Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму Радыё Свабода баіцца гаварыць пра імпэрыялізм Злучаных Штатаў?”


Валянцін Жданко, Менск

Пераважная большасьць лістоў у пошце апошніх дзён — па-ранейшаму на тэму падзеяў у Іраку і вакол яго. Многія слухачы пры гэтым, назіраючы за імклівымі падзеямі на Блізкім Усходзе, задаюць пытаньне: ці не адбудзецца нешта падобнае і ў Беларусі?

Мікалай Вярынскі з Бабруйску піша:

“Самая небясьпечная пагроза незалежнасьці Беларусі — імпэрыялістычная палітыка ЗША і Расеі. Але ніхто пра гэта не гаворыць. Сказаў калісьці Пазьняк аб расейскім імпэрыялізьме — і апынуўся побач з легендарным Валэнсам (у сэнсе геаграфічным). Рэйтынгі абодвух гэтых палітыкаў таксама аднолькавыя — вельмі блізкія да нуля. Апазыцыя з таго часу маўчыць, бо баіцца страціць электарат і адносіны з суседам, “старэйшым братам”.

А пра імпэрыялізм ЗША ня можа гаварыць нават Радыё Свабода, бо фінансуецца Кангрэсам ЗША. Дамовяцца Расея і ЗША — і няма Беларусі. Пра Лукашэнку ніхто і не ўзгадае, хіба што жартам будуць паўтараць ягоны крылаты выраз пра “нармальныя чалавечаскія яйцы”.

Была бойня ў Югаславіі, Афганістане. Цяпер — Ірак. Так, Хусэйн дыктатар, але, калі падыходзіць з такой меркай, дык трэба бамбаваць палову сьвету, у тым ліку і Беларусь. У Судане і Савудаўскай Арабіі рэжымы аднолькава таталітарныя, але ляяльныя да Штатаў. Можа, пачынаць вайну? Не, там будзе ціха: нафта даражэйшая за дэмакратыю і правы чалавека.

Тэрарызм бомбамі не пераможаш, пра што сьведчыць досьвед Чачэніі і Афганістана, а ў блізкім часе і Іраку. Беларусі патрэбны спакойны, памяркоўны, разважлівы й мудры прэзыдэнт, які захавае незалежнасьць Беларусі, а імпэрскія амбіцыі ЗША і Расеі выкарыстае на карысьць нацыянальнай эканомікі. На жаль, ні вядомая ўсім асоба, ні Зянон Пазьняк такімі якасьцямі не валодаюць”, — напісаў Мікалай Вярынскі з Бабруйску.

Не пагаджуся з вашым, спадар Вярынскі, цьверджаньнем, што беларуская апазыцыя нібыта маўчыць наконт пагрозы, якую ўяўляюць імпэрскія памкненьні Масквы. Плятформы большасьці дэмакратычных партыяў якраз і грунтуюцца на адстойваньні нацыянальнай незалежнасьці. Мітынговая хваля сярэдзіны і канца 90-х гадоў фактычна цалкам была прысьвечаная гэтай тэме. Цяпер хваля спала, але і становішча зьмянілася — пра недатыкальнасьць незалежнасьці ўвесь час гаворыць сам Лукашэнка.

Наконт вашых выказваньняў пра немагчымасьць перамагчы дыктатарскія рэжымы, якія падтрымліваюць тэрарыстаў, з дапамогай зброі. У якасьці прыкладаў вы называеце Чачэнію, Афганістан ды Ірак.

Чачэнію пакінем ў баку — гэта асаблівы выпадак, якім займаецца выключна Расея, і не дазваляе нікому ўмешвацца ў канфлікт, які лічыць сваім унутраным. А вось Афганістан ды Ірак — прыклады таго, што сучасная зброя і палітычныя тэхналёгіі дазваляюць параўнальна хутка і эфэктыўна адхіляць дыктатараў ад улады. Чаму аб’ектамі абраныя менавіта Афганістан ды Ірак, а не Судан і Савудаўская Арабія? Вось што адказвае на падобнае пытаньне іншы наш слухач — Мікалай Александровіч з Магілёва. Ён піша:

“Калі б Злучаныя Штаты ў 1991 годзе не спынілі Хусэйна, то за дзесяць гадоў ён бы захапіў усе суседнія краіны і ўжо меў бы атамныя бомбы на падводных лодках. І гэтымі бомбамі закідаў бы ЗША. Многія краіны Эўропы гэтаму спрыялі, пра што сьведчыць цяперашняя іхная заўзятая абарона Хусэйна. Але дзякуючы дальнабачнай і цьвёрдай пазыцыі ЗША сьвет пазьбег вялікай вайны. Нягледзячы на вялікія матэрыяльныя і людзкія страты, Злучаныя Штаты не саступілі й завяршаюць усталёўваць мір на Зямлі — падабаецца гэта асобным палітыкам ці не”.

