Калгасная сыстэма ў Беларусі паволі прыходзіць у заняпад і распадаецца. Амаль палова калгасаў ня здольная гаспадарыць самастойна, за ўласны кошт. Многія калгасьнікі паўгоду ня могуць атрымаць свае мізэрныя заробкі.
Шмат расповедаў на гэтую тэму гучала ў нашых папярэдніх перадачах. Сёньняшні агляд я пачну зь ліста прыхільніка калгаснай сыстэмы, у якога свой погляд на тое, што адбываецца ў беларускай вёсцы. Гэта ліст ад магілёўскага пэнсіянэра Паўла Міленцева. Слухач піша:
“У кіраўніцтве Беларусі яўна акапаліся ворагі народу, якія развальваюць калгасы. Прэзыдэнт неаднаразова гаварыў, што калгасную сыстэму неабходна захаваць, што толькі яна дазваляе карміць народ. А ў сапраўднасьці? Нядаўна я пабываў на радзіме, у Клімавіцкім раёне. Калгасы раскрадзеныя, тэхнікі амаль не засталося. Фэрмы стаяць з выбітымі вокнамі й дзьвярыма. Людзі часткова сьпіліся, часткова паўміралі, у асноўным ад тае ж гарэлкі. Зямля зарастае быльнягом. Што гэта, калі ня шкодніцтва і не сабатаж з боку мясцовых чыноўнікаў?
Я ўпэўнены, што ўсё гэта творыцца бязь ведама прэзыдэнта, што яму не дакладваюць пра сапраўднае становішча справаў. Я неаднаразова паведамляў пра гэта ў розныя органы і ў дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, але на мае сыгналы рэагуюць фармальна, па сутнасьці пытаньня адказу не даюць. Калі б такое адбывалася ў тыя гады, калі ў Савецкім Саюзе быў парадак, гэтыя дзеячы ўжо даўно пайшлі б пад суд”.
Ня думаю, спадар Міленцеў, што Аляксандру Лукашэнку невядома, у якім становішчы апынулася сёньня большасьць беларускіх калгасаў. Ён і сам, дарэчы, ужо зусім ня той апантаны абаронца калгаснай сыстэмы, якім быў на пачатку свайго прэзыдэнцтва. За дзевяць гадоў, што Лукашэнка пры ўладзе, улада калгасы якімі толькі спосабамі ні спрабавала ратаваць: і ўзбуйняла, і далучала да перадавікоў, і старшыняў мяняла, і ад падаткаў вызваляла, і бясплатным палівам пасяўныя ды ўборачныя кампаніі забясьпечвала... Нічога не дапамагло.
І нават калі па вашых, спадар Міленцеў, сыгналах органы выявяць шкоднікаў і сабатажнікаў, калгаснай вёсцы гэта не дапаможа. На ўсе вашыя складаныя пытаньні здольны быў бы адказаць просты паўпісьменны селянін, у якога бальшавікі падчас калектывізацыі адабралі зямлю, каня, рыштунак, гаспадарчыя пабудовы... А самога гвалтам загналі ў калгас і змусілі да бясплатнай працы. Пакуль няма ў беларускай вёсцы гаспадара, які б працаваў на сваёй зямлі і сам распараджаўся вырашчаным — будзеце вы, спадар Міленцеў, назіраць карціны агульнага заняпаду і разбурэньня.
Пра тое, як ва Ўсходняй Беларусі семдзесят гадоў таму праводзілі калектывізацыю і да якіх наступстваў гэта прывяло, на мінулым тыдні ўзгадвалі ў Барысаве — там адзначалі сумную гадавіну барысаўскага галоднага бунту 1933 году. Краязнавец Алесь Шустоўскі ў сваім лісьце так распавядае пра падзеі сямідзесяцігадовай даўніны:
“Раніцай трэцяга траўня 1933 году галодныя жанчыны і дзеці выйшлі на вуліцы Барысава патрабаваць ад улады хлеба. Напярэдадні з Масквы прыйшла дырэктыва, паводле якой харчовыя нормы скарачаліся ўдвая. Работнік цяжкай працы меў права толькі на паўкіляграма хлеба на дзень замест ранейшага кіляграма. Для дарослых утрыманцаў і дзяцей хлеб увогуле не прадугледжваўся.
Ля станцыі натоўп жанчын і дзяцей захапіў некалькі фурманак з хлебам, потым пачаў граміць харчовыя крамы. Нават конны атрад НКВД ня змог спыніць галодных месьцічаў. Хутка да іх далучыліся амаль усе работнікі запалкавай фабрыкі “Бярэзіна”. Парторга, які патрабаваў, каб людзі разышліся, ледзь не ўтапілі ў рацэ.
Дайшло да папераджальных стрэлаў. У крытычны момант спрактыкаваны начальнік НКВД заявіў, што з Масквы нібыта толькі што дазволілі захаваць ранейшыя нормы хлеба. Супакоеныя людзі пачалі разыходзіцца”.
Пра сапраўдную цану словаў барысаўскага энкавэдыста месьцічы даведаліся ўжо наступнай ноччу. Было схоплена каля тысячы чатырохсот удзельнікаў галоднага бунту. Неўзабаве адбыўся суд. Дзьвесьце чалавек былі асуджаныя да расстрэлу, астатнія тысяча дзьвесьце асобаў атрымалі хто восем, хто дзесяць год сыбірскіх лягераў. Гэтыя падзеі апісаныя ў кнізе Юркі Віцьбіча “Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанскае змаганьне на Беларусі”, якая была выдадзена ў 1996 годзе ў Нью-Ёрку.
