Значная частка нашай пошты апошніх тыдняў — на тэму мясцовых выбараў, якія адбудуцца ў гэтую нядзелю. Слухачы ня толькі паведамляюць пра заўважаныя шматлікія парушэньні й злоўжываньні, але і абмяркоўваюць пытаньне: ці варта ўвогуле ісьці на выбарчыя ўчасткі.
Стэфанія Сікорская зь Менску сама галасаваць не зьбіраецца і вельмі не задаволеная тым, што апазыцыя вылучыла на выбарах сваіх кандыдатаў. Яна даслала ўлётку, у якой удзел у выбарах названы “здрадай Беларусі” і “ашуканствам”, а той, хто заклікае ўдзельнічаць у гэтых выбарах, паводле аўтараў улёткі — “здраднік” і “памагаты каляніяльнага рэжыму Лукашэнкі”. Падпісаная ўлётка нейкім падпольным “Камітэтам абароны Бацькаўшчыны ад расейскай агрэсіі”. Ад сябе Стэфанія Сікорская піша:
“Усё, сказанае ў гэтым звароце, адпавядае рэальнасьці. А праўду ў нас у Беларусі хаваюць. Агульны няўдзел беларусаў у лукашэнкаўскіх выбарах пакажа Расеі й Захаду, што беларусы не дадуць зьліквідаваць ні пад якім выглядам сваю дзяржаву. А псэўдаапазыцыя, якая заклікае на лукашэнкаўскія выбары, займаецца ашуканствам і здрадай. Пад выглядам псэўдавыбараў беларускіх грамадзянаў хочуць зацягнуць у Расею”.
Агульнага няўдзелу ў гэтых выбарах, спадарыня Сікорская, ня будзе. Ідэю байкоту падтрымлівае толькі нязначная частка насельніцтва — усе сацыялягічныя апытаньні (і афіцыйныя, і незалежныя) пра гэта сьведчаць. Папярэднія спробы байкоту (тры і чатыры гады таму) ня мелі вялікага плёну.
Не існуе іншага разумнага і мірнага спосабу зьмены ўлады, чым выбары. Апазыцыйныя партыі, якія вылучылі сваіх кандыдатаў, ня дужа спадзяюцца, што гэтыя выбары будуць справядлівымі й дэмакратычнымі і што ім удасца атрымаць перамогу. Але, нават калі ў мясцовы савет прыйдзе некалькі ці хоць бы адзін дэмакратычны дэпутат — гэта ўжо дадатковая трыбуна і новыя магчымасьці для апазыцыі.
Віктар Туравец, сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, які жыве цяпер у Ліёне (у Францыі), даслаў ліст, у якім параўноўвае францускія і беларускія палітычныя рэаліі. Слухач піша:
“Калісьці адна асоба, якая лічыць сябе прэзыдэнтам Беларусі, заявіла, што ў Беларусі дэмакратыі больш, чым у той жа Францыі. Мякка кажучы, гэта нахабная хлусьня. Я, як сьведка, прывяду некаторыя факты, а вы параўнайце зь беларускай рэчаіснасьцю.
Любая значная падзея, інфармацыя тут за лічаныя хвіліны даходзіць да любога француза, бо сродкі масавай інфармацыі не залежаць ад адной асобы, а журналісты не выконваюць ролю падпявалаў улады. Судзьдзі ня думаюць, як дагадзіць прэзыдэнту, бо не залежаць ад яго. Мітынгі, шэсьці забараніць нельга, і праходзяць яны выключна па цэнтральных вуліцах. Людзей, якія свабодна раздаюць ці расклейваюць улёткі, не хапаюць паліцыянты.
На выбарах заўсёды шмат назіральнікаў, і, калі пачынаюць лічыць галасы, яны стаяць побач са сталом зь бюлетэнямі. Усё адбываецца спакойна і свабодна. Пасьля заканчэньня галасаваньня, у 20 гадзін, па ўсіх тэлеканалах паказваюць амаль канчатковыя вынікі выбараў, і ня трэба чакаць, як у нас, калі ўлада напіша патрэбныя для сябе вынікі выбараў. Усю ўладу, ад самага верху да нізу, тут крытыкуюць заўсёды, а тым больш падчас выбарчых кампаніяў”.
На заканчэньне Віктар Туравец з францускага Ліёна робіць наступную выснову:
“Для нашага народу ёсьць два шляхі — ці ў цывілізаваны сьвет, Эўропу, да лепшага жыцьця, ці туды, куды цягне ўлада — у тыя часы, калі жылі дрэнна, але нядоўга. Мяркую, што наш народ разумнейшы, чым гэтая ўлада, і ўрэшце зробіць выбар на карысьць Беларусі”.
Ваш аптымізм, спадар Туравец, падзяляюць многія нашыя слухачы. Хоць ня меншая колькасьць задае пытаньне: “Калі гэта адбудзецца?” І на пытаньне гэта пакуль няма дакладнага адказу.
Ніна Ярмалінская з Салігорску даслала ліст, пад якім паставілі подпісы яшчэ 24 жыхары гораду. Усе яны занепакоеныя тым, як вядзецца падрыхтоўка да маршу пратэсту 12 сакавіка. Слухачы пішуць:
“Ня ўсе лідэры палітычных партыяў пагадзіліся браць удзел у гэтым маршы (маем на ўвазе, напрыклад, Вінцука Вячорку, Юрася Беленькага, Міколу Статкевіча, якія матывуюць сваю адмову рознымі прычынамі). Між тым, сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне з кожным днём пагаршаецца. Нізкая зарплата, мізэрныя пэнсіі, галодныя дзеці — усё гэта вядзе да выміраньня нацыі. Таму мы лічым, што справа гонару кожнага палітыка, які паважае сябе, любіць Беларусь і беларусаў, арганізаваць сваіх сяброў на Народны марш і самім узяць актыўны ўдзел у гэтай акцыі пратэсту”.
Наколькі мне вядома, спадарыня Ярмалінская, многія палітычныя лідэры не падтрымалі ідэю гэтага маршу не таму, што не падзяляюць ягоную сацыяльную скіраванасьць. Проста 25 сакавіка, у гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі, штогоду ладзіцца традыцыйнае шэсьце. І яго арганізатары апасаюцца, што такі маленькі прамежак часу паміж дзьвюма акцыямі — усяго 13 дзён — будзе не на карысьць масавасьці. На маю думку, гэтыя апасеньні не беспадстаўныя.
Ліст ад Ніны Яўсевіч зь Менску:
“Лепш бы вы на радыё музыку круцілі, а не распаўсюджвалі мудрагелістыя ўтапічныя ідэі нашых апазыцыянэраў. Яны ўжо дзесяць гадоў кажуць пра адно і тое ж. А воз і зараз там. Яны састарэлі, сталі страшна далёкія ад народу. Ды што казаць — яны проста шкодныя сёньня. Няхай гавораць пра сябе, любімых, пра сваё, так бы мовіць, “дзявочае” на сваіх кухнях, а не ў вашых перадачах.
Я і многія іншыя, хто раней падтрымліваў апазыцыю, а потым яе апраўдваў, сёньня ўжо імкнемся не да яе, а ў адваротным кірунку. І яна сама ў гэтым вінаватая. Там няма лідэраў, яркіх сьмелых асобаў. І казкі іхныя надакучылі, і стратэгія бяз тактыкі. І вышэй за сябе ім ня скокнуць, і да народу няма падыходу. Вось Лукашэнка сказаў некалькі патрэбных (а галоўнае — своечасовых) словаў, і народ дружна разьлюбіў Расею, якую да таго нібыта горача любіў”.
Асаблівае раздражненьне Ніны Яўсевіч выклікала нядаўняя перадача “Экспэртыза Свабоды”, у якой ішла размова пра адключэньне ў Беларусі расейскіх тэлеканалаў. Зноў цытую ліст слухачкі:
“Не прабіўшыся на тэлебачаньне, нашы апазыцыянэры сталі шкодзіць народу. Як жа так, маўляў, — ён, гэты народ, у інфармацыйным полі чужой дзяржавы. Вось і ў вашай экспэртызе спасылаліся на досьвед Украіны: яна нібыта яшчэ 10 год таму адключыла расейскія каналы. А пра тое ня кажуць, што Беларусь не Ўкраіна. Ва Ўкраіне, дарэчы, агульнадаступныя 20 каналаў. А ў Беларусі цяпер як на могілках: БТ, СТВ, ОНТ — і ўсе ў руках тых, хто ня проста супраць усяго беларускага, а зацяты вораг беларушчыны.
Няўжо не зразумела, што нашаму народу патрэбныя і расейскія, і польскія, і літоўскія, і ўкраінскія, і нават нямецкія каналы — дзеля падвышэньня самаацэнкі, самасьвядомасьці, дзеля любові да сваёй радзімы, культуры, мовы”.
Выйсьце Ніна Яўсевіч зь Менску бачыць у тым, каб на беларускай Свабодзе загучалі новыя галасы.
“Калі ў вас замест “збанкрутаваных палітыкаў” (як іх называе прэзыдэнт) у праграмах зьявяцца сьмелыя і яркія асобы, здольныя растлумачыць людзям, што ўлада кіруе супраць народу, назло яму, па-хамску, нахабна — прыкладаў не пералічыш, — вось тады вас захочацца слухаць. І прэзыдэнт тады, магчыма, ня будзе нахабна заяўляць, што народ трэба абараняць ад чыноўнікаў. Ён жа ведае, што сам выбудоўваў сваю вэртыкаль улады. І так выбудаваў, што няўгодны яму работнік ня трапіць нават на ламанае крэсла ў ЖЭСе. Пабаяўся б і студэнтам нахабна заявіць, што сем гадоў змагаецца з прывілеямі ў краіне. Ён ведае, пра што гавораць на вашай Свабодзе, і, мяркуючы па ўсім, вельмі задаволены сваёй апазыцыяй. А вы сабой задаволеныя?”
А заканчвае слухачка свой ліст наступнымі нараканьнямі:
“Выбачайце за рэзкасьць, але вы ня вельмі добра робіце сваю справу, вы там, у Празе, далёкія ад беларусаў. І ўвогуле, я ня ўпэўненая, што вы любіце Беларусь. У вашым эфіры тыя самыя героі, якія нямала беларусам нашкодзілі. А яшчэ вы забыліся, што за Лукашэнкам пайшлі масы, бо ім ён падаўся сьмелым. Вы ж слухачоў губляеце. Сьмеласьці ў вас фактычна няма”.
На вашае, спадарыня Яўсевіч, пытаньне: “Ці задаволеныя мы сабой?” — адкажу: “Не заўсёды. А часам і незадаволеныя”. Магчыма, вам падасца дзіўным, але мы таксама за тое, каб на нашых хвалях гучалі галасы яркіх, неардынарных, сьмелых і таленавітых палітыкаў, якія здольныя пераконваць людзей і зь меркаваньнямі якіх лічылася б улада.
Але рэальнасьць такая, што ў палітычных лідэрах апазыцыі сёньня ня тыя ідэальныя асобы, якіх вам, спадарыня Яўсевіч (і, напэўна, ня толькі вам) хацелася б бачыць, а рэальныя людзі з многімі недахопамі, з супярэчлівымі палітычнымі біяграфіямі й ня надта вялікім шанцаваньнем у палітыцы. І калі вы, спадарыня Яўсевіч, лічыце, што гэта мы, супрацоўнікі радыё, вінаватыя, што менавіта гэтыя людзі ўзначальваюць апазыцыю і ад яе імя выступаюць у нашым эфіры, то вы проста блытаеце функцыі сродкаў масавай інфармацыі з функцыямі палітычных партыяў, а адказнасьць журналістаў — з адказнасьцю ўсёй палітычна актыўнай часткі грамадзтва, якая ўрэшце гэтых лідэраў вылучае са свайго асяродзьдзя.
А ўвогуле, спадарыня Яўсевіч, за парады і заўвагі — дзякуй. Будзем імкнуцца, каб кола ўдзельнікаў і экспэртаў нашых перадачаў пашыралася.
Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Станіслаў Гарадзецкі зь вёскі Сьвілы Воранаўскага раёну і Леў Парэцкі зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.