Другога сакавіка ў Беларусі — выбары ў мясцовыя саветы. У большасьці вёсак і мястэчак выбары гэтыя безальтэрнатыўныя, безь незалежнага назіраньня, са звыклымі, прызначанымі ўладай выбарчымі камісіямі. Там, дзе апазыцыя і мае сваіх кандыдатаў, значных шанцаў на посьпех няшмат — і найперш з прычыны таго, што няма даверу да выбарчых камісіяў і эфэктыўнага кантролю за падлікам галасоў.
Лісты на тэму выбараў у асноўным пэсымістычныя: маўляў, застануцца ў саветах тыя ж людзі, што і былі, а значыць, ніякіх зьменаў чакаць не даводзіцца. А вось наш сталы і ўважлівы слухач Георгі Белаконь з Калінкавічаў лічыць, што дзейсны кантроль за галасаваньнем можна наладзіць. Ён піша:
“Выбарчая сыстэма ў нас недасканалая. Таемнае галасаваньне мае шмат мінусаў. Галоўная загана — тое, што ананімных бюлетэняў улада можа надрукаваць колькі заўгодна, а потым прагаласаваць за тых, хто не пайшоў на выбары.
Выйсьце, на маю думку, тут ёсьць. Яно ў тым, каб кожны выбарац атрымаў магчымасьць пракантраляваць, ці ўлічаны ягоны голас. Дзеля гэтага трэба, каб кожны бюлетэнь меў нумар і адрыўны карэньчык. Бюлетэнь я апускаю ў скрынку, а карэньчык, дзе таксама ўказана, як я прагаласаваў — пакідаю сабе.
Калі зьявіўся сумнеў, што мой голас ня так улічылі, зьяўляецца магчымасьць кантролю. У такім выпадку і таямніца галасаваньня будзе захаваная, і магчымасьць для кантролю грамадзтва за падлікам галасоў зьявіцца”, — лічыць наш сталы слухач Георгі Белаконь з Калінкавічаў.
Прапанова, спадар Белаконь, цікавая. Вось толькі як тут быць з адным з галоўных прынцыпаў галасаваньня — таемнасьцю? Нехта ж павінен пракантраляваць, каб на бюлетэні й на карэньчыку вы зрабілі аднолькавыя пазнакі. Ды і наколькі больш грувасткай і дарагой стане сама працэдура?
Усё ж, цывілізаваны сьвет пайшоў іншым шляхам: ананімныя бюлетэні, але адначасова — жорсткі грамадзкі кантроль за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі, пры якім умяшаньне ў працэс выбараў з боку дзейнай улады фактычна выключанае. І наўрад ці гэтаму шляху ёсьць альтэрнатывы.
Наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску адгукнуўся на рэпартаж Ганны Соусь, які прагучаў на хвалях Беларускай Свабоды 24 лютага. У ім ішла размова пра тое, што жыхары менскай вуліцы Бяды хадайнічаюць перад уладамі, каб перайменавалі яе ў вуліцу Ўладзімера Мулявіна. Ільля Копыл піша, што доўгі час жыў на гэтай вуліцы, па суседзтву з домам нумар трынаццаць, дзе была кватэра Ўладзімера Мулявіна. Слухач згадвае:
“Асабіста мы знаёмыя не былі. Так, час ад часу выпадкова сустракаліся. Я вітаўся зь ім, ён адклікаўся на прывітаньне. Ён — таленавіты чалавек, зорка, яго ўсе ведалі ў твар. Я ж шараговы прыхільнік ягонага таленту. Такіх, як я, сотні тысяч, ён ня мог усіх ведаць. Але быў аднойчы такі эпізод, які я адразу згадаў, пачуўшы ваш рэпартаж.
Падчас адной такой выпадковай сустрэчы я, павітаўшыся, адважыўся спытаць, як справы, як творчыя посьпехі. Ён не адштурхнуў мяне сустрэчным пытаньнем кшталту “Мы што, знаёмыя?” (што, увогуле, было б натуральным). Дзякуй яму за гэта. А адказаў прыкладна гэтак: “Якія могуць быць справы, калі жывеш на вуліцы Бяды. Такая бязглуздая назва...” Я пагадзіўся. Добра, кажу, што яшчэ ня “вуліца Разрухі” ці “Голаду”. Але я дакладна ведаю, што многія жыхары вуліцы даслалі лісты ў Менгарвыканкам з просьбай, каб гэтую назву зьмянілі. Так мы дайшлі да вуліцы Сурганава, разьвіталіся і разышліся”.
Закончыў Ільля Копыл свой ліст наступнымі высновамі:
“Уладзімер Мулявін пражыў на вуліцы Бяды 20 гадоў. Па ёй ён прайшоў тысячы разоў. Яго тут усе бачылі, сустракаліся зь ім, размаўлялі. Ён належыць гэтай вуліцы. Бадай, усе яе жыхары хацелі б, каб вуліца насіла імя Мулявіна. Што да генэрала Бяды, то ён да гэтай вуліцы ня мае ніякага дачыненьня. Ён ніяк зь ёй не зьвязаны”.
Наколькі я ведаю, спадар Копыл, жыхары вуліцы Бяды ўжо зьбіраюць подпісы пад зваротам з просьбай перайменаваць гэтую вуліцу. Гарадзкія ўлады сьцьвярджаюць, што, калі за гэта выкажацца большасьць людзей, пытаньне будзе разглядацца ў Менгарвыканкаме і, хутчэй за ўсё, вырашыцца станоўча для прыхільнікаў таленту Ўладзімера Мулявіна.