Такім вось чынам беларусы плацілі за гвалтоўную калектывізацыю, з наступствамі якой дагэтуль даводзіцца мець справу ўнукам і праўнукам тых, каму давялося галадаць у 1930-я гады.
Ліст ад нашага даўняга слухача Віктара Баранава з Рагачова. Ён піша:
“Улады вырашылі распачаць ідэалягічнае выхаваньне людзей. Па-мойму, гэта глупства. Хто іх, Лукашэнкавых прапагандыстаў, будзе слухаць? І што яны ўвогуле могуць сказаць людзям, калі ў гэтых людзей усе думкі засяроджаныя толькі вакол аднаго — як выжыць, дзе здабыць грошай і ежы, як знайсьці працу?
Ды і што яна, гэтая ідэалёгія — дабавіць ведаў? Вядома, не. А цікавіць людзей зусім іншае. Вось, напрыклад, нам у Рагачоў зноў пачалі завозіць чужы хлеб — гэтым разам зь Менску, па цане 400 рублёў за буханку. Для беднякоў гэта, як лічыць беларуская ўлада, відаць, у самы раз”.
Калі вы, спадар Баранаў, уважліва слухалі прамову Аляксандра Лукашэнкі на ідэалягічнай нарадзе, то маглі заўважыць, што ён выказваў такія ж апасеньні, як і вы. Ён ведае, што людзі не захочуць слухаць расповеды пра так званыя “посьпехі” і “дасягненьні” ягонай улады. А вось адказ на пытаньне “Чаму ў Рагачове хлеб каштуе 400 рублёў за буханку, калі ў суседняй Бранскай вобласьці расейцы за хлеб лепшай якасьці плацяць толькі 200 рублёў” — людзі пачуць хочуць. Уся справа якраз у адказах на такія пытаньні.
Сумленны эканаміст вам патлумачыў бы, што ў Расеі селянін больш разьняволены, плаціць менш падаткаў, і калі б беларускія ўлады сапраўды стварылі адзіную эканамічную прастору з Расеяй, дык столькі ж каштаваў бы хлеб і ў вас у Рагачове. Але замест гэтага беларускія ўлады загадалі вылоўліваць і караць так званых “чаўнакоў”, якія вязуць вам танны расейскі хлеб.
А вось прапагандыст ад улады вымушаны будзе даваць зусім іншы адказ на гэтае пытаньне: ён будзе гаварыць, што ўлада павінна абараняць свой унутраны рынак, бо інакш дарагі беларускі хлеб ніхто ня будзе купляць, і калгасы ды хлебазаводы збанкрутуюць, а людзі страцяць працу. Пытаньне ў тым, каму павераць людзі. Гэта, зрэшты, і ёсьць галоўнай задача, якую ставіў перад сваімі ідэалягічнымі чыноўнікамі Аляксандар Лукашэнка.
Яна Перадумава зь Менску даслала вялікі ліст пра лёс Вадзіма Чарнышова — былога кіраўніка ў мінулым шырока вядомай Партыі аматараў піва, які цяпер адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі за сваю дзейнасьць на пасадзе прэзыдэнта камэрцыйнай структуры, што займалася будаўніцтвам жыльля. Слухачка лічыць, што пакаралі бізнэсмэна несправядліва. Яна піша:
“Ягонаму арышту і суду паспрыялі ценявыя структуры, імёны прадстаўнікоў якіх старанна хаваюцца, былыя дырэктары ягонай жа фірмы, якія дружненька яго здалі, займеўшы пры гэтым сякі-такі капіталец, а таксама сьледчыя...”
Выпадак з Вадзімам Чарнышовым, якога абвінавацілі ў тым, што ён прыбраў да рук грошы пайшчыкаў пры далявым будаўніцтве жыльля і падмануў Міністэрства абароны як заказчыка аднаго з будаўнічых аб’ектаў (так званага даўгабуду), паводле нашай слухачкі Яны Перадумавай — “прыклад таго, як хворую сыстэму спрабуюць лячыць, накіроўваючы выхаванцаў гэтай жа сыстэмы ва ўстановы кшталту Бабруйскай калёніі”.
Далей наша слухачка апісвае падрабязнасьці гэтай заблытанай справы, робячы акцэнт на тым, што рознымі спосабамі пазьбяганьня падаткаў карыстаюцца тысячы беларускіх прадпрымальнікаў, але судзяць за гэта чамусьці толькі некаторых, і што шматлікія замежныя вандроўкі бізнэсмэна і набыцьцё ім яхты за некалькі соцень тысяч даляраў нібыта ня маюць ніякага дачыненьня да скрадзеных грошай пайшчыкаў.
Каб дэталёва разабрацца ва ўсіх выкладзеных вамі, спадарыня Перадумава, фактах, лічбах і сьцьвярджэньнях, відавочна, патрэбнае новае сьледзтва і новы суд. Зусім магчыма, што папярэдняе сьледства дапусьціла нейкія памылкі й што заканадаўства ў гэтай галіне далёкае ад дасканаласьці. Фактам, аднак, застаецца тое, што сотні людзей, якія даверылі свае грошы фірме спадара Чарнышова ў разьліку на будаўніцтва кватэраў, засталіся і бяз грошай, і без жыльля. І ў гэтых злачынствах (у недалёкім мінулым вельмі распаўсюджаных) вінаватыя найперш не недасканалыя законы, а канкрэтныя асобы, якія гэтых людзей падманулі.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Георгі Маскаўчук са Слоніму, Міхаіл Козел з Турава Жыткавіцкага раёну, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Міхаіл Леках з Рыгі і Валянціна Арцёмава зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.