Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларушчыну вынішчаюць нават у беларускамоўных школах...”


Валянцін Жданко, Менск

Нам шмат пішуць пра заняпад беларускай мовы, пра тое, зь якім уціскам даводзіцца сутыкацца беларускамоўным грамадзянам, як шмат у Беларусі фактаў дыскрымінацыі паводле моўнае прыкметы. Як сьведчыць пошта апошняга часу, гэтая зьява закранула і тыя ўстановы, якія, здавалася б, павінныя быць асяродкамі беларушчыны.

Пачну зь ліста Ірмы Табушавай зь Менску. У сваім лісьце слухачка паведамляе, што раней, да распаду СССР, працавала сацыёлягам у адным навукова-дасьледчым інстытуце саюзнага падпарадкаваньня. Але яе заўсёды вабіла праца зь дзецьмі, і з часам яна стала настаўніцай у беларускамоўнай школе. Спадарыня Табушава так апісвае сваю новую працу:

“У беларускамоўную 110-ю школу я прыйшла шэсьць гадоў таму. Праўда, беларускамоўнай яе можна назваць толькі ўмоўна: паўсюль усё расейскамоўнае. Па-расейску размаўляюць настаўнікі між собку й на перапынках. Большасьць інфармацыі — таксама па-расейску. Некаторыя настаўнікі падкрэсьлена не выкарыстоўваюць беларускую мову і аддаюць сваіх дзяцей у іншыя школы. Такая вось школа — ня лепшая і ня горшая за іншыя беларускія школы”.

Ёсьць, аднак, тое, што асабліва трымае Ірму Табушаву ў гэтай школе і дае ёй надзею на тое, што беларуская справа не загіне. Зноў цытую ліст настаўніцы:

“Мая надзея і мой гонар — дзеці гурта з чароўнай назваю “Князёўна”. Старэйшым зь іх сёньня па 12 гадоў, так што сваё сьвядомае жыцьцё яны пражылі ў краіне, дзе пануе ўсё антыбеларускае. Але, нягледзячы на такія абставіны, на націск з усіх бакоў, яны — асобы, якія ня толькі цікавяцца беларускім, але ўжо выяўляюць уласную пазыцыю ў гэтай справе.

У мінулым годзе на іх ціснулі, каб уступалі ў піянэры: страшылі, што інакш не паступяць у інстытуты. Яны сьмяяліся і адказвалі, што тое яшчэ далёка. І ў выніку нікога не прымусілі.

На пачатку гэтага году даведалася, што клясе прапанавана стаць расейскамоўнай,— працягвае свой ліст настаўніца Ірма Табушава зь Менску.— Вельмі зьдзіўленая гэтым, я зьвярнулася да кляснай кіраўніцы — маладой настаўніцы беларускай мовы. Тая адказала, што па-расейску ім, маўляў, лягчэй будзе вучыцца і што з гэтым пагадзіліся некаторыя бацькі. Але не пагадзіліся дзеці. Гэта была іхная другая перамога.

У гэтак званы “дзень яднаньня” гэтым дзецям было прапанавана падняць рукі — хто хацеў бы ўступіць у саюз Беларусі й Расеі. Руку не падняў ні адзін вучань. Потым з усьмешкамі яны распавядалі пра гэта.

Вось такія дзеці. Яны ня ведаюць раскошы. На канікулах іх не вязуць за мяжу. Жывуць іх сем’і ў маленькіх кватэрах і інтэрнатах. Шмат у каго бацька п’е ці ўвогуле сям’я бяз бацькі”.

У сваім лісьце настаўніца Ірма Табушава таксама шмат распавядае пра творчыя посьпехі гэтых дзяцей — пра тое, што яны шмат разоў перамагалі ў розных конкурсах, ладзілі выставы. Некаторыя іхныя працы і па сёньня можна ўбачыць у праваслаўнай царкве ў Ратамцы.

Рукамі гэтых дзяцей ужо колькі гадоў упрыгожваюцца крыжы ў Курапатах — такія маленькія фартушкі з вышытымі на іх крыжыкамі. “Мы рабілі іх сотнямі, і без усялякага прымусу з майго боку”,— піша настаўніца. А заканчвае свой ліст наступнай просьбаю:

“Распавядзіце пра гэтых дзяцей. Можа, хто зацікавіцца імі. Здымкі працаў мы можам выслаць. Маглі б зладзіць і выставу, і нават часткова яе падарыць. Творчасьць патрабуе гледача. Можа, з вашай дапамогаю такія знойдуцца.

[Подпіс:] Ірма Табушава, настаўніца мастацкай вышыўкі. Менск.”

Зьвернем асаблівую ўвагу на тую абставіну, што школа, у якой працуе Ірма Табушава, фармальна — беларускамоўная. Але ў сапраўднасьці колькі намаганьняў патрэбна дзеля таго, каб захаваць хоць бы гэты фармальны статус. У тым ліку — намаганьняў дзяцей, якія ўжо ў сваім юным веку адчуваюць няпраўду, і востра на яе рэагуюць.

Увогуле, спадарыня Табушава, было вельмі прыемна даведацца пра вашых выхаванцаў — пра тое, што яны нягледзячы на ўсе неспрыяльныя абставіны — растуць свабоднымі людзьмі, здольнымі супрацьстаяць ціску і адстойваць свой пункт гледжаньня.