Дадам да вашых зусім слушных развагаў, спадар Александровіч, што ў ЗША не пераацэньваюць ступень дэмакратычнасьці іншых таталітарных рэжымаў сьвету. І ніхто асабліва ня цешыць сябе думкай, што ў мусульманскіх блізкаўсходніх дзяржавах можна пабудаваць дэмакратыю кшталту амэрыканскай. Чаму аб’ектамі ўмяшаньня сталі менавіта Афганістан ды Ірак? Проста таму, што там рэжымы перайшлі тыя межы, калі іх можна было цярпець і ўгаворваць. Яны ўяўлялі рэальную небясьпеку для сьвету.

Аляксандар Олесь з заходнеўкраінскага сяла Ракітна Ровенскай вобласьці таксама напісаў на тэму вайны ў Іраку.

“Змагацца з гвалтам і злом з дапамогай сілы — спараджаць яшчэ большае зло. Якімі так званымі “вызваліцелямі” можна лічыць амэрыканцаў? У 1939 годзе арда так званых “чырвоных вызваліцеляў” уварвалася ў Заходнюю Ўкраіну, сеючы сьмерць ды тэрор. Яны таксама кіраваліся добрымі намерамі, якімі вельмі часта бывае высланая дарога ў пекла”.

Подпіс: Аляксандр Олесь, хрысьціянін, украінец. Сяло Ракітна Ровенскай вобласьці. Вашае параўнаньне, спадар Олесь, на маю думку, некарэктнае з многіх прычынаў. У 1939 годзе Польшча ў выніку змовы двух агрэсараў — сталінскага Савецкага Саюзу і гітлераўскай Нямеччыны — стала ахвярай гэтых двух дыктатарскіх рэжымаў. Ірак пад кіраўніцтвам Хусэйна сам ня раз учыняў акты агрэсіі ў адносінах да суседніх краінаў. І за гэта ўрэшце давялося разьлічвацца.

Так, з пункту гледжаньня хрысьціянскага вучэньня, любая вайна, любое гвалтоўнае дзеяньне — зло, а на гвалт трэба адказваць пакорлівасьцю і разуменьнем. Але палітыкі, адказныя за будучыню сваіх нацыяў, вымушаныя бачыць наступствы сваіх рашэньняў. А наступствы такія: сёньня будзеш патураць дыктатару, баючыся раздражняць яго — заўтра гэтае патураньне выльецца ў шматмільённыя ахвяры. Так, дарэчы, патуралі Гітлеру пры канцы 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Тацяна Барэль з Асіповічаў напісала нам, паслухаўшы дыялёг Юрыя Хадыкі з удзельнікамі он-лайнавай канфэрэнцыі, наладжанай Беларускай Свабодай. Слухачка піша:

“Вы выстаўляеце Зянона Пазьняка гэткім падбухторшчыкам грамадзянскай вайны. Наколькі я ведаю, ён даўно заклікае да справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў пад міжнародным пратэктаратам. Такія выбары — сапраўднае выйсьце для Беларусі.

А прафэсара Хадыку мне шкада. Няўжо яму хочацца па-ранейшаму туляцца па турмах ды хавацца ад міліцыі? І чаму патрэбен яшчэ нейкі закон, які забароніць цяперашняму кіраўніку інтэграцыйныя гульні? Ды яшчэ ў абмен на падаўжэньне тэрміну ўладараньня. Наша Канстытуцыя і без таго гарантуе нам незалежнасьць.

І што яны толькі твораць. Людзі не вытрымліваюць — тысячамі канчаюць жыцьцё самагубствам, пакідаюць Бацькаўшчыну. Патрэбная нармальная выбарчая сыстэма, а не закон пра інтэграцыйныя гульні. Людзі павінны адчуць сябе людзьмі — з правам выбару, дадзенага Богам. Чуйце, інтэгратары з абодвух бакоў! Землі маіх продкаў і маіх дзяцей я нікому не аддам!” — папярэджвае ў сваім лісьце Тацяна Барэль з Асіповічаў.

Што казаць, спадарыня Барэль — справядлівыя выбары пад міжнародным пратэктаратам — ідэя выдатная. Праўда, пры гэтым яна наколькі прывабная, настолькі ж і ўтапічная. Як, вы лічыце, ставіцца да яе Аляксандар Лукашэнка, які мае ў сваіх руках усе рычагі ўлады, і пры гэтым разьвітвацца з гэтай уладай у блізкай будучыні зусім не зьбіраецца?

Таму і ўзьнікаюць у галовах апазыцыйных палітыкаў праекты рознага кшталту дамоваў зь цяперашняй уладай, у тым ліку самых нечаканых, як у выпадку зь Юрыем Хадыкам. Заўважу пры гэтым, што спадар Хадыка зусім цьвяроза ацэньвае магчымасьці цяперашняй улады і найбольш верагодны зыход магчымага рэфэрэндуму аб падаўжэньні прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

На заканчэньне — ліст, які даслаў на наш электронны адрас Яўген Аляксандраў. Ён адшукаў на сайце Беларускай Свабоды мой даўні агляд, у якім я камэнтаваў падазрэньні аднаго са слухачоў, што Свабоду ў Беларусі зноў пачалі глушыць. Нам часта пішуць на гэтую тэму, але дакладнай інфармацыі, якая б пацьвярджала факт аднаўленьня глушэньня, мы ня маем. Гэтае маё тлумачэньне Яўгена Аляксандрава не задаволіла.

“Як жа так, няўжо вы ня ведаеце аб падобных фактах. Калі так, апішу тое, сьведкам чаго быў сам. Летась у сакавіку ўключыў я неяк прыймач а 18-й гадзіне на хвалі 31 мэтар, каб Свабоду паслухаць. Звычайна ў такі час на гэтай хвалі яе ў мяне чуваць было выдатна, гучна, якасна. А таго дня ў 18.10 пачуўся нейкі віскат, піск, мэханічны “сьпеў”. Я адразу падумаў: пэўна, “глушылка”. Ды праз 10 хвілінаў “сьпеваў” “глушылка” зьнікла, а замест яе на тле галасоў аўтараў Свабоды пачуўся вайсковы голас мужчыны сярэдніх гадоў: “Слушать Радио Свобода запрещено. Повторяю: запрещено”. Потым зноў пачаліся мэханічныя сьпевы.

Я такога не чакаў. Быў вельмі ўражаны. Але затое дакладна зразумеў: у гэтай краіне ўлады ў любы момант гатовыя пайсьці на скрайнія меры. Пазьней я час ад часу зноў чуў мэханічныя сьпевы, але ўжо бяз голасу вайскоўца”.

Апісаны вамі выпадак, Яўген, незвычайны і займальны. Але камандны голас, пачуты вамі на нашай хвалі, наўрад ці быў голасам афіцыйнага прадстаўніка спэцслужбаў — такога яны не дазвалялі сабе нават падчас халоднай вайны. Хоць тады ні для каго не было сакрэтам, што так званыя “глушылкі” працуюць — афіцыйна афішаваць гэта было забаронена.

А пачулі вы, хутчэй за ўсё, якога-небудзь заўзятага радыёаматара зь ліку былых супрацоўнікаў КГБ. Былі ў іх у свой час адмысловыя аддзелы, якія займаліся радыёвыведкай ды іншымі падобнымі справамі. Праседзеў які-небудзь адстаўны маёр КГБ усё жыцьцё ў радыёрубцы, ня маючы магчымасьці падаць голас. А пад канец жыцьця вось адважыўся, сказаў тое, дзеля чаго ўсё жыцьцё служыў. Хоць пачуць ягоны голас, перададзены якой-небудзь слабенькай аматарскай станцыяй, змаглі хіба што жыхары навакольных дамоў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Фёдар Аляксееў зь Віцебску, Сымон Булыга з Баранавічаў, Алесь Шустоўскі з Барысава, Іван Яскевіч зь вёскі Гавяды Шклоўскага раёну, Ягор Лісіцын, Мікалай Вязьмін і Мікалай Слуцкі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG