Беларусі? Не, мы дачакаліся выдатнага прэзыдэнта, і будзем жыць зь ім яшчэ шмат гадоў, пакуль не адпусьцім на адпачынак.

А вам ня ўдасца падбухторыць народ да зьвяржэньня Аляксандра Лукашэнкі. Правільна робіць улада, што прыціскае розных вулічных хуліганаў. Ды ім трэба нож у сьпіну, каб не хадзілі па вуліцу зь бел-чырвона-белым сьцягам і не ўсхвалялі Амэрыку за яе вайну ў Іраку...” — напісаў Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава.

Зноў, спадар Зялінскі, я абмежаваўся толькі вытрымкамі з вашага вялікага ліста. Чытаць астатняе не выпадае — гэта суцэльная лаянка і зьнявагі на адрас канкрэтных асобаў ды вашыя пагрозы.

Я ўжо адказваў вам на шматлікія папрокі й абвінавачаньні: вы самі, спадар Зялінскі, выбіраеце, што слухаць — дзяржаўнае радыё ці Беларускую Свабоду. Чамусьці пры ўсёй вашай вялікай сымпатыі да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі і нянавісьці да дэмакратычных каштоўнасьцяў вы амаль штовечар настройваецеся менавіта на нашую хвалю. Паколькі слухач вы ўважлівы, пайменна ведаеце амаль усіх нашых аўтараў і пільна сочыце за праграмай, хацелася б, каб у сваіх наступных лістах (калі зноў наважыцеся пісаць нам) — абышліся бяз лаянкі й свае крытычныя погляды выказалі ў прыстойнай форме.

Ніна Крывіцкая зь Менску піша:

“Ці мае Лукашэнка маральнае права кіраваць беларускім народам? Слухала ягоны выступ на так званай “ідэалягічнай нарадзе”. Ён адвяргае наш гістарычны шлях, нашае шматвякавое змаганьне з Расеяй. Адвяргае мову, самабытную культуру. Уся ягоная зьнешняя палітыка зводзіцца да прыніжальных гульняў з Масквой. Адзін за адным у Менск пнуцца расейскія шавіністы. Змова працягваецца. Усё гэта робіцца за сьпіною беларускага народу. А выдатныя асобы Беларусі, якія здольныя былі супрацьстаяць гэтаму (такія як Захаранка, Ганчар, Красоўскі, іншыя) — зьнікаюць. Баліць душа за Беларусь.

Дакору вартыя і вашыя калегі з расейскай Свабоды: чула нядаўна, як яны праводзілі на вуліцы апытаньне на тэму “Як вы глядзіце на далучэньне Беларусі да Расеі?” Гэта замест таго, каб спрыяць нашай незалежнасьці й вызваленьню ад нацыянальнага прыгнёту. Натуральна, большасьць расейцаў (ды і зрусіфікаваных беларусаў) адказвалі на гэтае пытаньне станоўча”, — напісала Ніна Крывіцкая зь Менску.

Наўрад ці вы маеце рацыю, спадарыня Крывіцкая, асуджаючы журналістаў расейскай Свабоды. Пытаньне, якое ў дачыненьні да любой іншай незалежнай краіны гучала б абсурдна і магло выклікаць палітычны скандал — у дачыненьні да Беларусі выглядае сёньня зусім лягічным і апраўданым. Вінаватыя ў гэтым не журналісты, а найперш беларускае кіраўніцтва, якое сваёй палітыкай зрабіла магчымым сур’ёзнае абмеркаваньне ліквідацыі беларускай незалежнасьці нават на самым высокім узроўні: згадайце хаця б леташнія публічныя прапановы Ўладзімера Пуціна.

Свой погляд на інтэграцыйную тэматыку ў настаўніка Мікалая Волчыка зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Слухач наконт гэтай праблемы піша:

“Саюз, інтэграцыя, аб’яднаньне... Гэтая палітычная эквілібрыстыка ў афіцыйных мэдыях проста надакучыла. Па-мойму, няма ўжо асаблівай веры ў тое, што ад саюзу з Расеяй беларусам стане лепш, што Масква дасьць таннае паліва. Ды і колькі можна эксплюатаваць адны і тыя ж лёзунгі, ціснуць на беларуса? На мой погляд, гэта проста гульня. А рэальная палітыка кіраўніцтва нам невядомая: яна робіцца вузкім колам людзей, і ў інтарэсах толькі адной, добра ўсім вядомай асобы”, — напісаў настаўнік зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну Мікалай Волчык.

Наконт рэальнай палітыкі беларускага кіраўніцтва можна меркаваць па выніках гэтай палітыкі, спадар Волчык. Якія б мудрагелістыя задумы не выпрацоўваліся недзе ў цішыні высокіх кабінэтаў, у далечыні ад людзкіх вачэй, а за дзевяць гадоў плён гэтых задумаў ва ўсіх навідавоку. Інтэгравацца з Расеяй Аляксандар Лукашэнка заўсёды быў гатоў да той ступені, да якой гарантавалася ягоная ўласная палітычная будучыня на расейскай сцэне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG