Назіраючы, як у вызваленым Багдадзе тысячы іракцаў апантана скідваюць з пастамэнтаў статуі Садама Хусэйна, паляць і рвуць ягоныя партрэты, многія людзі сталага веку згадвалі пра тое, як у свой час падобным жа чынам зьнікалі атрыбуты дыктатуры і ў былым Савецкім Саюзе. У найноўшай гісторыі гэтак жа разьвітваўся са зрынутым дыктатарам Нікалаэ Чаўшэску рымынскі народ.
На пачатку вайсковай апэрацыі ў Іраку беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка выступіў з рэзкімі антыамэрыканскімі заявамі, у падтрымку ірацкага рэжыму, зь якім ён падтрымліваў цесныя сувязі.
Многія нашыя слухачы зьвярнулі ўвагу на тое, што падобных заяваў у падтрымку ірацкага дэспатычнага рэджыму не рабіў ніводзін іншы кіраўнік эўрапейскіх краінаў.
Наш сталы слухач Мікалай Лясовіч зь Менску так адклікнуўся на апошнія ваенныя посьпехі антыірацкай кааліцыі:
“Мяне зьдзівіла цьверджаньне вашай карэспандэнткі Натальлі Судлянковай, выказанае ёю ў размове з адным ірацкім дысыдэнтам, што іракцы нібыта аказваюць войскам кааліцыі шалёны супраціў. На падставе чаго яна прыйшла да такой высновы? За два тыдні баёў ЗША страцілі менш як сто чалавек, нават у Багдадзе не сустрэлі асаблівага супраціву. Відавочна, што разьлік Злучаных Штатаў на тое, што народ ня будзе абараняць дыктатуру, апраўдваецца.
Думаю, што і ў нас усе гэтыя АМОНы і спэцбрыгады, якія служаць дыктатару за грошы, — калі б сустрэлі не бяззбройны народ, а якую-небудзь паўсталую вайсковую частку, тут жа паўцякалі б: каму ахвота разьвітвацца з жыцьцём за дыктатара?”.
Відавочна, спадар Лясовіч, што нават на працягу гэтых нядоўгіх трох тыдняў былі розныя стадыі вайны. Спачатку надараліся і выпадкі жорсткага супраціву, былі і ахвяры, і падбітая тэхніка кааліцыі... Але ў цэлым вы, безумоўна, маеце рацыю: народ не захацеў ахвяраваць жыцьцём дзеля захаваньня дыктатуры.
Амэрыканцаў у Багдадзе не сустрэлі стрэламі тых шасьці мільёнаў аўтаматаў Калашнікава, зьвесткамі пра якія радасна дзяліўся з Лукашэнкам расейскі сьпікер Селязьнёў, пабываўшы перад вайной у Багдадзе. І багдадзкія дамы не ператварыліся ў крэпасьці. І ўсе шматлікія клятвы ў адданасьці Хусэйну, якіх так шмат было, калі дыктатар меў уладу, напраўду аказаліся толькі пустым гукам. Зрэшты, так заўсёды бывае, калі ўлада трымаецца на гвалце, хлусьні і запалохваньнях.
Да іншых тэмаў. У нашай пошце часта трапляюцца лісты на тэму заняпаду беларускай мовы, дыскрымінацыі беларускамоўных грамадзянаў, дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на русіфікацыю грамадзкага жыцьця ў Беларусі. Ёсьць сярод слухачоў і тыя, хто лічыць гэтыя працэсы натуральнымі. Вось які ліст даслаў Міхаіл Адаркін з Гомеля. Ён піша:
“Як ні сумна, але ўсе мы мусім паглядзець праўдзе ў вочы: цягнік зь беларускай мовай адышоў. Для большасьці жыхароў Беларусі гэта мова стала замежнай. І асабіста я ня бачу ў гэтым вялікай бяды. Калі б сьвет меў агульную мову, дык і войнаў не было б. Бо адзіная мова родніць народы. У Вялікабрытаніі і Амэрыкі адна мова, і яны без аб’яднаньня моцна сябруюць. Так і мы будзем жыць з Расеяй: асобна, але ў добрых адносінах. У гэтай сувязі хоць бы вашае радыё давала пару гадзінаў сваіх перадачаў па-расейску: гэта была б вялікая карысьць для нашага народу”.
Ня думаю, спадар Адаркін, што адзіная мова — гарантыя спакою, стабільнасьці і сяброўства. На адной мове размаўляюць, да прыкладу, сэрбы і харваты — народы былой Югаславіі, якія сышліся ў 90-х гадах мінулага стагодзьдзя ў жорсткай грамадзянскай вайне. Адна мова ў народаў Паўночнай і Паўднёвай Карэі, якія ўжо пяць дзесяцігодзьдзяў у стане халоднай вайны. Агульная (гішпанская) мова ў Эквадоры і Пэру (найноўшая гісторыя гэтых лацінаамэрыканскіх краінаў азмрочаная няспыннымі памежнымі канфліктамі). На адной мове размаўляюць у Кітаі і на Тайвані — але і там ужо больш як паўстагодзьдзя ня могуць прыйсьці да згоды.
Беларуская мова апынулася ў заняпадзе найперш з прычыны сёньняшняй дзяржаўнай палітыкі. Але мова, спадар Адаркін, не ўспрымаецца ў Беларусі як замежная. І няма ніякай патрэбы ў тым, каб Беларуская Свабода пераходзіла на вяшчаньне па-расейску. Яна і так застаецца адным зь нямногіх беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі.
Гэтую ж тэму — стану і будучыні беларускай мовы — абмяркоўвае ў сваім лісьце наш сталы слухач Мікалай Слуцкі зь Менску. Ён піша:
“Амаль усё беларускае насельніцтва разумее мову, але многія не валодаюць вусным маўленьнем. Пасіўны слоўны запас можна было б зрабіць актыўным з дапамогай штодзённых адмысловых перадачаў па тэлебачаньні. 80% насельніцтва Беларусі падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую. І гэта даказвае, што многія ахвотна авалодалі б актыўнай мовай, калі б была такая магчымасьць”.
Наўрад ці праблему могуць вырашыць асьветніцкія тэлеперадачы, спадар Слуцкі. Пытаньне ў тым, ці запатрабаваная мова ў грамадзкім жыцьці. Калі на беларускай мове немагчыма атрымаць вышэйшую адукацыю, калі ёю не карыстаецца ніводная дзяржаўная ўстанова, калі ў краіне не існуе ніводнага беларускамоўнага тэлеканалу — пра які рэальны дзяржаўны статус і які прэстыж мовы можна казаць?
Ліст ад Ірыны Барысевіч зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну:
“Ня згодная з прапановамі кшталту ”У Эўропу разам з Расеяй”. Разам з Расеяй мы ўжо будавалі сацыялізм, які з дапамогай танкаў выйшаў за межы СССР. У выніку перамогі сацыялізму ў 1956 годзе вучылі “жыць” вугорцаў. У 60-я мы гадзінамі стаялі ў чэргах па чэхаславацкія тавары (адзеньне, абутак), а ўся краіна Саветаў танцавала факстрот пад кружэлку “Злата Прага”. Памятаеце: “Злата Прага, Красавица Прага — дорогая подруга Москвы...” А ў 68-м годзе “подругу” танкамі прасавалі.
Потым былі Чэбаксары, Тбілісі, Вільня... Гістарычныя падзеі, у якіх удзельнічалі і беларусы. А я лічу, што мае нашчадкі павінны бараніць уласную зямлю і ўласныя інтарэсы, а не інтарэсы суседзяў”.
Вашыя думкі, спадарыня Барысевіч, без сумневу, падзяляе кожная беларуская жанчына, якая выпраўляе ў войска сына ці брата, альбо муж якой носіць афіцэрскія пагоны. На мой погляд, на сёньня гэтыя настроі — адзін з асноўных засьцерагальнікаў і гарантаў беларускай незалежнасьці. Толькі дзякуючы таму, што Беларусь стала незалежнай, беларускія хлопцы ў 90-х гадах упершыню за многія дзесяцігодзьдзі не ваявалі за чужыя інтарэсы за тысячы кілямэтраў ад радзімы.
Ліст ад Якава Ішчука з Наваполацку:
“Што жывем кепска, самі ведаем, штодня ў гэтым пераконваемся, і ўжо не адзін год. Урад таксама мянялі ня раз — не дапамагло. Палова заводаў стратныя, а спытаць няма з каго. На складах прадукцыі на трыльёны, а зарплаты няма. Фэрмэраў задушылі, калгасы распадаюцца, а на рынках — бэльгійская морква 1200 рублёў за кіляграм, азэрбайджанская капуста, расейская грэчка. Бульба ў краме даражэй за муку вышэйшага гатунку. Не, браткі, тут ня дах трэба мяняць, а падмурак.
Больш чакаць няма чаго. Апошні сродак — вярнуць уладу народу. І дзеля гэтага ня трэба ніякіх рэвалюцыяў. Дастаткова імем закону сыстэматычна, няўхільна патрабаваць ад начальнікаў усіх узроўняў выкананьня іхных абавязкаў і тлумачэньня іхных учынкаў. Калі ён будзе ўпэўнены, што схопяць за руку — не рызыкне парушаць закон”.
Сытуацыю вы, спадар Ішчук, пазначылі дэталёва, глыбока, зь веданьнем справы. А вось прапанаванае вымі выйсьце выклікае нямала пытаньняў. “Вярнуць уладу народу”, паводле вашага тлумачэньня, азначае прыставіць да ўсіх начальнікаў, кантралёраў, каб сачылі, патрабавалі, засьцерагалі...
Наўрад ці такі шлях плённы. Сыстэма ўлады ў Беларусі заганная не таму, што мала кантралёраў (у гэтым якраз недахопу няма — армія чыноўнікаў вялізная). У людзей няма магчымасьці ўзьдзейнічаць на тых, хто мае рэальную ўладу. Той жа старшыня райвыканкаму не залежыць ад насельніцтва раёну (яно яго не выбірае) і фактычна можа не лічыцца з раённым саветам (у саветаў вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы). Няма ў Беларусі і незалежнага суду, і амаль усе сродкі масавай інфармацыі падначаленыя прэзыдэнцкай вэртыкалі. Вось гэты падмурак, відавочна, і трэба мяняць, каб дамагчыся рэальных зьменаў.
На заканчэньне — кароткі ліст ад Уладзімера Міновіча зь вёскі Чарэя Чашніцкага раёну. Слухач піша:
“З задавальненьнем слухаю перадачы Радыё Свабода. Асабліва цікава было пачуць успаміны Васіля Быкава. Зноў перачытваю яго аповесьці пра вайну. Разумею ўсё больш, чаму ён вымушаны быў на час пакінуць родную Беларусь”.
Уладзімер Міновіч зь вёскі Чарэя Чашніцкага раёну таксама просіць новы расклад Беларускай Свабоды, што мы і робім, дасылаючы некалькі каляндарыкаў з указаньнем хваляў, частотаў і часу вяшчаньня нашага радыё.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Зянон Арлікоўскі зь Дзятлава, Ільля Копыл зь Менску і Міхаіл Леках з Рыгі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Перадача “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір у пятніцы і нядзелі. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.