Амаль штодня хто-небудзь прыходзіць наведаць Курапаты й падтрымаць валанцёраў. Сёньня я засьпела ў лягеры пэнсіянэра спадара Васіля. Першы раз ён трапіў у Курапаты ў 1988 годзе на Дзяды, з тых часоў наведвае ўрочышча некалькі разоў на год.
(Васіль: ) "Гэтае памятнае месца павінна быць у сэрцы кожнага беларуса".
(Карэспандэнтка: ) "Скажыце, калі ласка, можа, хто-небудзь з Вашых родных пацярпеў ад палітычных рэпрэсіяў?"
(Васіль: ) "Стрыечны дзядзька быў высланы на Беламорканал... Тут у Курапатах павінен быць нейкі добры помнік. Гэтую мясьціну трэба наведваць хаця б некалькі разоў на год — калі памінаюць памерлых продкаў — на Радаўніцу й на Дзяды".
Некаторыя валанцёры з прычыны пастаяннага дзяжурства ў Курапатах згубілі працу альбо былі адлічаныя з навучальных установаў. І сёньня актывісты Васіль і Цімур адшукалі кампрамісны варыянт працаўладкаваньня. Распавядае добраахвотнік Дзяніс:
(Дзяніс: ) "Гэтае месца стала такім звыклым для хлопцаў, што яны тут жывуць, можна сказаць. Знайшлі нават працу паблізу на рынку "Аквабел", будуць працаваць там цягам дня грузчыкамі, а вечарам вяртацца сюды".
Валанцёраў падтрымалі кінэматаграфісты са студыі "Тацяна" і рэжысэр Юры Хашчавацкі.
Я заўважаю на стале ў валанцёраў місу з вінэгрэтам. Гэта — пачастунак ад жанчын з кінэматаграфічнай студыі "Тацяна", якія надоечы наведалі лягер валанцёраў, тлумачыць мне Антось Шкурынскі.
(Шкурынскі: ) "Прыходзіла жанчына са здымачнай групы "Тацяна" й прынесла нам вячэру — рыбу, вінэгрэт, бліны. Абяцалі прыйсьці ўсёй групаю. Калі — ня ведаю. І яшчэ яны прынесьлі пірог ад рэжысэра Юр'я Хашчавацкага. Вельмі смачны пірог з тварагом і курагой. Дзякуй яму. Хай сам прыходзіць..."
Акрамя кінэматаграфістаў, валанцёрам вырашыў дапамагчы й старшыня фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы. Ён паабяцаў сёньня прывезьці абаронцам Курапатаў новую вопратку й абутак.