Сёньня канчаткова прынятая канцэпцыя Мэмарыялу ахвяраў палітычных рэпрэсіяў "Курапаты" — менавіта з такой назвай пагадзілася большасьць удзельнікаў сустрэчы. Нагадаю, што грамадзкае абмеркаваньне канцэпцыі вядзецца ўжо некалькі месяцаў. Гаворыць мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч:
(Трыгубовіч: ) "Фактычна гэта ўсё як пачалося ад верасьня, так увесь час і выказваліся думкі пра тое, як будзе выглядаць мэмарыял, які, у чым усе ўпэўненыя, павінен там быць. Гаворкі пра мэмарыял вяліся адразу ж зь першых дзён, як толькі праўда пра Курапаты сталася вядомая шырокай грамадзкасьці. Спадзяюся, што на гэты раз давядзем да лягічнага завяршэньня".
Цягам гэтага тыдня канцэпцыя будзе абмеркаваная ў розных палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях. Плянуецца, што 1 красавіка адбудзецца яе падпісаньне прадстаўнікамі гэтых арганізацыяў, пасьля канцэпцыя будзе дасланая прэм'ер-міністру Беларусі Генадзю Навіцкаму. Працягвае каардынатарка грамадзкай ініцятывы "За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты" Ірына Жыхар:
(Жыхар: ) "Мы будзем зьвяртацца ў Савет Міністраў, бо толькі ён на сёньняшні дзень мае паўнамоцтвы стварыць Рэспубліканскую камісію з удзелам дзяржаўных чыноўнікаў і творчай інтэлігенцыі, куды будуць уключаныя сябры грамадзкіх арганізацыяў і грамадзкіх ініцыятываў, якія былі створаныя яшчэ летась у верасьні.
Мы бачым цяпер сытуацыю з гімнам. Грамадзкасьць можа ўдзельнічаць. Калі грамадзкасьць не прысутнічае там, дзе прымаюцца канчатковыя рашэньні, то яна бывае не задаволеная гэтымі рашэньнямі. А калі ўжо грамадзкасьць вылучыла сваіх прадстаўнікоў у той орган, які прымае канчатковыя рашэньні — гэта зусім іншая сытуацыя, і давер да канчатковага рашэньня значна вышэйшы".
З канцэпцыяй мэмарыялу не пагадзіліся сябры Беларускай партыі свабоды, якія прысутнічалі сёньня на паседжаньні. Лідэр партыі Сяржук Высоцкі прапанаваў свой варыянт прэамбулы да канцэпцыі, які ня быў прыняты на паседжаньні.
(Высоцкі: ) "Мы ня лічым, што гэты дакумэнт павінен быць залішне мяккім да ўлады, бо па апошніх падзеях відаць, што свае абяцанкі ўлады вельмі хутка забіраюць назад. Нам не патрэбныя тут мільённыя датацыі. Фактычна трэба пабудаваць агароджу й браму — на гэта не патрэбныя мільёны даляраў..."
(Карэспандэнтка: ) "Вы мяркуеце, што ня трэба зьвяртацца да прэм'ер-міністра?"
(Высоцкі: ) "Не. Я лічу, што ад уладаў патрэбнае проста прызнаньне, на якім можна будзе грунтавацца. Як улада разгледзіць — вельмі станоўча ці вельмі адмоўна? Трэба разумець, што гэта часовая ўлада".