Хоць увогуле тапанімічная праблема ў Беларусі застаецца. Амаль усе цэнтральныя вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў — гэта адзін суцэльны пантэон камуністычных генэралаў, палітрукоў, сакратароў і камісараў. І мяняць гэтае становішча сёньняшнія беларускія ўлады не зьбіраюцца.
Нашая слухачка Аліна Дуброўская зь Дзяржынску (Койданава) Менскай вобласьці была адной з тых дзясяткаў самаахвярных людзей, якія абаранялі Курапаты, усталёўвалі крыжы на магілах ахвяраў сталінскіх злачынстваў, працавалі на талоках. Імёны гэтых людзей, у тым ліку Аліны Дуброўскай, прыведзеныя ў кнізе “Дарога праз Курапаты”, складзенай з рэпартажаў, што гучалі летась на хвалях беларускай Свабоды. Аліна была на прэзэнтацыі выданьня, пазнаёмілася са зьместам кнігі й засталася не задаволеная прачытаным і ўбачаным. Яна піша:
“Слова “валанцёр” азначае добраахвотнік, які бескарысьліва займаецца грамадзкай працай, ня маючы ад гэтага ніякага прыбытку. Я не магу назваць валанцёрамі тую моладзь, якая пералічаная ў кнізе. Я ніколі ня бачыла, каб яны працавалі. Так, у вялікім салдацкім намёце ў Курапатах жылі маладыя хлопцы і дзяўчаты. Зь якой мэтай яны там жылі й чым займаліся — я ня ведаю. Гэта ведаюць толькі тыя людзі, якія выкарыстоўвалі моладзь у сваіх палітычных мэтах”.
Абвінавачаньне, спадарыня Дуброўская, сур’ёзнае, але наколькі яно справядлівае? Калі вы сапраўды ўважліва прачыталі кнігу, то ня можаце ня ведаць, дзеля чаго зімавалі ў брызэнтавым намёце ў Курапатах хлопцы і дзяўчаты, церпячы і ад холаду, і ад голаду, і ад прыдзірак міліцыі, і ад правакацыяў невядомых, і ад раздражненьня будаўнікоў дарогі... Гэта ня меншая ахвяра і ня меншая праца, чым тая, якую рабілі вы і вашыя аднадумцы з Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, калі ставілі крыжы і станавіліся на шляху бульдозэраў.
Між тым, Аліна Дуброўская ў сваім лісьце сьцьвярджае:
“Апрача сяброў нашай партыі, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк, я ня бачыла за працай у Курапатах ніводнага чалавека. У той час, як сябры так званай “Грамадзкай ініцыятывы ў справе ўратаваньня Курапатаў” праводзілі прэсавыя канфэрэнцыі ды круглыя сталы, сябры нашай партыі былі ў Курапатах. Яны сталі на шляху бульдозэраў, былі схопленыя, жорстка зьбітыя і асуджаныя”.
Аліна Дуброўская называе імёны тых, каго, на яе думку, незаслужана абышлі грамадзкай увагай: Валеры Буйвал, Сяргей Папкоў, Уладзімер Раманцоў, Уладзімер Юхо, Уладзімер Плотнікаў, Рыгор Кійко. На прэзэнтацыі кнігі “Дарога праз Курапаты”, піша Аліна Дуброўская, сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ відаць не было.
Што ж, давайце, спадарыня Дуброўская, яшчэ раз пагартаем гэтую кнігу. Імя Валера Буйвала ў ёй згадваецца ў 11 рэпартажах, Сяргея Папкова — у 12-ці, Уладзімера Юхо — у 30-ці, Уладзімера Раманцова — у двух, Уладзімера Плотнікава — у 5-ці і Рыгора Кійко — у 7 рэпартажах. Я ня думаю, што мы абышлі гэтых людзей увагай. Радыё Свабода падрабязна распавядала пра ўсе талокі, якія вы ладзілі. Дарэчы, у талоках у Курапатах бралі ўдзел і актывісты іншых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама й валанцёры, пра што падрабязна паведамляла Свабода і пра што напісана ў кнізе.
Што да прэзэнтацыі, то сяброў КХП БНФ настойліва й неаднаразова запрашалі на яе, але тыя зь нейкай прычыны праігнаравалі запрашэньне.
І яшчэ пра адну праблему, якой вы, спадарыня Дуброўская, надалі ў сваім лісьце шмат месца. Вы абураецеся тым, што мы ўжываем абрэвіятуру КХП БНФ, і патрабуеце, каб ва ўсіх выпадках гучала толькі поўная назва — Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Абрэвіятуру вы называеце скажонай і несапраўднай, а тых, хто яе ўжывае — парушальнікамі статуту вашай партыі.
Спрэчка гэтая ня новая, нам ня раз даводзілася даваць адказ на падобныя прэтэнзіі вашых аднапартыйцаў. Скароты таму і ўжываюцца ў жывой мове, што гэта зручна і эканомна: АБСЭ, ААН, БНР, НАТО. Ніхто ня лічыць гэтыя абрэвіятуры зьнявагай, яны трывала ўвайшлі ў моўную практыку.
Дарэчы, агульнаўжывальнай стала і абрэвіятура КХП БНФ, ці проста КХП. Так вашу партыю ўжо даўно называе ўся палітычная і каляпалітычная публіка. Можа, гэта і супярэчыць вашаму партыйнаму статуту, але статут — дакумэнт унутрыпартыйны, несябры вашай партыі выконваць яго не абавязаныя.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Cяргей Ясінскі з Салігорску, Аляксей Станкевіч з Горадні, Мікалай Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну і Стэфанія Сікорская зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.