Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСАЎ ЗАПРАШАЮЦЬ БУДАВАЦЬ КАТЭДЖЫ Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

“Катэдж у Зялёным Лузе — увасабленьне вашай мары пра ўласны дом. Індывідуальнае жытло нямецкай якасьці для менчукоў”. Гэтак цяпер праз газэты і Інтэрнэт-выданьні рэклямуецца будаўніцтва катэджнага пасёлку побач з урочышчам Курапаты. У пасёлку апроч 160 катэджаў плянуецца пабудаваць супэрмаркет, дзіцячы садок, царкву, паліклініку, пральню, фітнэс-цэнтар і турыстычнае бюро.

Я зьвязалася з турыстычнай кампаніяй “Сакуб”, адным з заснавальнікаў беларуска-нямецкага прадпрыемства “Горнбахер і Боль”. Мне адказаў прадстаўнік кампаніі Іван Леановіч, які непасрэдна займаецца рэклямай праекту.

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць дазвол на будаўніцтва катэджнага пасёлку?”

(Леановіч: ) “Ёсьць”.

На пытаньне Радыё Свабода пра непасрэдную блізкасьць да месца будаўніцтва катэджаў урочышча Курапаты, дзе знаходзяцца пахаваньні дзясяткаў тысяч людзей, спадар Леановіч адказаў наступным чынам:

(Леановіч: ) “А вы ўпэўненая, што пад падвалам таго дому, дзе вы жывяце, няма могілак? Я, як архітэктар, магу вам сказаць, што яны там ёсьць, калі ня там, то за 50–100 мэтраў. І яшчэ невядома, хто там каго расстраляў”.

(Карэспандэнтка: ) “У дадзеным выпадку дакладна вядома, хто ляжыць, і хто каго расстрэльваў у Курапатах”.

(Леановіч: ) “Гісторыя многія аспекты замоўчвае, і можа нават гаварыць няпраўду. Ведаеце, ня варта жыць мінулым, ня трэба шкодзіць будучыні”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі плянуецца распачаць будаўніцтва катэджаў? І хто даваў дазвол на будаўніцтва?”

(Леановіч: ) “Я ўстрымаюся. Без каментароў”.

А вось якую інфармацыю прадстаўнік кампаніі “Сакуб” Іван Леановіч даводзіць да зацікаўленых кліентаў:

(Леановіч: ) “Паводле генпляну, будаўніцтва ўжо павінна распачацца. Але паколькі зямля яшчэ мерзлая, мы ня можам пачаць земляныя работы. Як толькі пацяплее, пачынаем. Канец будаўніцтва — канец 2005 году. Да канца гэтага году будуць зробленыя ўсе камунікацыі й адсоткаў 70 участку будзе забудавана. Спачатку трэба аплаціць кошт участку з разьліку 1500 даляраў за сотку. Таксама аплачваецца 15–20% кошту самога дома. А потым паэтапна. Каля 160 участкаў аддадзім пад жытло, а 40 участкаў — пад інфраструктуру. Попыт на гэтыя ўчасткі проста вялізны. Заявак больш, чым месцаў”.

А паводле намесьніка начальніка Дэпартамента аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Ігара Чарняўскага, гэтая кампанія ня мае дазволу на пабудову катэджнага пасёлку ў Курапатах.

(Чарняўскі: ) “Не, такога дазволу яны не атрымалі. Больш таго, пракуратура вынесла ім пад нашым узьдзеяньнем папярэджаньне аб тым, што гэта незаконная дзейнасьць да распрацоўкі й зацьверджаньня праекту ахоўных зонаў. Праект ахоўных зонаў быў разгледжаны на архітэктурнай радзе пры галоўным архітэктары Менску. Там ёсьць шэраг заўвагаў. Акрамя таго, праект павінен быць разгледжаны галоўным архітэктарам Менскага аблвыканкаму”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі законныя прапановы ўкладваць грошы ў будаўніцтва?”

(Чарняўскі: ) “Яны незаконныя. Па-першае, людзей уводзяць у зман. Яны могуць трапіць у такую прававую калізію, калі аддадуць свае грошы, а выявіцца, што будаўніцтва будзе забароненае законам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG