Пачну зь ліста Мікалая Лясовіча зь Менску, які ўжо доўгія гады амаль штовечар слухае Беларускую Свабоду. Ён адзін з тых зацікаўленых слухачоў, якія крытычна ставяцца да пачутага, маюць шмат заўвагаў да журналістаў і экспэртаў і часам робяць на гэтай падставе даволі катэгарычныя высновы. Я вылучыў гэты ліст з многіх іншых, паколькі пытаньні, у ім узьнятыя, часта сустракаюцца ў нашай пошце.
“Я ўпэўнены, што Радыё Свабода іграе найважнейшую ролю ў жыцьці Беларусі, бо дае нам магчымасьць даведацца праўду пра падзеі ў краіне, — піша Мікалай Лясовіч зь Менску. — А ад інфармаванасьці народу залежыць вельмі многае. Тым больш дзіўна выглядаюць відавочныя недахопы ў вашай працы. Гэтыя недахопы я лічу роўнымі злачынствам супраць свабоды інфармацыі.
Па-першае, сыгнал Беларускай Свабоды — самы слабы з усіх, што можна злавіць на кароткіх і сярэдніх хвалях. І гэта тады, калі Беларусь — апошняя дыктатура ў Эўропе. Калі містэр Дайн гэтага не разумее, то ён падманвае давер уладаў ЗША. Пасьля восьмай гадзіны вечара беларускую Свабоду ўвогуле амаль немагчыма прыняць, як пры “глушылках”.
Па-другое, у зрыве масавых акцыяў апазыцыі актыўную ролю іграе менавіта Беларуская Свабода, паколькі не дае інфармацыі пра месца і час збору людзей. Я слухаю Свабоду штодня, але толькі сёньня, 10 сакавіка, даведаўся, дзе будуць зьбірацца людзі 12 сакавіка. Інакш як наўмысным зрывам акцыі апазыцыі гэта назваць нельга. Відавочна, той, хто адказвае ў вас за гэта — вораг Свабоды. Калі 12 сакавіка прыйдзе мала людзей, у гэтым будзе значная ваша віна, а таксама плён дзейнасьці агентуры Лукашэнкі на Свабодзе. Ваш найважнейшы абавязак — шматкроць паўтараць інфармацыю пра тое, дзе і калі будуць адбывацца акцыі апазыцыі”, — лічыць Мікалай Лясовіч зь Менску.
У нас, спадар Лясовіч, сапраўды, ёсьць значныя праблемы з магутнасьцю радыёсыгналу. З розных рэгіёнаў Беларусі і сьвету мы атрымліваем разнастайную інфармацыю пра чутнасьць нашых праграмаў. Якасьць прыёму залежыць ад вельмі многіх фактараў, у тым ліку ад часу сутак і пары году, таго месца, дзе вы настройваецеся на нашыя хвалі. Але, зразумела, адзін з асноўных чыньнікаў — магутнасьць сыгнала, мы пра гэту праблему ведаем і спрабуем яе вырашыць. А вось з другой вашай прэтэнзіяй пагадзіцца ня можам.
Так, Радыё Свабода падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека, якія можа гарантаваць толькі дэмакратычная дзяржава. Але мы не вядзем прапагандысцкай дзейнасьці, накіраванай на выбар таго ці іншага палітычнага курсу. І не залежым, а таму і не абслугоўваем інтарэсы якіх бы то ні было палітычных партыяў і арганізацыяў, у тым ліку апазыцыйных.
Тое, колькі людзей сабралася на акцыю 12 сакавіка — праблема і клопат арганізатараў гэтай акцыі. Ні заклікаць, ні адгаворваць людзей ад удзелу ў такіх акцыях мы не павінны і ня будзем. Нашая задача — аб’ектыўна пра ўсё гэта распавядаць.
Некалькі лістоў на тэму ўрокаў мінулай выбарчай кампаніі. Вынікі выбараў вельмі расчаравалі Канстанціна Міронава зь Менску:
“Навошта было ўвогуле ва ўсім гэтым удзельнічаць, калі і так усё ясна. Калі апазыцыя хацела паставіць перад сабой невыканальную задачу, магла б выбраць і што-небудзь больш арыгінальнае — напрыклад, вычарпаць вёдрамі Менскае мора альбо Нарач. Усе гэтыя іхныя рухі й наступнае паўгадавое абмеркаваньне прычынаў няўдачаў толькі імітуюць дзеяньне”.
Адам Добрын зь Менску падзяляе такія высновы:
“Апазыцыі трэба было быць разам зь людзьмі й байкатаваць гэтыя выбары, каб пакінуць чыноўніцкую вэртыкаль сам-насам зь іхнымі скрынямі для галасаваньня. Але ж не, быццам па загаду кінуліся гуляць у дэмакратыю разам зь незаконнай уладай. Атрымалася ж як заўсёды: пацярпелі чарговую паразу, і самае галоўнае — не прыдбалі гонару. Людзі не галасуюць за слабых.
Здаецца, толькі партыя Пазьняка слушна ацаніла гэтыя псэўдавыбары і заклікала да байкоту. Здавалася б, іншыя кіраўнікі беларускай апазыцыі ў цяжкую гадзіну чарговай расейскай анэксіі павінны быць разам зь вялікім беларусам — Зянонам Пазьняком. Але ж не, заклапаціліся пра ўласны дабрабыт і кінуліся ў дробны палітычны бізнэс, называючы гэта “палітычным прагматызмам”. Але паступова прагматызм пераўтварыўся ў здраду — прадметам гандлю стала беларуская незалежнасьць”.
У апазыцыі, спадар Добрын, ужо быў досьвед байкоту выбарчай кампаніі, і досьвед гэты наўрад ці можна назваць удалым. Вы пішаце, што дэмакратам трэба было застацца разам зь людзьмі й праігнараваць выбары. Але ў тым і справа, што большасьць насельніцтва ў выбарах удзельнічала. У грамадзтве яўна ёсьць імкненьне да зьменаў, многія зусім цьвяроза ацэньваюць рэальную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі.
Так, выбары нельга назваць справядлівымі, улада самымі рознымі мэтадамі пазбаўлялася ад няўгодных ёй дэмакратычных кандыдатаў, большасьць іх (ды што большасьць — амаль усе) у мясцовыя саветы ня трапілі... Але ў гэтым, на маю думку, ёсьць і станоўчы момант. Не забывайце, спадар Добрын: усё гэта назіралі й ацэньвалі людзі. І рабілі высновы.
Алесь Станкевіч з Горадні піша:
“Нядаўна Лукашэнка сказаў праўду: за аб’яднаньне з Расеяй у адзіную дзяржаву гатовыя прагаласаваць ня больш як 30% насельнікаў Беларусі. А колькі было ляманту ўсіх гэтых штатных прапагандыстаў на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні — пра тое, нібыта ўсе беларусы хочуць аб’яднацца з Расеяй... І ніводнага разу не далі слова тым, хто казаў бы пра рэальную небясьпеку страты незалежнасьці й наступствы ўваходжаньня ў склад імпэрыі...”
Далей у сваім лісьце Алесь Станкевіч згадвае шматлікія гістарычныя выпрабаваньні, якія напаткалі беларусаў за 200 гадоў жыцьця ў імпэрыі — войны, падзелы, калектывізацыю, вынішчэньне самых працавітых сялян, бальшавіцкія рэпрэсіі... Ад імпэрскай спадчыны, лічыць слухач, Беларусь пакутуе і цяпер. Ён піша:
“За саветамі ў Горадні і Баранавічах збудавалі вялізныя баваўняныя фабрыкі. Вазілі туды бавоўну з Узбэкістану, за тысячы кілямэтраў. Там ужо тады было беспрацоўе, а цяпер зьявілася беспрацоўе тут. Людзей пазабіралі зь вёсак — вёскі выміраюць. А ў гарадах няма працы, бо няма бавоўны”.
З падобнай жа праблемай сутыкнуліся многія постсавецкія і постсацыялістычныя дзяржавы, спадар Станкевіч. Краіны Ўсходняй Эўропы знаходзілі выйсьце ў тым, каб завабіць інвэстараў, перавесьці гіганцкія неэфэктыўныя вытворчасьці на выпуск прадукцыі, на якую ёсьць попыт на рынку.
У той жа час Аляксандар Лукашэнка з адным са сваіх першых афіцыйных візытаў у 1994 годзе накіраваўся ва Ўзбэкістан, абяцаючы Баранавіцкаму камбінату, як ён тады казаў, вырашыць “жаночае пытаньне” і знайсьці танную бавоўну. Увогуле, у Беларусі паспрабавалі захаваць тыя савецкія гіганты індустрыі. Наколькі спроба была пасьпяховай, могуць распавесьці беспрацоўныя баранавіцкія ды гарадзенскія тэкстыльніцы.
Над падобнымі праблемамі разважае ў сваім лісьце і Віктар Баранаў з Рагачова. Слухач піша:
“Нельга без усьмешкі назіраць, якім чынам усе высокія беларускія начальнікі спрабуюць прымусіць людзей працаваць. Спасаб адзін: кулаком па стале і гучная пагроза — “Звольню з працы, і цябе нідзе ня возьмуць”. Няўжо ня ведаюць начальнікі: яшчэ ў старажытным Рыме зразумелі, што рабская праца неэфэктыўная, таму трэба даць рабам свабоду.
Лукашэнка ўжо дзесяць гадоў спрабуе кіраваць з дапамогай прымусу. І чаго дабіўся? Развальваюцца нават у мінулым багатыя калгасы. Прымус неэфэктыўны. А ўлада нічога іншага, як толькі камандаваць, ня ўмее. Часам нават незразумела — якое стагодзьдзе ў нас у Беларусі”, — напісаў Віктар Баранаў з Рагачова.
Думаю, спадар Баранаў, справа тут ня ў тым, што ўлада ня можа зразумець, якая праца больш эфэктыўная — свабоднага ўласьніка ці наёмнага работніка, у якога часта няма выбару (як, напрыклад, у тым жа калгасе), а таму яму можна плаціць капейкі, або ўвогуле не плаціць паўгоду, ён усё сьцерпіць. Запэўніваю вас: выдатна ўсё гэта ўлада ўсьведамляе.
Але ці будзе свабодны ўласьнік, які працуе на сябе і сам распараджаецца заробленым, цярпець гэтую уладу, яе каманды і загады, яе спробы распараджацца тым, што ён, гаспадар, зарабіў? Паглядзіце, якія адносіны ў сёньняшняй улады з дробнымі гандлярамі, што працуюць на рэчавых рынках. Гэтыя людзі ўжо паспыталі, што такое ўласная справа, праца на сябе, незалежнасьць ад шматлікіх начальнікаў. І ўлада гэтых свабодных і самастойных людзей апасаецца, як пагрозы для свайго далейшага існаваньня.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шылаў зь Менску, Андрэй Паско зь Берасьця і Віктар Туравец з францускага Ліёна. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.