Мастак Васіль Шаранговіч упэўнены, што ня трэба абвяшчаць конкурс на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах:
(Шаранговіч:) "Я лічу, што гэта шлях у нікуды. Я глыбока ўпэўнены, ужо маючы горкі вопыт правядзеньня гэтых конкурсаў. Трэба менавіта з маладых творцаў з новым мастацкім мысленьнем стварыць рабочую групу, выпрацаваць канцэпцыю, а яна, гэтая канцэпцыя ўжо лунае ў паветры, яна патрабуе толькі мастацкага ўвасабленьня. Калі гэта будзе прынятае, ня трэба ніякіх конкурсаў.
Другая справа — менавіта шырокае абмеркаваньне з удзелам прадстаўнікоў розных канфэсій, грамадзкасьці, інтэлігенцыі, навукоўцаў, гісторыкаў. Вось гэта — шлях, які можна рэалізаваць”.
Васіль Шаранговіч узгадвае падзеі дзесяцігадовай даўніны й конкурс на стварэньне мэмарыялу ў Курапатах, журы якога ён узначальваў, і праекты, якія тады прапаноўваліся. У большасьці, мяркуе народны мастак, яны не адпавядалі самой ідэі курапацкіх могілак і ўяўлялі сабой жалезабэтонныя канструкцыі, выкананыя ў рэалістычным стылі. Але Васіль Шаранговіч збольшага зьвязвае безвыніковасьць конкурсу з тым, што ён адбываўся, так бы мовіць, на пераломе часу, калі ў Беларусі зьмянялася ўлада. Адметна, што менавіта тады зьявілася разуменьне таго, які мэмарыял мусіць быць у Курапатах. Гаворыць Васіль Шаранговіч:
(Шаранговіч: ) "Я быў ініцыятарам правядзеньня яшчэ аднаго, нават ня конкурсу... Я проста папрасіў маладога скульптара Валяр'яна Янушкевіча, мяркуючы, што напэўна малады чалавек можа гэта зрабіць бліжэй да нашага разуменьня... Што ж такое Курапаты? Гэта могілкі бязьвінна загінуўшых і невядомых людзей. Што такое могілкі ў разуменьнні народу? Гэта месца пахаваньня, якое мае агароджу, капліцу й браму. Валяр'яну Янушкевічу быў прапанаваны тады менавіта такі падыход".
Васіль Шаранговіч мяркуе, што гэтую ідэю пасьля пэўнага ўдасканаленьня і трэба ажыцьцявіць:
(Шаранговіч: ) "Хацелася б, каб не паўтарылася тое, што ўжо было, каб мы сапраўды ўвекавечылі памяць. А зрабіць гэта могуць толькі маладыя, таленавітыя скульптары й архітэктары — той жа Валяр'ян Янушкевіч, які ўжо працаваў і ўжо адчуў гэтую тэму. У нас ёсьць Аляксандар Дранец, Павал Лук. Я магу назваць шмат таленавітых людзей, якія б маглі ўдзельнічаць у стварэньні такога мэмарыялу, якія маюць і мастацкую падрыхтоўку, і талент, і сучаснае мысьленьне. І гэта людзі, якія сапраўды любяць сваю Радзіму, сапраўдныя патрыёты".
Васіль Шаранговіч мяркуе, што галоўнае цяпер — арганізацыйная праца. Паводле народнага мастака Беларусі, неабходна, каб усе творчыя людзі, якіх хвалюе лёс нацыянальнага нэкропалю, забыліся пра ўласныя амбіцыі і супольна прыклалі ўсе намаганьні, каб нарэшце ў Курапатах быў зроблены сапраўдны мэмарыял.