Ліст ад Анатоля Жэрдзева з Гомелю. Слухач піша:

“У заняпадзе сёньня ня толькі просты люд Беларусі. Не на вышыні й палітычныя лідэры, у тым ліку — апазыцыйныя. У бальшыні іх адчуваецца бальшавіцкае выхаваньне. На словах яны за дэмакратыю, а іншадумства ня церпяць. Таму і аб’яднаньне — вялікая праблема. Некаторыя дайшлі аж да мардабою, як у свой час Арджанікідзэ, з нагоды паводзінаў якога Ленін сказаў, што азлабленьне ў палітыцы — кепская справа. Хоць я і не сымпатызую такім дзяячам, як Ленін, але ж некаторыя іхныя фармулёўкі вельмі трапныя”.

Многія слухачы, гэтак жа, як і вы, спадар Жэрдзеў, папракаюць апазыцыйных палітыкаў за тое, што тыя ня хочуць аб’ядноўвацца, ня імкнуцца да згуртаваньня перад пагрозаю дыктатуры, ня ўмеюць дамаўляцца. Прэтэнзіі як быццам справядлівыя, але што мець на ўвазе пад згуртаваньнем? Калі нейкую адзіную палітычную арганізацыю, якая паўстала б на месцы цяперашніх партыяў — то наўрад ці гэта магчыма (ды й ці патрэбна?). А ў асобных прынцыповых пытаньнях палітычныя лідэры дамаўляцца здольныя — згадайма хоць бы прэзыдэнцкія выбары 2001 году і вылучэньне адзінага кандыдата.

Што да згаданага вамі, спадар Жэрдзеў, інцыдэнту (а вы маеце на ўвазе, відавочна, колішні непрыемны эпізод падчас сходу інтэлігенцыі Менску, калі Анатоля Белага за непрыстойныя паводзіны пазбавілі права прысутнічаць у зале) — дык выпадак гэты прыватны, і наўрад ці на падставе яго варта рабіць значныя абагульненьні.

Ліст ад Яўгеніі Ўладзіміравай з Горадні. Слухачка піша:

“Калі судзілі журналістаў Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку — на судзе было шмат вашых журналістаў. Вы штодня распавядалі і распавядаеце пра іх ды іхныя праблемы. А калі я ў студзені 2001 году напісала вам пра свае праблемы і прасіла прыслаць журналіста, які б узяў у мяне інтэрвію ды пазнаёміўся з дакумэнтамі — вы маю просьбу ня выканалі. Чым я горшая за Маркевіча? Мяне таксама ва ўсе часы прыцясьняла ўлада. А ад камуністаў я пацярпела нават больш, чым ён.

[Подпіс:] Яўгенія Ўладзімірава, 73 гады, пэнсіянэрка, дачка рэпрэсаваных. Горадня”.

У сваім вялікім лісьце Яўгенія Ўладзімірава падрабязна апісвае ўсе свае шматлікія прэтэнзіі да ўлады — за тое, што яе абвінавацілі ў незаконным продажы сьліў з уласнага саду, што ўжо 20 год яна жыве бяз цёплай вады, што ўвесь час яе крыўдзяць камунальныя службы, а невядомыя зламысьнікі пашкодзілі агароджу і зламалі дзьверы…

На жаль, спадарыня Ўладзімірава, мы ня маем магчымасьці высылаць карэспандэнтаў і займацца разглядам усіх падобных прыватных скаргаў ды канфліктаў.

Што да справы, паводле якой у Горадні за крытыку Аляксандра Лукашэнкі судзілі журналістаў Міколу Маркевіча ды Паўла Мажэйку, то яна мела вялікі грамадзкі розгалас і значныя палітычныя наступствы. Журналістаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за тое, што яны выконвалі свой прафэсійны абавязак. Гэты канфлікт значны для ўсяго грамадзтва і меў заўважныя наступствы для сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Мікалай Лясовіч зь Менску напісаў нам пад уражаньнем колішняй он-лайнавай канфэрэнцыі з удзелам Юрыя Хадыкі. Спадар Хадыка сярод іншага згадаў пра магчымасьць пагадненьня дэмакратычных сілаў з Аляксандрам Лукашэнкам наконт трэцяга тэрміну прэзыдэнцтва і дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Спроба дамовіцца з Лукашэнкам, нават калі яна будзе замацаваная нейкім дакумэнтам — ня мае сэнсу. Лукашэнка парушыць любое пагадненьне. Ягоная ўлада грунтуецца на сіле і запалохваньні ўсіх, у тым ліку — сябраў выбарчых камісіяў. Дарэчы, з гэтай жа прычыны няма сэнсу гаварыць і пра паразу апазыцыі на выбарах 2001 году.

З другога боку, падтрымка Народным фронтам трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі многімі будзе ўспрынята як здрада ідэалам свабоды і дэмакратыі. Для БНФ гэта будзе канчатковым крахам і дыскрэдытацыяй.

На маю думку,— піша Мікалай Лясовіч,— памыляецца Юры Хадыка і тады, калі сьцьвярджае, што Лукашэнка здольны хутка вучыцца. Тое, што ён пачаў выступаць за незалежнасьць, лёгка тлумачыцца ягонымі асабістымі інтарэсамі, боязьзю згубіць ня толькі ўладу, але й свабоду”,— лічыць Мікалай Лясовіч зь Менску.

Сёньня, сапраўды, цяжка ўявіць, што падобнае пагадненьне паміж уладай і апазыцыяй можа быць дасягнутае і падпісанае. Як, зрэшты, цяжка ўявіць і тое, што Аляксандар Лукашэнка пасьля дванаццаці год кіраваньня добраахвотна пагодзіцца адысьці ад улады.

Варта заўважыць, спадар Лясовіч, што Юры Хадыка гаварыў пра гэтае гіпатэтычнае пагадненьне толькі як пра нестандартную ідэю, што вартая абмеркаваньня. Усе тыя пагрозы, пра якія вы ўзгадваеце ў лісьце, безумоўна, рэальныя і мусяць быць улічаныя.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце — чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG