Каля дзесяці актывістаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ сёньня добраўпарадкавалі тэрыторыю Курапатаў. Адначасова зь імі высякалі кустоўе й прадстаўнікі Ждановіцкага лясьніцтва.
(Радзюк: ) “Нешта ўкусіла іх, што прыйшлі дапамагаць. Уладзе трэба паказаць, што яна неабыякавая да гэтага ўсяго”.
(Уладзімер Юхо: ) “Сказалі, што трэба ім усё прыбраць, там дзе крыжы. Я зьдзіўляюся, чаму гэта? Абяцалі сёньня тэхніку прыслаць, машыны. Прыбіраць будуць тут усё, хаця мы пасьля сябе ўсё і гэтак на поле выносім”.
Мой наступны сурозмоўца – Алег са Ждановіцкага лясьніцтва:
(Алег: ) “Прыбіраем хмызьняк, сьмецьце. Мы прыехалі прыбіраць у аўторак, ды сюды нас не пусьцілі, сказалі, што “ўсё самі прыбярэм”. Думалі, што мы прыехалі ўсё высякаць. Нам проста трэба было прыбраць дрэнныя дрэвы, сьмецьце, кустоўе, каб быў выгляд, як у парку”.
Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная гаворыць, што канфлікт, які паўстаў паміж актывістамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і лясьніцтвам, можна лічыць вычарпаным.
(Кляшторная: ) “Магу сказаць толькі, што канфлікт наконт таго, што ў Курапатах будуць уздоўж дарогі высякацца дрэвы, увогуле ілжывы. Таму як дырэктар леспаркгасу – ён жа гаспадар гэтай тэрыторыі, ім падпісваліся ахоўныя абавязацельствы – увогуле ў сваіх плянах гэткага й ня меў. Будаўнікам таксама гэтае ўвогуле ані для чога не патрэбна. Дырэктар лесапаркавай гаспадаркі адно толькі лічыць сваім абавязкам падтрымліваць тут парадак”.
Але крыху інакш лічыць прэсавы сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Валер Буйвал:
(Буйвал: ) “Людзі не забываюцца пра нашую сьвятыню. Будзем рыхтаваць месца для новага крыжаўзьвіжаньня, прыбіраць тэрыторыю Народнага мэмарыялу й глядзець, што тут нарабілі гэтыя барбары. Таму што на працягу мінулага тыдня ўсё яны імкнуліся тут, як быў іхны сатанінскі выраз, “прыбраць сьмецьце”. Гэта значыць, крыжы, якія стаяць на ўскрайку дарогі, – для іх сьмецьце. У Курапатах павінна быць заўсёды хрысьцяінская прысутнасьць”.
Сёньня ў Курапатах актыўна працаваў Алег Радзюк. Ён мяркуе, што ўлады ўжо ня здолеюць зруйнаваць нацыянальны нэкропаль. Але варта цяпер уздымаць іншыя пытаньні.
(Радзюк: ) “Зьнішчыць ужо ніяк ня могуць, як бы не намагаліся. Іншая справа, што ўсё роўна трэба даведацца, хто забіваў. Вось у чым галоўнае пытаньне. І наладзіць суд, каб яны ведалі, што ніхто не застанецца непакараным. Вось гэтае галоўнае”.