У Менску вельмі сьпякотна, многія людзі на выходныя пакідаюць горад, і, відаць, таму сёньня ў Курапаты на штосуботнюю талаку прыйшло няшмат актывістаў КХП БНФ. Тым ня менш тыя некалькі чалавек, што прыйшлі, адразу ўзяліся за працу. Людзі прыбіралі сьмецьце, касілі траву каля курапацкіх магілаў, а таксама абмяркоўвалі, што рабіць з трубамі, якія будаўнікі хочуць пракласьці праз мэмарыял.
Нагадаю, што ў чацьвер у Курапаты былі прывезеныя бэтонныя трубы для пракладкі праз галоўную пляцоўку мэмарыялу водаадводу, празь які ў рэчку Цна мусіць сыходзіць талы сьнег і дажджавая вада. Пры гэтым кіроўцы машынаў з трубамі пакінулі на галоўнай пляцоўцы глыбокія сьляды ад колаў і пашкодзілі брук каля Крыжа пакутаў.
Абураныя актывісты КХП БНФ заявілі, што не дапусьцяць пракладкі праз Курапаты воднага калектару, пра што паведамілі ў сваім адмысловым лісьце Савету міністраў Беларусі. А навуковая кіраўнічка мэмарыялу Курапаты Мая Кляшторная напісала скаргу ў дэпартамэнт па захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны з патрабаваньнем спыніць у Курапатах любыя работы.
Добраахвотнікі з КХП БНФ і Хрысьціянскай злучнасьці “Курапаты” цяпер штодня дзяжураць ва ўрочышчы, некалькі дзён таму да іх далучыліся й актывісты Маладога Фронту. Сёньня ў Курапатах дзяжурыла Іра Вяткіна, якая ўдзельнічала ў 250-дзённай абароне мэмарыялу. Яна сказала, што кіраўніцтва Маладога Фронту прыняла рашэньне распачаць штодзённыя дзяжурствы ў Курапатах, каб не дапусьціць пракладкі трубаў — інакш, на думку валанцёраў, іхная 250-дзённая абарона была б дарэмнай.
Тым часам Курапаты сталі вельмі часта наведваць групы турыстаў-пілігрымаў з Польшчы й Нямеччыны. На мінулым тыдні ў Курапатах пабывала група немцаў. А польскія пілігрымкі, якія едуць транзытам празь Беларусь у Катынь, абавязкова спыняюцца ў Курапатах. Прыяжджаюць і беларусы — прычым з далёкіх экзатычных краінаў.
Адказны сакратар управы КХП БНФ Уладзімер Юхо распавёў, што ўчора ў Курапаты прыйшоў сталага веку чалавек, які ў часе вайны разам зь сям’ёй пакінуў Беларусь і апынуўся ў Бразыліі. Цяпер ён прыехаў у госьці да сваякоў і лічыць сваім маральным абавязкам наведаць Курапаты, бо ня выключае, што ў гэтым месцы могуць ляжаць і ягоныя расстраляныя родныя.