У “Лісьце да моладзі, што пільнуе Курапаты” Зянон Пазьняк піша: “Я б вам параіў, усім маладым патрыётам Беларусі, гуртаваца шырэй у справе аховы Курапатаў. Народны Мэмарыял вымагае ў цяперашніх умовах комплекснага дагляду і пільнаваньня. Бо небясьпека падсьцерагае Курапаты ня толькі з боку рэжыму, але і з боку карысьлівых людзей ягонай “апазыцыі”, што навучыліся існаваць за кошт імітацыі палітычнай дзейнасьці.
Крытэр тут адзін, і ім трэба кіравацца: у Курапатах нічога нельга будаваць (ні дарог, ні пляцовак, ні бункераў, ні іншых пабудоваў, ні савецкіх “мэмарыяльных комплексаў”, ні цэркваў, ні касьцёлаў, ні мячэтаў ды сынагог. Тут не павінна быць ніякага бэтону, асфальту ды жалезьзя). Курапаты ўжо ёсьць Народны Мэмарыял. Ён існуе. Гэта магілы, лес і крыжы. І кожны тут можа паставіць свой памятны крыж. Гэта наша народная традыцыя. Так адзначаецца наша памяць”, – піша Зянон Пазьняк, старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.