Мастак Рыгор Кійко летась у верасьні адным зь першых пачаў рабіць і ўсталёўваць у Курапатах крыжы. Усяго тады ён змайстраваў зь бярвеньняў больш за дваццаць вялікіх крыжоў. 8 лістапада ў часе вядомых падзеяў Рыгора Кійко й ягоную дачку Лілію жорстка зьбілі амонаўцы, а потым суд прызначыў мастаку выплаціць штраф прыкладна на 100 даляраў.
Мастак актыўна працуе на талоках дзеля ўпарадкаваньня Курапатаў. Вось і сёньня раніцай разам зь сябрамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ён прыйшоў у Курапаты, каб апрацаваць адмысловымі рэчывамі крыжы, якія былі ўсталяваныя ўздоўж курапацкай прасекі.
(Кійко: ) “За паўгода мы ўсталявалі алею, у якой больш за сто крыжоў. Нас кансультуюць мастакі з суполкі “Пагоня”. Шмат крыжоў у саміх Курапатах — усталявана больш за 200 крыжоў. Людзі прыватна прывозяць, ёсьць крыжы з Польшчы і зь Літвы, таму што там ведаюць, што шмат іх людзей зьнішчылі ў Беларусі. Калі раней нельга было пазнаць, што тут месца расстрэлаў ахвяраў рэжыму, то цяпер людзі вельмі ўражаныя, што месца ўпарадкаванае. І таму я лічу, што гэта плённая праца”.
У Рыгора Кійко, як і ў многіх беларусаў, родныя пацярпелі ад сталінскіх рэпрэсіяў.
(Кійко: ) “Можа, хто-небудзь тут пакоіцца. Мой дзядзька, старэйшы брат майго бацькі, загінуў перад вайной. У матчыным родзе шмат людзей таксама пацярпелі. Таму гэта сьвятая справа — тут працаваць, каб усё ж нашыя дзеці ведалі, што тут адбывалася, бо тут не адзінкі, а гонар нацыі беларускай зьнішчалі. І таму вельмі цяжкі шлях у нас да свабоды”.
Рыгор Кійко мяркуе, што ў Курапатах ня трэба ўзводзіць вялізных збудаваньняў, ва ўрочышча цяпер натуральна паўстае мэмарыял з крыжоў. Рыгор Кійко з павагай ставіцца да кругласутачнай вахты памяці моладзі ў Курапатах.
(Кійко: ) “Цяпер ужо можна гэтую вахту памяці спыніць, але трэба весьці дагляд. Уначы тут нічога ня здарыцца, а вось удзень трэба прыходзіць, бо будаўнікі працуюць, яны хочуць пракласьці трубу якраз ля Крыжа Пакуты. А начную вахту тут павінна несьці міліцыя, бо гэта іх непасрэдны абавязак. Гэта мэмарыял, які ахоўваецца дзяржавай”.
Сёньня я засьпела ў Курапатах Алега Радзюка разам зь ягонай васьмігадовай дачкой Барбарай.
(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, што гэта за месца — Курапаты?”
(Барбара: ) “Тут пахаваныя нашыя дзяды й прадзеды. Іх забіла зладзейская акупацыя”.
(Карэспандэнтка: ) “А чаго вы з бацькам сёньня сюды прыйшлі, што будзеце рабіць?”
(Барбара: ) “Замалёўваць крыжы”.
Да заканчэньня кругласутачнай вахты памяці моладзі ў Курапатах засталося тры дні. На адным з дрэваў у Курапатах вісіць ўлётка з паведамленьнем, што 3 чэрвеня а другой гадзіне адбудзецца мітынг і шэсьце ад Курапатаў.