Курапацкі лес уражвае наведнікаў цішынёй і спакоем. Скошаная трава на магілах і ўздоўж Алеі Крыжоў, ля лавы Клінтана ляжаць сухія чарніцы, сьвечкі на магілах, сьпяваюць птушкі. Я сустрэла ва ўрочышчы Ўладзімера Юхо й Генадзя Дранковіча. Амаль штодня яны наведваюць Курапаты, абыходзяць лясны масіў уздоўж і поперак, сочаць за тым, як ідзе будаўніцтва дарогі.
Распавядае сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:
(Юхо: ) “Апошнія дні тут усё спакойна. Тынкуецца танэль для пераходу. Мусіць, будзе разглядацца пытаньне наконт дрэнажу ў гэтым месцы. Гэта непакоіць нас. Сьмецьце падвезьлі з боку бэтонкі й скінулі. Вось я сёньня бачыў з таго боку. Прыйдзецца на талацэ прыбіраць. Што цікава, многа людзей прыходзіць сюды, ведаюць. Вэтэраны прыходзяць, каб пасядзець на лавачцы Клінтана, нават капялюш ня здымаюць. А проста сталыя людзі прыходзяць, я гляджу, здымаюць капялюш, ведаюць, што гэта за месца — Курапаты”.
Сябар Беларускай партыі свабоды, адзін з найбольш актыўных удзельнікаў вахты памяці Генадзь Дранковіч распавёў для Радыё Свабода пра тое, як вядзецца партуляваньне ў Курапатах.
(Дранковіч: ) “Патруляваньне вядзецца і ўдзень і ўначы”.
(Карэспандэнтка: ) “Як уначы?”
(Дранковіч: ) “Уначы таксама часам прыяжджаюць людзі, глядзяць, каб тут было ўсё ў парадку. Пасьля таго інцыдэнту, як вырвалі тыя крыжы, больш нічога падобнага не было. Там яшчэ наверсе адзін крыж быў зламаны. Адзінае што — людзі ідуць сюды на шашлыкі, выгульваюць сабак. Пачынаеш ім тлумачыць, дык яны гавораць, што тут нідзе не напісана, што гэта забаронена”.
(Карэспандэнтка: ) “Якімі сіламі ладзіцца патруляваньне? Гэта тыя ж самыя людзі, якія несьлі ў Курапатах вахту памяці, ці, як абяцалася, да іх далучыліся іншыя добраахвотнікі?”
(Дранковіч: ) “Далучылася вельмі мала людзей . У асноўным, гэта тыя, хто былі тут. Я адказваю за прадстаўнікоў Беларускай партыі свабоды”.
У часе майго апошняга наведваньня Курапатаў два тыдні таму, будаўнікі ўсталёўвалі шумазасьцерагальную бэтонную сьценку ўздоўж дарогі з боку мікрараёну. Цяпер чамусьці яе прыбралі. Як мяркуюць некаторыя будаўнікі, з прычыны эканоміі. Цяпер рабочыя заканчваюць рабіць пляцоўку пад аўтастаянку блізу ўрочышча. Галоўны інжэнэр упраўленьня Магілёўскага будаўнічага трэсту Мікалай Загародны распавядае, як будзе выглядаць гэты ўчастак дарогі:
(Загародны: ) “Дарожка будзе наўпрост да вашага мэмарыялу. Потым яшчэ адна пойдзе да капліцы. З пліткі. Прыгожа ўсё будзе. Вы паглядзіце, і вам будзе крыху няёмка за тое, што вы ў свой час перашкаджалі нам тут працаваць”.
(Карэспандэнтка: ) “Я перашкаджала?”
(Загародны: ) “Таксама”.