Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАЦКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА СПЫНЕНЬНЯ НАЧНОЙ ВАРТЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньня днём у Курапатах заставаліся тры валанцёры, але мінулую ноч тут дзяжурылі 12 чалавек. Паводле іхных словаў, ноч прайшла спакойна, калі ня ўлічваць, што ў Курапацкім лесе праз дарогу ад лягеру начную пагулянку з музыкай і песьнямі наладзіла група моладзі. Да валанцёраў яны не чапляліся, а пасьля сябе пакінулі гару бруду і пустых пляшак, таму абаронцы лічаць, што гэта былі звычайныя выпівохі, якія з надыходам цяпла сюды прыходзяць усё часьцей.

Затое цалкам сплянаванай акцыяй, скіраванай на запалохваньне валанцёраў, яны лічаць спробы невядомых людзей штоночы выкопваць крыжы, усталяваныя вакол урочышча. Гавораць маладафронтаўцы Вераніка Лаеўская й Сяржук Мацкойць:

(Лаеўская: ) “Крыжы вакол Курапатаў выкопваюць ноччу. Некаторыя пакідаюць так, а некаторыя з сабой забіраюць. Гэта наўмысна робіцца. Напэўна, хочуць запалохаць, каб мы хутчэй адсюль сышлі. А калі мы адсюль сыдзем, то невядома што тут будзе”.

(Мацкойць: ) “Мы пераходзім на іншую форму аховы Курапатаў — патруляваньне. Будзем тут прыбіраць сьмецьце і ганяць так званых шашлычнікаў, і наогул сачыць за парадкам, бо гэтае месца без нагляду пакідаць нельга. Цалкам верагодна, што калі мы здымем начную варту, то можна чакаць любых правакацыяў, як з боку ўладаў, так і з боку будаўнікоў. Ня выключана, што яны зноў палезуць сюды з тэхнікай ці пачнуць высякаць лес. Гэтай уладзе даверу ўжо няма”.

Вандалы й невядомыя шкоднікі ў Курапатах актывізаваліся толькі з надыходам цяпла. Затое людзі, чые сваякі былі тут расстраляныя, альбо закатаваныя падчас рэпрэсіяў далёка ад Беларусі, прыходзяць і прыяжджаюць у курапацкі лес з самага пачатку варты. Сёньня тут былі спадарыня Ала й Ніна Касінюк.

(Ала: ) “Мы часта тут бываем. У мяне тут расстраляныя дзядзька і цётка. Лічу, што Курапаты — сымбаль нашых пакутаў. Мы зараз прайшлі, дык здаецца, што й сосны неяк па-асобаму шэпчуцца паміж сабой, і птушкі ня так сьпяваюць — неяк сумна і балюча. Гэта напамін нам пра трагедыю 1937 году, пра зьдзекі бальшавікоў з нашага народу”.

(Касінюк: ) “У мяне родныя ня тут, а ў Краснаярскім краі, але ж туды ня дойдзеш. Дык я сюды прыходжу, бо тут людзі гэткія ж, як і мае родныя. І гэтае месца абавязкова трэба захаваць, бо сорам будзе ўсім нам, асабліва ўладам, калі не ўшанаваць гэтае месца”.

Сёньня валанцёры працягвалі прыбіраць тэрыторыю вакол лягеру, каб заўтра быць гатовымі да закрыцьця начной варты. Яны вельмі шкадуюць, што давядзецца здымаць з флагштоку бел-чырвона-белы сьцяг, які цяпер прыгожа лунае і відаць далёка на падыходзе да Курапатаў. Слухаем Вераніку Лаеўскую й Сяржука Мацкойця:

(Лаеўская: ) “Вельмі сумна, што сьцяг давядзецца здымаць, бо калі яго пакінуць, то яго адразу здымуць. Шкада, бо гэтае месца сьвятое і сьцяг тут павінен быць. Ня ведаем, што рабіць”.

(Мацкойць: ) “Сьцяг тут трымаўся ўвесь час. Нават у самыя цяжкія дні, калі было зьбіцьцё, калі згарэў намёт, калі арыштоўвалі людзей. Урочышча заставалася бязь сьцяга літаральна некалькі гадзінаў. І таму гэты сьцяг ўвасабляе веру моладзі ў лепшае будучае”.

Урачыстае закрыцьцё начной варты ў Курапатах адбудзецца заўтра а 14-й гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG