Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЫСЛОЎЦЫ ПРАДПРЫЕМСТВА “ПРАЕКТРЭСТАЎРАЦЫЯ” РАСПРАЦАВАЛІ ПРАЕКТ АХОЎНЫХ ЗОНАЎ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

На замову Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў адмыслоўцы ўнітарнага прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Вольга Кукуня і Тацяна Косьціч распрацавалі праект ахоўных зонаў Курапатаў. Адметна, што зрабілі яны гэтую справу бясплатна, у свой вольны час.

Навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная тлумачыць для Радыё Свабода, дзеля чаго патрэбны праект ахоўных зонаў:

(Кляшторная: ) “Праект ахоўнай зоны ўключае ў сябе сам помнік і зоны, якія прылягаюць да гэтага помніку. У гэтых зонах нельга весьці ніякую забудову, і можна вырашаць пытаньні толькі з тымі аб’ектамі, якія непасрэдна датычаць помніку. Праект ахоўных зонаў павінен быць зацьверджаны навуковай радай Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі. Трэба прайсьці і пэўнае ўзгадненьне. Без праекту ахоўных зонаў нельга было разглядаць у гэтым раёне ніводнай забудовы, якая падыходзіць блізка да Курапатаў. Тут ужо парушэньні ёсьць. І аўтазапраўка, і “Аквабел”, катэджныя забудовы”.

Калі праект ахоўных зонаў будзе прыняты, то гэтыя межы мусяць быць нанесеныя на ўсе мапы забудовы ў раёне, тлумачыць Мая Кляшторная.

Мастацтвазнаўца Вольга Кукуня зрабіла гістарычнае дасьледаваньне тэрыторыі, на якой знаходзіцца цяпер Курапаты. Упершыню гэтая мясьціна ўзгадваецца ў 16 стагодзьдзі. Разам з аўтаркай праекту Тацянай Косьціч яны вызначылі й нанесьлі на мапу тую дарогу, якой калісьці везьлі людзей на расстрэл у Курапаты (тады гэтая мясьціна называлася Брод). Гаворыць Вольга Кукуня:

(Кукуня: ) “Мы пралічылі дзьве дарогі, які там былі яшчэ з 16 стагодзьдзя. Гэта Лагойскі тракт і дарога “Менск–Цна–Малінаўка”. Астатнія ўсе дарогі мы датуем 18-м стагодзьдзем. Потым зьявілася дарога Калодзішчы–Заслаўе, і — апошняя дарога, якія шмат зьмяніла й шмат чаго зьнішчыла, гэта кальцавая дарога 1959 году. Мы падсумавалі ўсе гэтыя зьвесткі, зьвярнуліся да ўспамінаў, якія былі надрукаваныя ў дзьвюх кнігах пра Курапаты, і тады пралічылі гэтую апошнюю дарогу, якая вяла ад турмы на вуліцы Савецкай (цяперашнім праспэкце) да гэтага лесу”.

Сёньня ж навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная разам з аўтарамі праекту перадалі дакумэнт галоўнаму архітэктару Менску Аляксандру Чадовічу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG